РУС БЕЛ ENG 中文

Тыдзень біялогіі ў Субацкай школе

04.12.2020

 

У Субацкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе прайшоў тыдзень прыродазнаўчых навук, галоўным прадметам якога была абрана біялогія.

Падрыхтоўка да тыдня пачалася задоўга да падзеі. Былі прадуманы сцэнарыі мерапрыемстваў, аформлены інфармацыйны стэнд “Тыдзень прыродазнаўчых навук”, падабраны выказванні вядучых вучоных пра біялогію, якія размясцілі ў кожным кабінеце школы.

Пачаўся тыдзень са знаёмства школьнікаў з яго праграмай і гутарак пра навуку біялогію, яе значэнне і дасягненняі. Наперадзе вучняў чакала шмат розных мерапрыемстваў.

Вучні 1–5 класаў, якія яшчэ не вывучаюць біялогію, таксама былі ўцягнуты ў мерапрыемствы тыдня. Для іх знаёмства з прадметам праходзіла ў даступнай пазнавальнай форме, што павінна было абудзіць інтарэс да вывучэння біялогіі ў старшых класах.

Так, навучэнцы 2-га класа разам са старшакласнікамі сталі ўдзельнікамі інтэлектуальнага конкурса “Знаўцы прыроды”, у якім веды спалучаліся з забавамі. Конкурс атрымаўся не толькі пазнавальным, а яшчэ і вясёлым.

Вучні 3–4 класаў здзейснілі падарожжа “У свет займальнай біялогіі”, а першакласнікі актыўна адказвалі на пытанні віктарыны “Гэтыя пацешныя жывёлы”. У ходзе гэтых мерапрыемстваў у навучэнцаў фарміравалася цэласнае бачанне свету і асэнсаванне свайго месца ў ім.

Крыху старэйшыя школьнікі наведаліся ў практычную майстэрню “Цудоўная лабараторыя”, дзе працавалі з мікраскопамі, самастойна рыхтавалі часовыя мікрапрэпараты і разглядалі іх. А падчас “Біялагічнага турніру” хлопчыкі і дзяўчынкі знаходзілі правільнае рашэнне экалагічных задач і атрымлівалі веды пра спосабы аховы свайго ўласнага здароўя і здароўя навакольных.

Вучні 7–8 класаў выконвалі конкурсныя заданні – разгадвалі крыжаванкі і рыхтавалі фотаздымкі. Пры такой форме пазакласнай работы ў дзяцей не толькі развіваецца лагічнае мысленне і інтэлект, але і ўдасканальваюцца практычныя навыкі. Каб разгадаць крыжаванкі і перамагчы ў конкурсе, дзецям неабходна было шукаць дадатковую інфармацыю: наведаць школьную бібліятэку, зазірнуць у камп’ютарны клас. Ну а конкурс фотаздымкаў “Жывёлы буйным планам” выклікаў ва ўсіх непадробны інтарэс, што ў выніку вылілася ў сапраўдную выставу.

    

Завяршыўся тыдзень брыфінгам “Захаваць прыроду – захаваць жыццё”. Мэта гэтага мерапрыемства заключалася ў экалагічным выхаванні школьнікаў, фарміраванні ў іх свядомых адносін да навакольнага асяроддзя, фарміраванні асобы з развітай экалагічнай культурай, якая праяўляецца ў беражлівых адносінах да прыроды.

Варта адзначыць, што асаблівую дапамогу ў арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў аказвалі вучні 11-га класа. Яны загадзя рыхтавалі заданні для конкурсаў, былі актыўнымі членамі журы, а таксама паспрабавалі сябе ў ролі педагогаў і правялі інфармацыйную гульню для наведвальнікаў групы падоўжанага дня “Гаючыя напіткі, сокі, мінеральная вада”. Такая форма правядзення мерапрыемства прыйшлася па душы не толькі выхаванцам групы падоўжанага дня, але і самім старшакласнікам, што садзейнічала іх прафесійнай скіраванасці.

Тыдзень прыродазнаўчых навук у школе – гэта асаблівая атмасфера, дзе пануюць стварэнне, супрацоўніцтва, жаданне падзяліцца ўласнымі адкрыццямі са сваімі сябрамі, а яшчэ гэта чаканне чагосці незвычайнага, неардынарнага і цікавага. Упэўнены, нашы дзеці ўсё гэта атрымалі.

Валянціна МАКУЦЬ,
настаўнік біялогіі
Субацкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Ваўкавыскага раёна

https://ng-press.by/

Фотогалерея:

поделиться в: