РУС БЕЛ ENG 中文

Як настаўнік-дэфектолаг Валянціна Фалькоўская вучыць дзецей з асаблівымі патрэбамі асновам фінансавай дасведчанасці

03.03.2026

 

Настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 2 імя М.П.Масонава Свіслачы Валянціна Фалькоўская не проста дапамагае дзецям з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі навучыцца лічыць грошы, але і трэніруе базавыя сацыяльныя навыкі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

 Кожны крок нашых дзяцей — перамога. А мая задача — ператварыць гэты маленькі крок у вялікае дасягненне, — дзеліцца педагог, паказваючы аўтарскую распрацоўку — стос з шасці яркіх рабочых сшыткаў.

Сшыткі “Сакрэты фінансавай дасведчанасці” — вынік двухгадовай працы, у аснове якой — тэмы з праграмы карэкцыйных заняткаў “Сацыяльнае арыентаванне” для вучняў 6—12 класаў з цяжкасцямі ў навучанні.

Усе матэрыялы структураваны па блоках. Першы — тэарэтычны з інфармацыяй у простай і зразумелай форме. Практычны блок — гэта чатыры рабочыя сшыткі з цікавымі заданнямі на замацаванне тэорыі, напрыклад, па тэмах “Выконваем банкаўскія аперацыі самастойна”, “Вучымся збіраць і траціць”. Увазе вучняў тут — дыферэнцыраваныя заданні рознай ступені складанасці, у тым ліку творчыя, заснаваныя на рэальных жыццёвых сітуацыях. Гэтыя заданні патрабуюць прымянення навыкаў кіравання ўласным бюджэтам і прыняцця абгрунтаваных рашэнняў.

Заключны блок носіць прыкладны характар. У ім — кейс-сітуацыі для работы з сям’ёй.

— Уявіце на хвіліну карту. Не геаграфічную, а карту жыцця. На ёй ёсць дарогі магчымасцей, гарады мар, скрыжаванні важных рашэнняў. І вы быццам адпраўляецеся ў падарожжа, не ўмеючы чытаць дарожныя знакі і не разумеючы, як карыстацца компасам. Страшна? Менавіта так адчуваюць сябе дзеці з цяжкасцямі ў навучанні, калі ўступаюць у дарослы фінансавы свет, — тлумачыць актуальнасць распрацоўкі педагог.

Сёння ў 2-й школе Свіслачы 13 вучняў з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі: восем — у класах інтэграванага навучання і выхавання, пяць займаюцца па праграмах спецыяльнай адукацыі дома. Работа з імі патрабуе асаблівага падыходу.

Калі Валянціна Фалькоўская бачыць, што дзіця не настроена на заняткі, спачатку стараецца зацікавіць тым, што яму блізка. Стварае гульнявую сітуацыю.

— Важна разумець, што фінансавая дасведчанасць — гэта не проста ўменне лі­чыць грошы. Гэта ўменне планаваць бюджэт, ра­біць пакупкі зыходзячы з даходаў сям’і і нават бяспека. Мы вучым не толькі мець справу з грашыма, але і будаваць сваё жыццё, — дадае настаўнік-дэфектолаг.

Неаднаразова свае практычныя напрацоўкі Валянціна Фалькоўская прадстаўляла на навукова-практычных канферэнцыях, у тым ліку міжнародных на пляцоўцы ГрАІРА. Работа адзначана дыпломам ІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”.

Шэсць каляровых зборнікаў — не адзіны вынік дзейнасці педагога ў гэтым напрамку. Усе матэрыялы па тэме фінансавай дасведчанасці яна сабрала на інтэрактыўнай пляцоўцы. Тут — загадкі, віктарыны, прыказкі і прымаўкі, картатэка відэаролікаў і нават фінансавыя казкі для сумеснай работы дзяцей і
бацькоў.

 Мы размясцілі ўсе матэрыялы на Google-дыску з адной ­мэтай: каб калегі з усёй краіны маглі выкарыстоўваць нашы распрацоўкі. Гэта ж не сакрэт, а дапамога дзецям, — працягвае педагог.

І гэта далёка не першая маштабная работа педагога. У 2021 го­дзе разам з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Марынай Арол яна стварыла аналагічную папярэдняй інтэр­актыўную пляцоўку па прадмеце “Чалавек і свет” для 2 класа. Кожная тэма тут прадстаўлена праз прэзентацыю, інтэрактыўныя заданні і тэсты, якія можа выкарыстоў­ваць любы педагог.

 Штучны інтэлект у чымсьці дапамагае, але галоўнае ў нашай рабоце — асабісты вопыт і пастаяннае развіццё. Чэрпаю веды ў інтэрнэце, вывучаю новыя дэфекталагічныя прынцыпы, — дадае суразмоўніца.

Педагог працуе з вучнямі ўсіх класаў, уключаючы двух дзяцей на хатнім навучанні. Яна ганарыцца многімі вынікамі сваіх юных чамучак. І кожную перамогу дзіцяці справядліва лічыць і сваёй.

— Шмат што ў такім поспеху залежыць ад індывідуальных асаблівасцей дзіцяці і баць­коўскай актыўнасці нароўні з педагогам. Але ёсць у мяне прыклады, калі дзеці з цяжкімі парушэннямі маўлення і цяжкасцямі ў навучанні дзякуючы плённай працы даволі хутка выходзілі на норму і працягвалі вучобу ўжо не па спецыяльнай, а па звычайнай праграме агульнаадукацыйнай школы, — засяроджвае ўвагу настаўнік-дэфектолаг.

Акрамя асноўнай работы, яна ўзначальвае прафсаюзную арганізацыю школы і неаднойчы станавілася настаўнікам для маладых спецыялістаў. Ім яна часта раіць працаваць над сабой, развівацца і цікавіцца новым.

— І пасля 33 гадоў у прафесіі я працягваю вучыцца. Планую папаўняць вопыт, удзельнічаць у новых распрацоўках. Дэфектолаг у сваёй рабоце зыходзіць з індывідуальных асаблівасцей кожнага дзіцяці, і важна заўсёды глядзець на крок наперад, — адзначае педагог і дадае: — Калі настаўнік бачыць у кожным, нават маленькім, кроку дзіцяці перамогу, адбываецца сапраўдны цуд: перад дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі адкрываюцца перспектывы.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: