РУС БЕЛ ENG 中文

Дзіцячы сад № 110 Гродна сёлета атрымаў статус абласнога цэнтра эфектыўных педагагічных практык

24.12.2025

 

Пачалося ўсё ў 2021 годзе, калі ўстанова дашкольнай адукацыі стала адным з першых у Кастрычніцкім раёне горада ўдзельнікаў адукацыйнага праекта “Інфарматыка без разеткі”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Тады ў нас былі два цьютары, сёння іх ужо дзесяць. Аднайменнае з праек­там аб’яднанне па інтарэсах наведвае амаль кожны другі выхаванец старшай групы. 25-мінутныя заняткі праходзяць у гульнявой форме і прадугледжваюць калектыўную, індывідуальную і падгрупавую арганізацыю пазнавальнай дзейнасці дзяцей. Гэта, як правіла, заняткі-падарожжы, квесты, віктарыны, турніры, — адзначае загадчыца Галіна Аляхновіч.

Ірына Міхнюк падчас заняткаў

Абавязкова ствараецца сітуацыя поспеху. Больш за тое, першы месяц завяршаецца святам пасвячэння ў юныя інфарматыкі.

— Цікавасць дзіцяці выклікае ўсё тое, з чым звязаны станоўчыя эмоцыі, — падкрэслівае суразмоўніца. — Стварэнне такіх эмоцый, нароўні з развіццём лагічных навыкаў, — адна з галоўных задач нашых педагогаў.

На кожных занятках дзеці атрымліваюць наклейкі. Нават такая дробязь з’яўляецца для іх моцным матыватарам.

Штогод праходзяць сумесныя заняткі юных інфарматыкаў з бацькамі. А ў канцы навучальнага года хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць імянныя блакноты з пазнавальнымі заданнямі ад ката Алесіка, распрацаванымі цьютарамі дзіцячага сада. Сярод цікавых форм работы — падрыхтоўка да дня нараджэння героя-­сімвала і знаёмства з ім яшчэ ў сярэдняй групе.

Сёння цьютарамі праекта з’яўляюцца не толькі выхавальнікі, але і настаўнік-дэфектолаг, педагог-псіхолаг. З гэтага навучальнага года ва ўстанове рэалізуецца праект “Інфарматыка без разеткі — для кожнага дзіцяці”, арыентаваны на выхаванцаў з цяжкімі парушэннямі маўлення.

— Спецыяльна для індывідуальных заняткаў мы распрацавалі картатэку дыдактычных гульняў, якія могуць зацікавіць не толькі ўдзельнікаў праекта. Напрыклад, падчас гульні “Пераправа” да каляровых абручоў выкладваем дарожкі чырвонага, жоўтага, зялёнага і сіняга колераў. Побач — малюнкі з выявамі жывёл, птушак, насякомых, рыб. Кожнаму дзіцяці прапаноўваем узяць малюнак па зададзенай прымеце (напрыклад, “Вазьмі таго, хто скача/поўзае/лётае/ходзіць”) і пераправіць яго на другі бераг “ракі” па пэўнай дарожцы (напрыклад, “Хто скача, пойдзе па сіняй дарожцы”). Падчас такой простай гульні ў дзіцяці фарміруецца ўменне вызначаць прадмет па яго ўласцівасцях, праз фанематычны слых, — падзялілася настаўнік-дэфектолаг Ірына Міхнюк.

Да таго ж развіццё разумовых аперацый, схематычнага мыслення, зрокава-прасторавых уяўленняў — гэта падрыхтоўка да школы. І педагогі, і бацькі заўважаюць, што дзеці становяцца больш эрудзіраванымі, здзіўляюць дарослых выкарыстаннем такіх слоў, як “алгарытм”, “ісціна”, “хлусня”, “напісанне кода”.

У калектыве дашкольнай установы стараюцца адсочваць дынаміку развіцця маленькіх інфарматыкаў і падчас іх першага года навучання ў школе.

— Мы падтрымліваем сувязь з настаўнікамі пачатковых класаў. Калегі адзначаюць, што з матэматычнымі задачамі дзеці, якія наведвалі факультатыў, спраўляюцца з лёгкасцю, — дадала Галіна Аляхновіч.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: