Калі побач мудры сябар. Вольга Магільніцкая з Лідскага раёна — пра тонкасці класнага кіраўніцтва
16.03.2026Вольга Магільніцкая ўсе 15 гадоў выкладання гісторыі і грамадазнаўства ў Першамайскай сярэдняй школе Лідскага раёна сумяшчае з класным кіраўніцтвам. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Адказваючы на пытанне пра галоўныя якасці кіраўніка класа, Вольга Іосіфаўна разважае:
— Класны кіраўнік — гэта ў першую чаргу сябар, інакш дзеці не звернуцца да яго па дапамогу. Прычым сябар мудры, бо ён павінен умець выбудаваць субардынацыю ў зносінах, даць слушную параду дзіцяці і адчуць, калі гэтая парада патрэбна дзіцяці. А яшчэ класнаму кіраўніку важна ўмець напаўняць школьныя будні дзяцей яркімі эмацыянальнымі момантамі, успаміны пра якія застануцца з імі на доўгія гады.
Такіх момантаў у школьным жыцці маёй суразмоўніцы і яе вучняў мноства.
— Стараюся выхоўваць дзяцей добрымі, спагадлівымі людзьмі, а яшчэ дапытлівымі вандроўнікамі. Напрыклад, у нас з класам ёсць традыцыя кожны год хадзіць у летні турпаход. Як правіла, пачынаючы з 5 класа, гэта трохдзённыя падарожжы. Для іх мы выбіраем самыя цікавыя месцы, у якіх захаваліся гістарычныя славутасці. Мне як настаўніку важна, каб адпачынак быў яшчэ і карысным, пазнавальным, каб дзеці знаёміліся з унікальнасцю, адметнасцямі, гісторыяй, культурай нашай малой радзімы. Напрыклад, з маімі дзевяцікласнікамі мы пабывалі ў Бердаўцы, Беліцы, Дворышчы, Князікоўцах, Ліпнішках, Гезгалах і іншых былых мястэчках Лідскага, Іўеўскага, Воранаўскага, Дзятлаўскага раёнаў. Гэта невялікія населеныя пункты, але з багатай гісторыяй.
Часта гэтая гісторыя сабрана мясцовымі дзецьмі і педагогамі і прадстаўлена ў школьных музеях — мы ніколі не ўпускаем магчымасці зазірнуць у іх. Калі ў нашым маршруце ёсць храм, абавязкова наведваем і яго. Прагульваемся па вуліцах аграгарадка ці вёскі, знаёмімся з побытам мясцовых жыхароў. Такім чынам кругагляд дзяцей пашыраецца. Многія з іх не прапускаюць ніводнага паходу. Акрамя таго, кожныя канікулы мы з класам выязджаем на экскурсіі па Беларусі — бываем і ў сталіцы, і ў абласных цэнтрах. Экскурсіі таксама не носяць толькі забаўляльны характар — мы абавязкова наведваем славутасці, музеі, стараемся даведацца як мага больш новага, — дзеліцца настаўніца.
Вольга Магільніцкая — пераможца раённага этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2026” у намінацыі “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія”. У сакавіку яна працягне спаборніцтва на абласным этапе.
Зрэшты, у дзяцей, класны кіраўнік якіх — настаўніца гісторыі, да музеяў асаблівае стаўленне. Ёсць у іх школе і свой гісторыка-краязнаўчы музей “Часы. Падзеі. Людзі”. Ім кіруе Вольга Іосіфаўна, а навучэнцы яе класа з’яўляюцца членамі савета музея, актыўна ўдзельнічаюць у яго праектах.
— Да 80-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне мы арганізавалі праект “Памяць пакаленняў”. Дзеці прыносілі фатаграфіі, рэчы ветэранаў — сваякоў ці знаёмых — і расказвалі пра гэтых людзей, іх лёсы. Сёлета ў нас стартаваў праект “Радзіма пачынаецца з жанчыны”. Мы актыўна вядзём Instagram і іншыя сацсеткі нашага музея, размяшчаем матэрыялы на сайце, а ў рамках новай ініцыятывы будзем расказваць тут і пра жанчын нашага пасёлка. Школьнікі праводзяць даследаванні, шукаюць цікавыя факты пра зямлячак, прыносяць артэфакты, дзеляцца сваімі даследчымі адкрыццямі, — расказвае Вольга Іосіфаўна.
Да знакавых дат педагог і яе клас арганізоўваюць выставы, экскурсіі. А яшчэ праводзяць рэканструкцыі беларускіх народных свят. Напрыклад, гэтай зімой святкавалі Каляды, восенню — свята ўраджаю Багач.

Як класны кіраўнік Вольга Магільніцкая шмат увагі ўдзяляе прафарыентацыі. Прычым не толькі ладзіць выезды ў навучальныя ўстановы, знаёміць з прафесіямі ў тэорыі — у некаторыя з іх яна пагружаецца разам з дзецьмі. У прыватнасці, журналістыку яе вучні асвойваюць праз работу ў рэдакцыі школьнай газеты “Рэаліці”. Вольга Іосіфаўна — галоўны рэдактар, а некаторыя вучні яе класа ўваходзяць у склад рэдкалегіі.
— Некалькі гадоў запар у нас праводзіўся праект “Рэдакцыя маёй мары”. Разам з навучэнцамі мы наведалі “ЛідаМедыяКампанію”, пабывалі ў рэдакцыі “Лідскай газеты”, на Лідскім тэлебачанні. Ездзілі і на экскурсію на АНТ, наведалі там тэлестудыю. А экскурсаводам быў супрацоўнік тэлеканала Ігар Тур — выпускнік нашай школы. Мы вучыліся запісваць відэаролікі для TikTok. Мая вучаніца Кацярына Гражынская марыць стаць вядучай тэленавін, таму з ахвотай выпрабавала сябе ў ролі вядучай, — дзеліцца Вольга Магільніцкая.
Источник: https://nastgaz.by
