РУС БЕЛ ENG 中文

У дзіцячым садзе № 4 Астраўца паспяхова дзейнічае адзіная ў краіне атамгрупа

03.03.2026

У дзіцячым садзе № 4 Астраўца дзеці спазнаюць свет праз доследы, элементарнае праграмаванне, гульні з канструктарам і сяброўства з Нуклікам, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Пад кіраўніцтвам педагогаў маленькія чамучкі з цікавасцю право­дзяць навуковыя эксперыменты і вывучаюць, што такое мірны атам. І ўсё дзякуючы STEAM-тэхналогіям і створанай у гэтым навучальным годзе ва ўстанове атамгрупе — першай і на сёння адзінай у краіне.

— У Астраўцы многія дашкольныя ўстановы прытрымліваюцца выбранага тэматычнага кірунку. Усе ведаюць, што 5-ы сад робіць стаўку на нацыянальныя матывы, 3-і — галоўная пляцоўка бяспекі з сучасным цэнтрам. А наш сад ва ўспрыманні гараджан — тэрыторыя тэхнічнай думкі. Разам з калегамі мы перакананы, што выхаваць будучых інжынераў можна фактычна з пялёнак, і шчыра верым, што навука пачынаецца з дзіцячага “чаму”, — адзначае загадчыца ўстановы з 30-гадовым педагагічным стажам Вольга Міхно.

Упершыню парог сада-новабудоўлі № 4 яна пераступіла ў 2018 годзе і добра памятае, як выглядаў шлях ад ідэі “тэхнасада” да яе ўвасаблення.

— У 2020 годзе мы задаліся пытаннем: што будзе цікава сучасным дзецям? Вырашылі ўкараніць STEAM-тэхналогіі. Гэта не проста моднае слова, а інтэграцыя пяці напрамкаў: навукі, тэхналогіі, інжынерыі, мастацтва і матэматыкі, — адзначае кіраўнік.

Але адна справа — прыдумаць канцэпцыю, і зусім іншая — стварыць для яе ўвасаблення матэрыяльную базу. Менавіта для рэалізацыі апошняй задачы дзіцячы сад з 2020 года стаў актыўным удзельнікам праектаў акцыянернага таварыства “Атамбуд­экспарт”.

— За 5 гадоў мы рэалізавалі 5 праектаў на агульную суму каля 30 тысяч рублёў. Сёння ў нас ёсць LEGО-пакой, дзіцячая лабараторыя, арт-студыя з мальбертамі і абсталяваннем для малявання пяском, — пералічвае Вольга Міхно.

У дзіцячай лабараторыі галоўная асоба — Марыя Карань. Гэты педагог умее ператвараць навуку ў чараўніцтва і ўпэўнена, што для дзяцей няма нічога цікавейшага за доследы і эксперыменты ўжо толькі таму, што многія з іх нагадваюць фокусы.

— Нядаўна ў нас быў дослед з вызначэннем салёнай вады. Дзве аднолькавыя шклянкі, і толькі ў адной — салёная вада. Як зразумець? Дапамагло звычайнае яйка. У прэснай вадзе яно тоне, у салёнай — плавае. І тут жа звязваем з жыццём: “Дзе лягчэй плаваць — у возеры ці ў моры?” Дзеці самі робяць вывад пра выштурхоўваючую сілу салёнай вады. І важна, што гэта не проста адказ. Адкрыццё! Увогуле, разуменне навакольнага свету ў дзяцей нараджаецца там, дзе рукі дакранаюцца, вочы бачаць, а сэрца б’ецца часцей. Пры такім падыходзе дослед — гэта не фокус. Гэта дыялог са светам, — адзначае Марыя Карань.

Для кожнага доследу яна стварае сюжэт — адаптуе яго пад казку або праб­лемную сітуацыю. З цікавасцю і задавальненнем юныя госці яе тэрыторыі адкрыццяў, напрыклад, майстравалі папяровыя кветкі і назіралі, як распускаюцца іх пялёсткі ў вадзе. Фізіка? Так, капілярнае пранікненне вады. Але для дзяцей гэта чараўніцтва, якое вучыць, што кветкам патрэбна вада.

— Любы дослед дзеці ўспрымаюць на ўра, бо тут шмат прыемных пачуццяў. Па-першае, захапленне ад чараўніцтва. Па-другое, гордасць, калі дзіця само тлумачыць: “Салёная вада выштурхоўвае!” І па-трэцяе, давер, калі малыя ўпэўнена ківаюць на маё: “Давай паспрабуем ра­зам”, — дадае Марыя Карань.

Месца асаблівай гордасці дзіцячага сада — так званы канструктарскі цэнтр. Гэта асобная прастора, дзе дашкаляты займаюцца LEGО-канструяваннем і асвойва­юць азы праграмавання з Matatalab.

— З дапамогай гэтых набораў дзеці складаюць ланцужкі каманд, праграму­юць маршруты. Напрыклад, дапамага­юць добраму чараўніку развезці падарункі па дамах. Яны вучацца мысліць алгарытмічна, развіваюць логіку і прасторавае мысленне. Такія гульні трэніруюць уменне працаваць у камандзе, — знаё­міць з цікавай прасторай педагог Ірына Анд­рыеўская.

Высокія тэхналогіі сёння — неад’емная частка нашага жыцця, і выхаванцы 4-га сада ў Астраўцы ведаюць пра гэта не з чужых слоў. На заканамернае пытанне, як зрабіць так, каб робат намаляваў на аркушы паперы менавіта зорку, а не квадрат, нават без секунды на роздум пяцігадовы Міша адказвае:

— Вось на гэтай платформе я стрэлкамі задаў шлях, як на картцы-падказцы. Так што робат на паперы толькі выконвае маю каманду. Усё проста.

З такімі аргументамі не паспрачаешся! Гэта і сапраўды проста — проста выдатна.

— Усе заняткі ў нас праходзяць у гульнявой форме. Прычым не толькі ў дачыненні да лагічнага праграмавання. У аб’яднанні па інтарэсах “Легоша” ў гэтай жа прасторы дзеці не проста збіраюць канструктар, а вырашаюць інжынерныя задачы — буду­юць масты або вежы зададзенай вышыні, — дадае Ірына Андрыеўс­кая.

З верасня 2025 года ў 4-м садзе Астраўца пачаўся адлік новага вопыту з пазнакай “тэхна”. Пры падтрымцы кіраўніцтва Беларускай АЭС тут адкрылі першую ў краіне атамгрупу. 23 старэйшым выхаванцам павязалі хусткі з адпаведнай сімволікай, але гэты напрамак работы сёння аб’ядноўвае ўсіх дашкалят і педагогаў.

 Наша атамгрупа — зыходны пункт паслядоўнага ланцужка: дашкольнік — атамклас у сярэдняй школе № 3 — будучы спецыяліст, — гаворыць кіраўнік установы дашкольнай адукацыі. — Менавіта дзеля гэтага кожнаму дзіцяці так важна паве­рыць у цуд навукі.

Выбранаму кірунку педагагічнай думкі спрыяюць не толькі згаданыя лабараторыя і канструктарскі цэнтр. Зусім нядаўна развіццёвая прастора ўстановы папоўнілася вялікімі драўлянымі настольнымі гульнямі. У кампаніі з педагогам Данутай Тумкевіч дзеці з цікавасцю знаёмяцца з паняццямі балансу, паслядоўнасці і не толькі.

— Ёсць у нас і свая “Атамная азбука” — лакацыя ў адным з фае. Тут у кампаніі з персанажам-талісманам Беларускай АЭС Нуклікам дзеці знаёмяцца з мірным атамам, успамінаюць дзень адкрыцця атамгрупы і адпраўляюцца ў віртуальную экскурсію па родным горадзе. Калі ўдакладніць — па тых аб’ектах, якія з’явіліся ў Астраўцы пасля пачатку будаўніцтва атамнай станцыі, — працягвае Вольга Міхно.

STEAM-тэхналогіі аптымальна ўкараняць з 4—5 гадоў. У гэтым узросце дзеці ўжо здольны да лагічнага мыслення, поўныя прыроднай цікаўнасці і гатоўнасці да эксперыментаў.

Дзіцячы сад № 4 за 5 гадоў работы па STEAM-тэхналогіях стаў інавацыйнай пляцоўкай. І працягвае развівацца ў выбраным напрамку. Сёння ва ўстанове прадумваюць магчымасць арганізаваць у адным з фае адкрытую прастору навукі для сумесных гульняў дзяцей з бацькамі.

— Інжынернае мысленне можна і трэба развіваць з ранняга дзяцінства. Галоўнае — ства­рыць асяроддзе, дзе навука становіцца гульнёй, а гульня — дарогай да адкрыццяў. Хто ведае, можа, менавіта нашы выпускнікі праз 20 гадоў будуць кіраваць беларускай атамнай энергетыкай або ствараць тэхналогіі будучыні, — падводзіць вынік Вольга Міхно.

Назіраючы за пяцігадовым Мішам, які ўпэўнена праграмуе робата, міжволі і сам робіш аналагічную выснову: а што, калі менавіта такі падыход — ад простага да складанага, ад гульні да навукі — і ёсць ключ да тэхналагічнай будучыні?

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: