Падарожжа ў цудоўную краіну здароўя
04.12.2020
Умацаванню і захаванню здароўя, прафілактыцы захворванняў, значэнню паўнавартаснага харчавання было прысвечана віртуальнае падарожжа “Цудоўная краіна здароўя”, якое здзейснілі вучні 2-га класа Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна.
Здароўе – гэта самая вялікая каштоўнасць для чалавека. Сёння вельмі модна і прэстыжн быць здаровым. Правільнае харчаванне, фізічныя нагрузкі, прагулкі на свежым паветры з’яўляюцца неад’емнай часткай сучаснага маладого чалавека. Такія звычкі важна выхоўваць з дзяцінства.
Вандруючы па станцыях, хлопчыкі і дзяўчынкі выконвалі розныя заданні, накіраваныя на фарміраванне здаровага ладу жыцця.
На станцыі “Рэжым дня” маленькія вандроўнікі працавалі над заданнямі ў групах. Дзеці ўспомнілі, як трэба арганізоўваць свой час, даведаліся, што значыць правільна харчавацца, якія прадукты з’яўляюцца найбольш карыснымі і чаму важна прытрымлівацца рэжыму дня. Наступнай станцыяй была “Асабістая гігіена”, якая нагадала пачаткоўцам пра важныя правілы догляду за сабой. Сабраўшы прыказку з прапанаваных слоў, малодшыя школьнікі пераканаліся ў тым, што людзі заўсёды імкнуліся быць акуратнымі, што чысціня з’яўляецца залогам добрага самаадчування. Адчуць задавальненне ад выканання фізічных практыкаванняў вучні змаглі на станцыі “Спартыўная”. А зразумець, як можна палепшыць свой стан і зрабіць сябе вынослівым, дапамаглі цікавыя гісторыі і віктарыны на станцыі “Загартоўванне”.
У ходзе мерапрыемства другакласнікі набылі веды пра правілы гігіены, навучыліся складаць правільны рэжым дня, даведаліся новае пра вітаміны і прадукты, у якіх яны ўтрымліваюцца. У чарговы раз школьнікі змаглі пераканацца ў тым, што самае галоўнае для чалавека – гэта здароўе.
Жанна АЛЯШКЕВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў
Любчанскай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна