РУС БЕЛ ENG 中文

У 3-й школе Скідзеля мерапрыемствы Года беларускай жанчыны ператварылі ў яркі вучэбны эксперымент

16.03.2026

Яркай падзеяй у сярэдняй школе № 3 Скідзеля імя Я.М.Шаўчэнкі, што ў Гродзенскім раёне, стаў тыдзень пачатковых класаў, калі школьныя калідоры пера­тварыліся ў пляцоўку для творчасці, гістарычных адкрыццяў і эмацыянальнага дыялогу. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Тыдзень стартаваў з экскурсіі ў рэсурсны цэнтр эфектыўных педагагічных практык па выхаванні духоўна-маральных каштоўнасцей, якую правялі… першакласніцы. Пад кіраўніцтвам сваёй настаўніцы Алы Іадкоўскай і пры падтрымцы бацькоў дзяўчынкі ўпэўнена расказвалі пра беларускіх святых, іх ролю ў гісторыі і значэнне для сённяшняга пакалення.

— Спачатку хвалявалася за вынік, — прызнаецца кіраўнік абласнога рэсурснага цэнтра нас­таўніца пачатковых класаў Ала Іадкоўская. — Але калі ўбачыла, як упэўнена трымаюцца нашы юныя экскурсаводы, як гараць у іх вочы… Яны не проста запомнілі факты, а прапусцілі іх праз сваё дзіцячае, чыстае ўспрыманне.

Педагогам, якія сумняваюцца, ці варта давяраць сямігодкам публічныя выступленні, яна раіць узяць на заметку: калі дзіця становіцца носьбітам ведаў, а настаўнік — мадэратарам, адбываецца амаль што цуд. Публічныя навыкі, якія звычайна актыўна развіваюцца ў старшых класах, фарміруюцца самі сабой.

— Гэтая экскурсія стала першым крокам дзяцей да асэнсавання таго, што ў нашай краіны ёсць глыбокія духоўныя карані і свае нябесныя заступніцы, — працягвае Ала Уладзіміраўна.

Разважаючы над сэнсам паняццяў “дабрыня”, “адвага”, “вера”, “прыгажосць душы”, “любоў да роднай зямлі”, вучні стваралі калажы з любімых цытат.

— Гэта быў майстар-клас па асэнсаванні. З дапамогай творчасці дзеці прапусцілі праз сябе тыя высокія ідэі, пра якія пачулі ад нашых юных экскурсаводаў. Яны не проста запомнілі, што святыя былі мудрымі — яны самі, сваімі рукамі, сабралі вобраз гэтай мудрасці з тых цаглінак-слоў, якія ім адгукнуліся, — адзначае Ала Іадкоўская.

Цікавы прыём: створаныя падчас майстар-класа калажы педагог назвала дыванамі-самалётамі, якія павінны здзейсніць удалую пасадку ў сем’ях першакласнікаў. І разважанні педагогаў, вучняў удалай праекцыяй леглі ўжо ў сямейную сістэму каардынат.

— Наступныя дні мы прысвяцілі жанчынам-франтавікам і спартсменкам. І тут таксама звярнуліся да тых форм работы, якія прадугледжваюць максімальнае далучэнне дзяцей. Напрыклад, пасля тэматычнай гутаркі пісалі падзячныя лісты нашчадкаў героям Вялікай Айчыннай вайны і складалі іх у франтавы трох­вугольнік. Або стваралі агульны плакат-падтрымку для беларускіх спартсменак — удзельніц зімовай Алімпіяды ў Італіі, — працягвае педагог.

Тэма спорту, дарэчы, атрымала працяг у тэме здаровага ладу жыцця. У 1 “А” класе з’явілася нават аўтарская кулінарная кніга з рэцэптамі здаровых перакусаў. Кожная сям’я падзялілася сваімі сакрэтамі карыснага харчавання. Дзеці з вялікім энтузіязмам уключыліся ў праект. На спецыяльных лістах яны разам з бацькамі стварылі яркія кулінарныя карты: на ёй і маляўнічыя фотаздымкі апетытных фруктовых шашлычкоў, і аплікацыі з агародніны ў выгля­дзе пацешных чалавечкаў, і цікава аформленыя пакрокавыя рэцэпты. Кожны юны шэф-кухар з гордасцю расказваў аднакласнікам, як называецца яго страва, з чаго яна зроблена і чаму яна карысная і смачная.

Эмацыянальнай кульмінацыяй тыдня стаў дзень творчасці. Дзеці прадстаўлялі на сцэне вершы, малюнкі і вырабы, прысвечаныя мамам. Акцэнт — на выставе “Рукі маёй мамы”, дзе кожнае паказала, чым займаецца яго матуля: ад урача да творчага майстра.

— Асобасна арыентаваны падыход дазваляе дзецям усвядо­міць ролю дарослых у сваім жыцці і тым самым умацоўвае сямейныя каштоўнасці. А пуб­лічнае прызнанне ўзмацняе павагу да бацькоў і фарміруе пачуццё падзякі, якое лёгка пераносіцца ў школьны кантэкст, — тлумачыць сутнасць задумы Ала Іадкоўская.

Фінальным акордам быў музычны вечар. І, вядома, яскравы акцэнт — цырымонія ўзнагароджання. Гэта важны матыватар для вучняў удзельні­чаць у будучых праектах. Школьнікі зразумелі: уклад кожнага каштоўны.

— Мерапрыемствы тыдня даказалі, што ў малодшых класах можна арганізаваць насычаную, шматпланавую праграму, дзе гіс­торыя, мастацтва, спорт і сямейныя каштоўнасці пераплятаюцца ў адзіным вучэбным патоку. Педагогі могуць адаптаваць гэтыя тэмы пад свае ўмовы. Галоўнае — памятаць, што сімфонія для мам гучыць лепш, калі кожнае дзіця ўносіць у яе сваю нотку, — падсумавала Ала Уладзі­міраўна.

Парады па арганізацыі тэматычнага тыдня ў пачатковых класах

Дайце вучням магчымасць пабываць у ролі экспертаў. Дазвольце ім весці экскурсіі, майстар-класы. Гэта павышае ўпэўненасць і развівае навыкі камунікацыі.

Звязвайце вучэбны матэрыял з рэальнымі героямі і па­дзеямі. Гісторыі спартсменак, урачоў, навукоўцаў робяць абстрактныя паняцці пра ўклад жанчын адчувальнымі.

Стварайце сумесныя творы: калажы, плакаты, кулінарныя кнігі. Яны не толькі аб’ядноўваюць, але і выхоўваюць нават за межамі школы.

Не забывайце пра эмацыянальны настрой. Паэтычныя фестывалі і канцэрты дазваляюць дзецям выка­заць свае пачуцці, што спрыяе іх духоўна-маральнаму развіццю.

Замацоўвайце вынікі публічна. Узнагароджанні, выставы і канцэрты паказваюць, што праца дзіцяці цэніцца, а зна­чыць, яно будзе імкнуцца да новых дасягненняў.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: