РУС БЕЛ ENG 中文

Алена Падгайна з Воранаўскай школы абуджае ў вучняў цікавасць да гісторыі праз краязнаўчы матэрыял і фільмы

05.01.2026

 

Алена Падгайна лічыць, што музейная прастора стварае для вучняў асаблівую атмасферу даверу і робіць гісторыю блізкай і зразумелай. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Амаль трыццаць гадоў яна з’яўляецца часткай калектыву самай вялікай школы раёна. З удзячнасцю прыгадвае сваіх настаўнікаў гісторыі і калег, якія паўплывалі на прафесійнае станаўленне.

— У 90-я гады намеснікам дырэктара да нас прыйшла працаваць Нэлі Казіміраўна Пушнянкова — энергічны і ініцыятыўны чалавек, у якога я многаму навучылася. Пад яе кіраўніцтвам у 2007 годзе ў школе быў адноўлены музей. Ужо шмат гадоў з’яўляюся яго кіраўніком і выкарыстоўваю багаты матэрыял экспазіцый на сваіх уроках, — пачынае размову Алена Падгайна.

Яна пераканана, што заняткі ў музеі — гэта не проста цікавая форма работы. Падчас дыялогу з вучнямі музейная прастора стварае асаблівую атмасферу даверу і ро­біць гісторыю блізкай і зразумелай.

— Жывую цікавасць у дзяцей выклікае тое, што блізкае ім тэрытарыяльна, тычыцца іх родных ці знаёмых. Гэта жыватворная глеба для даследчай работы, — дзеліцца суразмоўніца. — Разам з вучнямі мы рэалізавалі шэраг пошукавых праектаў, прысвечаных гісторыі школы, Вялікай Айчыннай вайне. Вывучалі жыццёвы шлях многіх творчых асоб малой радзімы.

У адной з залаў музея пачынаю аповед пра першага залатога медаліста школы — Валянціна Міхайлавіча Емяльянава. Гэты выпускнік 1954 года выбраў педагагічную прафесію і пэўны час выкладаў у роднай школе.

Алена Уладзіміраўна не навязвае школьнікам даследчую дзейнасць ці падрыхтоўку да алімпіяд. Але на ўроках заўсёды імкнецца стварыць сітуацыю пэўнай недасказанасці. Як толькі вучань звяртаецца з удакладняльным пытаннем, яна разумее, што гэта яе аднадумец. Менавіта так у мінулым годзе пачаўся шлях да алімпіядных вышынь у дзесяцікласнікаў Ягора Драба і Сяргея Адзінца. Тады яны сталі лепшымі знаўцамі гісторыі на раённым этапе. Хлопцы паказалі добрыя вынікі і ў гэтым годзе.

— На ўроках часта выкарыстоўваю работу з гексамі, каб дзеці маглі наглядна ўсвядоміць розныя напрамкі развіцця грамадства ў той ці іншы гістарычны перыяд. А каб зра­біць заняткі больш дынамічнымі, прапаноўваю касплэй — прыём, калі трэба ўзнавіць па фота вобраз канкрэтнага персанажа ці ідэі мінулага. Напрыклад, у пачатку ўрока акцэнтую ўвагу дзяцей на партрэце Івана Грознага і прапаноўваю паўтарыць тую ж позу. З першых хвілін гэта ўцягвае дзяцей у тэму ўрока. Галоўнае — своечасова спыніцца, — усміхаецца педагог.

Асаблівае месца ў метадычным арсенале настаўніцы займаюць розныя сродкі візуалізацыі. На ўроках яна выкарыстоўвае дынамічныя прэзентацыі, гістарычныя дакументы і карткі з ілюстрацыямі, а таксама відэафрагменты з фільмаў:

— Памятаю, урок, прысвечаны пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў 9 класе, пачала з эпізоду фільма “Брэсцкая крэпасць”. Аказалася, што не ўсе старшакласнікі глядзелі яго, і пасля ўрокаў мы гэта выправілі. Прычым менавіта дзеці настаялі на праглядзе і абмеркаванні фільма.

Алена Падгайна ўпэўнена, што магчымасць “бачыць” гістарычныя падзеі робіць іх больш зразумелымі і запамінальнымі. Дэманстрацыя фрагментаў пра Вялікую Айчынную вайну дапамагае вучням зразумець глыбіню асабістых трагедый і перамог.

— Цэлы падручнік не дапаможа, калі вучні не адчуюць сувязь паміж гістарычнымі працэсамі і людзьмі, якія іх перажылі. Візуальныя матэрыялы больш складаныя і багатыя на эмоцыі, — адзначае педагог.

Дынамічныя прыклады з фільмаў выдатна дапаўняюць урокі Алены Уладзіміраўны, тэмы якіх звязаны з індустрыялізацыяй, калектывізацыяй і знешняй палітыкай. За гады работы ў яе сфарміраваўся і свой падыход да самастойнай падрыхтоўкі вучняў. У ліку заданняў да параграфа яна заўсёды прапаноўвае пытанні з зорачкай. Адказваць на іх ці не, вучань вырашае сам. Але менавіта тыя дзеці, якія выканалі гэтыя заданні, як правіла, пачынаюць наступны ўрок:

— Гэта становіцца матывацыяй для аднакласнікаў. І з кожным разам жадаючых паразважаць над адкрытымі пытаннямі становіцца больш. Увогуле разглядаю гісторыю як жывы прадмет, дзе важныя вусныя выказванні вучняў, уменне аналізаваць падзеі і гістарычныя крыніцы, прыводзіць аргументы. Для чаго гэта важна? Каб ніхто і ніколі не схіліў іх да таго, каб перапісаць нашу гісторыю.

У кожным выпуску педагога ёсць вучні, якія пайшлі па яе слядах. У мінулым го­дзе Арцём Сцефановіч стаў яе калегам, уладкаваўшыся пасля заканчэння сталічнага ўніверсітэта ў Канвелішскую сярэднюю школу. А ў гэтым навучальным годзе скон­чыць гістфак ГрДУ імя Янкі Купалы яшчэ адна выпускніца — Эвеліна Лялько. Алена Уладзіміраўна спадзяецца, што гэтая паслядоўнасць будзе мець працяг.

Важнасць ведання ўрокаў гісторыі педагог імкнецца даносіць школьнікам не толькі на ўроках. Сёлета ў Воранаве яна стала адным са спікераў грамадска-палітычнага марафону “17 граняў адзінства”, ініцыіраванага РГА “Белая Русь”.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: