РУС БЕЛ ENG 中文

З сакавіка мінулага года адным з герояў раённай Дошкі гонару ў Вялікай Бераставіцы стала Канюхоўская сярэдняя школа

10.02.2026

Чацвёрты год установу ўзначальвае Іна Лебядзевіч. Яна будуе смелыя планы і не баіцца новых праектаў. Аналагічных прынцыпаў у рабоце раіць прытрымлівацца і калегам. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Ацэнку на раённым узроўні лічыце камандным поспехам?

— Безумоўна. Кожны ў нашым калектыве зрабіў крок, а то і некалькі, на шляху да гэтай вышыні. Каманда ў нас невялікая — усяго 13 педагогаў. І 12 з іх маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Для нашых настаўнікаў інавацыйны праект — гэта рабочая рэальнасць. А да фразы “сучасныя метады” кожны з лёгкасцю дабавіць працяжнік і пералічыць аўтарскія прыёмы і распрацоўкі.

Гаворачы пра поспехі і дасягненні, прывяду ўсяго адну лічбу: за апошнія тры гады нашымі вучнямі і педагогамі заваявана каля 300 прызавых месцаў на шматлікіх конкурсах раённага, абласнога, рэспубліканскага і нават міжнароднага ўзроўняў.

— Што дапамагае пастаянна рухацца наперад?

— Люблю паўтараць, што педагог ніколі не павінен ператварацца ва ўрокадаўцу. Важна пастаянна ўдасканальваць сваё майстэрства.

Тут магу прывесці яркія прыклады. Настаўніца гісторыі нашай школы Вольга Шчука (дарэчы, кандыдат гістарычных навук) не проста цікава выкладае свой прадмет, але і загадвае кафедрай ідэалагічнай і палітычнай адукацыі дарослых у Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Настаўніца пачатковых класаў Таццяна Даніловіч зусім нядаўна стала абсалютнай пераможцай раённага этапу конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”.

Абедзвюх вельмі хачу аднойчы павіншаваць з прысваеннем кваліфікацыі “настаўнік-метадыст”. Спадзяюся, гэты шлях зможам асіліць, працуючы сумесна і зладжана.

Пра важнасць пастаяннага развіцця ў прафесіі гаворыць нават музейная экспазіцыя. Тут асобнае месца адведзена інфармацыі аб выпускніцы нашай школы Надзеі Сторажавай, па буквары якой пэўны час вучыліся чытаць усе першакласнікі Беларусі.

— А што наконт інавацый?

— Не першы год удзельнічаем у рэспубліканскім інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльнай кампетэнтнасці навучэнцаў сродкамі фізічнай культуры з улікам асобасных характарыстык і дыферэнцыяцыі адукацыйнага працэсу”. Тут галоўная дзеючая асоба — наш педагог Люцына Рукша. Разам з усім калектывам яна дбае пра тое, каб школьнікі не толькі беражліва ставіліся да свайго здароўя, але і гарманічна развіваліся фізічна, знаходзілі радасць у спорце. Настаўніца запрашае вучняў да ўдзелу ў спартыўных мерапрыемствах і рухавых гульнях, займаецца з дзецьмі не толькі на занятках, але і ў пазаўрочны час.

Да таго ж на базе школы арганізавана работа раённага рэсурснага цэнтра “Рэгіянальны кампанент як аснова для фарміравання грамадзянска-патрыятычных якасцей навучэнцаў”. Распаўсюджваем перспектыўны педагагічны вопыт па фарміраванні ў школьнікаў патрыятызму, актыўнай жыццёвай пазіцыі для іх паспяховай сацыялізацыі.

— Раскажыце, калі ласка, пра найбліжэйшыя планы.

— Мэтанакіравана рухаемся да прысваення нашай школе імя Вольгі Соламавай — вядомай падпольшчыцы і ў даваенны час маладой настаўніцы. Яе жыццё ў 1944 годзе абарвалася ў Жорнаўцы, якая сёння разам з Канюхамі ўваходзяць у адзін сельсавет. Вучні добра ведаюць пра помнік на месцы гібелі 23-гадовай падпольшчыцы ў суседняй вёсцы. Шмат гадоў даглядаем аналагічны знак памяці і на тэрыторыі нашай установы. Вользе Соламавай у школе прысвечаны адзін з раздзелаў музейнай экспазіцыі. Яе імя носіць піянерская дружына.

У рабоце па ўшанаванні памяці вядомай зямлячкі плануем узаемадзейнічаць з гродзенскімі калегамі. З 2022 года імя Вольгі Соламавай носіць гімназія № 3, дзе гэтую тэму развіваюць з 1970-х гадоў. Упэўнена, іх напрацоўкі могуць стаць для нашых вучняў яшчэ адной крыніцай цікавасці да асобы гэтай адважнай жанчыны.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: