РУС БЕЛ ENG 中文

Родная — народная: Таццяна Марцэвіч з Лідчыны разам з вучнямі даследуе мясцовую мову і складае слоўнікі

20.02.2026

Для настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Таццяны Марцэвіч з Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна захаванне спадчыны продкаў стала не толькі часткай прафесіі, але і справай жыцця. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

А ў нас на Лідчыне так гавораць…

Гутарку мы пачынаем у народным гіс­торыка-краязнаўчым музеі “Вытокі”, якім і кі­руе Таццяна Анатольеўна. Тут, у прастор­ным школьным кабінеце, захоўваецца больш за 2000 экспанатаў, якімі карысталіся нашы продкі. Ёсць тут і дыялектныя словы, якія настаўніца разам з вучнямі сабрала ў зборнікі. Як не даць роднаму слову стаць забытым ці застацца ў друкаваным варыянце толькі на музейных паліцах? Якраз над гэтым ужо 18 гадоў паспяхова працуе Таццяна Марцэвіч.

“Часта сельскія дзеці, падрастаючы, цураюцца роднай мовы, саромеюцца называць рэчы так, як спрадвеку іх называлі продкі і яшчэ нядаўна яны самі. Нашы землякі нават не ўсведамляюць, што іх мясцовы акцэнт усё роўна чуваць”, — дзеліцца назіраннямі Таццяна Анатольеўна.

Яна з маленства гаворыць на роднай мове і выхоўвае ў сваіх вучнях такое ж імк­ненне. Шмат увагі настаўніца ўдзяляе выяў­ленню і развіццю дзіцячай адоранасці, з’яўляецца кіраўніком алімпіяднай школы па беларус­кай мове і літаратуры, секцыі філалагічнага кірунку школьнага даследчага таварыства. 8,3 — сярэдні бал у класах настаўніцы на працягу апошніх гадоў. Штогод яе вучні становяцца пераможцамі другога і трэцяга этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Сярод іх і дачка настаўніцы Аліна Марцэвіч — уладальніца 100 балаў па выніках цэнтралізаванага экзамену, пераможца заключнага этапу шматпрофільнай алімпіяды па беларускай мове ў ГрДУ імя Янкі Купалы.

Разам з вучнямі Таццяна Марцэвіч даследуе моўную спадчыну, запісваючы гаворку мясцовых жыхароў. У цяперашні час у самым разгары — складанне дыялектнага слоўніка Лідскага раёна “А ў нас на Лідчыне так говораць”. На гэты момант сабрана ўжо 370 дыялектызмаў.

Вынікам сумеснай пошукавай работы Таццяны Марцэвіч і яе вучняў сталі “Фразеалагічны слоўнік Лідчыны”, “Зборнік народных жартаў” і амаль гатовы дыялектны слоўнік Лідскага раёна.

“Я выступаю не толькі кіраўніком гэтай даследчай работы, але і інфарматарам, бо нарадзілася ў Лідскім раёне, тут пераймала гаворку сваіх бацькоў, бабулі і дзядулі, мясцовых жыхароў. Гэта для мяне важна — захаваць моўную спадчыну. А пачыналася ўсё з… кажана. Так у нас называюць завусеніцы на пальцах — надрывы скуры каля пазногця. Я з маленства чула ад бабулі гэтае слова і ведала, што такое “загнаць кажана”. З яго ўсё і пачалося — пасля заканчэння філфака захацелася знайсці і іншыя выключна мясцовыя словы. І калі мы сталі з дзецьмі іх даследаваць, такіх знайшлося шмат.

Напрыклад, наўрад ці яшчэ дзе-небудзь вы пачуеце “блашніца” — у нас толькі так называюць зялёнага клапа, які хаваецца ў малінах. У нашых садах спеюць жучкі — дробныя чорныя сліўкі. Ды і ягады мы насыпаем у прэшчы, а не ў прыгаршчы. Цыбай у нас называюць даўганогую жанчыну, шпакам — нізкага мужчыну, а бурвалкам — тоўстага. Жанчыну, якая заўсёды нешта мые, празвалі кашарылкай, а тую, што сама любіць мыцца, — плюскалкай. Ніхто не хоча быць лымарам (гультаём) ці ройстай (малазначнай асобай), а вось вогірам (лідарам у калектыве) — з ахвотай. Мы надзяваем дубэльты, а не акуляры, носім кольчыкі замест завушніц, разумную галаву называем рэбусам, купаемся ў кудзярцы (невялічкім возеры) і баімся трапіць у бэту (месца, з якога цяжка выбрацца). Замест халадца нашы гаспадыні вараць галярэтку, гатуюць не вінегрэт, а сілос, а над печчу вешаюць венцерку — нізку дамашніх каўбас на шнурку ці палцы.

Часам ежу ў нас не толькі называюць інакш, але і ўжываюць адмыслова. Напрыклад, солянка ў маіх родных Ёдках — гэта пасоленая зверху бульба. А ў вёсцы Пляса­вічы, адкуль родам мой муж, бульбу абавязкова высыпаюць на драўляны стол, стукаюць кулаком па кожнай з іх, каб бульбіны расціснуліся, пасля пасыпаюць іх соллю і толькі пасля гэтага ядуць”, — прыводзіць прыклады Таццяна Анатольеўна.

Сярод праектаў ёдкаўскіх мовазнаўцаў і “Фразеалагічны слоўнік Лідчыны”. “Проша, Гаўроша!” замест “калі ласка!”, “добры дзень на раніцы!” як ранішняе вітанне, “сарокін блін” — выскрабеныя з міскі на па­тэльню рэшткі цеста — гэтыя і яшчэ больш за 500 іншых слоў склалі аснову фразеалагіч­нага слоўніка. Гэты праект аказаўся даволі ўдалым. Яго аўтары былі ўдастоены прызавых месцаў на розных конкурсах. Аліна Марцэвіч была адной з самых актыўных удзельніц гэтага даследавання, за што атрымала абласную прэмію імя А.І.Дубко і падзя­ку ад дырэкцыі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ужо другі год дзяўчына працягвае работу ў статусе студэнткі філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы. Як будучая настаўніца, неабыякавая да пачатай разам з мамай справы, яна працягвае вывучаць лексіку роднага краю і публікаваць свае работы. У прыватнасці, вынік яе даследавання “Дыялектныя фразеалагізмы жыхароў Лідскага раёна, звязаныя з ежай і харчаваннем”, якое яна праводзіла разам з выкладчыкам, змешчаны ў зборніку “Фі­лалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны: матэрыялы і даследаванні”.

Каларытныя знаходкі

Адметна, што дзеці, збіраючы матэрыя­лы для слоўнікаў, не проста запісвалі гаворку дзядуль і бабуль, а выпраўляліся на краязнаўчыя паляванні. Іх здабычай часта былі не толькі словы і фразы, але і матэрыяльныя скарбы — творы мастацтва, цікавыя прылады з мінулых эпох і інш. Так, сярод суразмоўнікаў школьнікаў апынулася вышывальшчыца — адна з найстарэйшых жыхарак Ёдкаў. Пазней выстава яе работ склала школьную экспазіцыю. Сярод карцін, якія захоўваюцца ў школьным музеі “Вытокі”, і самая каш­тоўная для настаўніцы — вышытая яе бабуляй амаль 70 гадоў назад.

Падчас аднаго ўдалага краязнаўчага палявання быў знойдзены Псалтыр, выда­дзены ў ХІХ стагоддзі. Некалі гэтая кніга належала Уселюбскаму Свята-Міхайлаўскаму храму, што на Навагрудчыне. Першая тытульная старонка ў ёй адсутнічае — так рабілі, каб кніга страціла сваю каштоўнасць для пакупнікоў і ва ўладальніка было больш шансаў яе не страціць. Пра ўзрост гэтай кнігі можна меркаваць па малітвах — тут у іх упамінаецца Аляксандр II, які правіў у другой палове ХІХ стагоддзя. Каб падкрэс­ліць значнасць знаходкі, настаўніца разам з вучнямі распрацавала тэматычную экскурсію “Скарб, які заўсёды з намі”. Гэта прынесла творчаму калектыву перамогу на раённым конкурсе “Знаходка года”, а таксама на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Экспанат для музея”.

Знаёмячы з унікальнымі музейнымі скарбамі, Таццяна Анатольеўна расказвае: “У нас кожны год у межах фестывалю му­зеяў ці злёту юных краязнаўцаў праводзіцца раённы конкурс “Знаходка года”. У ім мы некалькі гадоў запар займаем першыя і другія месцы. Лепшай прызнана і гэтая этнаграфічная знаходка — шчэць са свінога воласу. Спачатку лён часалі драўляным грэбенем, а ўжо калі лён станавіўся чыстым і шаўка­вістым, яго дачэсвалі такой прыладай. Гэтую шчэць знайшоў у вёсцы Шыбакі Лідскага раёна наш вучань. Яго мама, супрацоўніца школы, патлумачыла, што гэтай прыладай яе бабуля ўсё жыццё часала лён.

У мінулым годзе мы прадстаўлялі бі­лет на Алімпійскія гульні ў Маскве, якому якраз споўнілася 45 гадоў. Прынёс яго наш кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні. Калі Вітольд Вітольдавіч Паўлюкевіч служыў у арміі, то 7 разоў у якасці ахоўніка быў на стрэльбішчы “Дынама” і кожны раз яму выдавалі такія білеты для праходу. Знаходка заняла 2-е месца. А нямецкі алюмініевы відэлец 1939 года, які належаў нямецкаму лётчыку, быў удастоены 1-га месца. Яшчэ адну перамогу ў конкурсе краязнаўцам прынесла кніжка “О вредных насекомых” XIX стагоддзя. Яе я знайшла ў бацькоўскім доме свайго мужа ў Плясавічах. Усе нашы госці шукаюць у ёй каларадскага жука, але не знахо­дзяць — гэты шкоднік на нашых тэрыторыях з’явіўся толькі ў пачатку XX стагоддзя.

Сёлета будзем прадстаўляць на конкурс ручны камбайн для збору ягад. Прынёс яго вучань 6 класа. Вызначыць узрост гэтай прылады складана, але яе драўляныя зубкі свед­чаць, што перад намі — папярэднік шырокараспаўсюджаных металічных прылад, хаця і ім ужо некалькі дзесяцігоддзяў. Самы ж стара­жытны экспанат музея — каменная сякера. Яна была знойдзена падчас закладвання фундамента нашай школы. Па меркаванні тагачаснага настаўніка гісторыі, яна можа належаць да першабытных часоў”.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: