Выпускнікі цэнтра дадатковай адукацыі «ДАР» у Навагрудку вяртаюцца сюды ў якасці маладых спецыялістаў
23.12.2025Некалі Вераніка Пучыла і Бажэна Кепурка самі наведвалі аб’яднанні па інтарэсах Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “ДАР” у Навагрудку, а цяпер вядуць тут заняткі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Творчая пераемнасць

Чацвёрты год захапляе дзяцей творчасцю Бажэна Кепурка. З цеплынёй яна гаворыць пра сваіх педагогаў — заснавальніка ўзорнай студыі Уладзіміра Грэка і яго паслядоўніцу Ганну Манікіну.
— Упершыню прыйшла на заняткі да Уладзіміра Аляксандравіча, вядомага ў Навагрудку мастака з пазнавальным аўтарскім стылем, яшчэ ў малодшай школе. Тады ў адным з холаў усю сцяну ўпрыгожвалі лепшыя работы яго вучняў. Вельмі хацелася апынуцца ў ліку аўтараў гэтага агульнага палатна. Уладзіміра Аляксандравіча даўно няма з намі, а дзіцячыя малюнкі ўсё яшчэ працягваюць свой цікавы аповед. Ёсць сярод іх і работы Ганны Сяргееўны — былой выхаванкі заснавальніка нашага ўзорнага калектыву і сёння майго старэйшага настаўніка, — гаворыць Бажэна.
Яе шлях у прафесіі пачаўся з любові да творчасці і простага пытання Ганне Сяргееўне: “А дзе вучыліся вы?”. Сваю настроенасць на атрыманне адпаведнай адукацыі Бажэна падмацавала мэтавым накіраваннем, бо пераканана: такая траекторыя паступлення дае цвёрдую ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Сёння галоўныя напрамкі яе дзейнасці — гэта работа ва ўзорнай студыі выяўленчага мастацтва “Каляровы аловак” і заняткі ў творчых майстэрнях па бісерапляценні. Каля 80 школьнікаў раёна кожны тыдзень спяшаюцца да яе.
— Няпроста было, мабыць, толькі першы год. Сёння галоўнае пытанне ўжо не ў тым, як прывабіць у студыю, а як сапраўды захапіць дзяцей творчасцю. Імкнуся стварыць камфортнае асяроддзе для кожнага. Калі бачу, што дзіця не можа знайсці сваё месца ў калектыве, раю прыходзіць на заняткі разам з сябрам. Зусім не дзеля таго, каб пашырыць групу — у выхадныя дні бывае цяжка рассадзіць усіх жадаючых. Проста хачу, каб наш “ДАР” быў для дзяцей тэрыторыяй асаблівага камфорту, — працягвае малады педагог.
Узрост яе выхаванцаў — ад 6 да 12 гадоў. Але з некалькімі старэйшымі падлеткамі яна займаецца індывідуальна: дапамагае юным талентам падрыхтавацца да паступлення на творчыя спецыяльнасці ва ўніверсітэт.

— Разам з Ганнай Сяргееўнай дапрацоўваем праграму павышанага ўзроўню ўзорнай студыі “Каляровы аловак”. А сумесна з юнымі мастакамі актыўна ўдзельнічаем у конкурсах, працуем над праектамі, ствараем цыклы работ на адну тэму з выкарыстаннем адной тэхнікі. Напрыклад, вынік праекта “Горад старажытны і малады” — творчая інтэрпрэтацыя дзецьмі знаёмых месцаў у Навагрудку. У аснове гэтага цыкла якраз тэхніка каляровай графікі, закладзеная яшчэ Уладзімірам Грэкам, — расказвае Бажэна Андрэеўна.
Творчую актыўнасць яна ўмела сумяшчае з грамадскай — з’яўляецца членам Маладзёжнага савета пры Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а таксама лідарам маладзёжнага крыла пярвічкі Беларускага саюза жанчын ва ўстанове адукацыі.
— Падчас творчых заняткаў імкнуся не навязваць дзецям сваё бачанне, а падтрымаць напрамак іх думкі, — дзеліцца педагог.
Сёння яе выхаванцы актыўна ствараюць сувеніры навагодняй тэматыкі. І Бажэна Андрэеўна з жартам заўважае, што ў зімовую пару заўсёды адчувае сябе чараўніком, бо дзіцячыя работы ў навагоднюю ноч атрымліваюць бацькі гурткоўцаў.
Кераміка з агеньчыкам

Святочныя матывы ў цэнтры ўвагі яшчэ аднаго маладога педагога Веранікі Пучыла. Яна пачала свой працоўны шлях толькі ў гэтым годзе, але ўжо выказала жаданне паўдзельнічаць у конкурсе маладзёжных ініцыятыў — распрацавала праект “Нацыянальны код беларуса” па захаванні і развіцці ўзорнай студыі народнай керамікі.
— Хочацца стылізаваць кабінет пад майстэрню з неабходным абсталяваннем. Насуперак меркаванню, што традыцыйнымі рамёствамі сёння дзяцей захапіць вельмі цяжка, у нас заўсёды шмат хлопчыкаў і дзяўчынак выбіраюць гэты кірунак. Хочацца надаць заняткам больш сучасную форму. Да таго ж Навагрудак — горад з вялікім турыстычным патэнцыялам, і такая майстэрня зможа стаць яшчэ адным месцам прыцяжэння гасцей, — падзялілася Вераніка.
Яшчэ падчас вучобы ў БДПУ яна была ўпэўнена, што вернецца працаваць у родны цэнтр. Успамінае, як, будучы школьніцай, заўсёды спяшалася на заняткі да Іны Васільеўны Гасман — свайго сённяшняга настаўніка. Пра іх плённае супрацоўніцтва красамоўна сведчыць цэлая папка дыпломаў і грамат, якія Вераніка заваявала ў школьныя гады. Да такіх вынікаў цяпер імкнуцца ўжо яе навучэнцы. Гэта каля 30 гурткоўцаў, абсалютная большасць якіх — хлопчыкі.
— Набраць групу для заняткаў народнай керамікай не цяжэй, чым захапіць дзяцей робататэхнікай. У Навагрудку такое захапленне — даўняя традыцыя. На заняткі да мяне і Іны Васільеўны ходзяць каля 80 чалавек. Гаворачы пра ўзровень падрыхтоўкі ў цэнтры, адзначу ўсяго адзін момант: падчас вучобы ва ўніверсітэце я заўсёды адчувала сябе на галаву вышэй за аднагодкаў,— дадае Вераніка.

Малады педагог актыўна прымяняе гульнявыя тэхналогіі. Заняткі з малодшымі школьнікамі звычайна пачынае з фрагмента аўдыяказкі. Па яе матывах юныя майстры рыхтуюць эскізы і толькі потым прыступаюць да лепкі. На старце заняткаў — з пластыліну, пасля — з салёнага цеста і толькі потым — з гліны.

— Часам фарміруем кампазіцыю агульнымі намаганнямі: асобных герояў лепяць розныя вучні. Для дзяцей старэйшага ўзросту стараюся рабіць цікавыя прэзентацыі, распрацоўваю гульні па тэме, а складаныя паняцці імкнуся растлумачыць, праводзячы простыя паралелі. Знаёмства з тэрмінам “кампазіцыя” нядаўна пачынала з двух музычных прыкладаў — мелодыі і хаатычнага набору гукаў. Падчас вывучэння прыёмаў сіметрыі і асіметрыі прапанавала скласці з геаметрычных фігур, якія падрыхтавала загадзя, сіметрычную кампазіцыю. У практычнай частцы вылепілі гліняную падкову. Мая формула эфектыўных заняткаў: “Пачуць, убачыць, скласці, зляпіць”, — дзеліцца Вераніка.
Каля 40 дзяцей спяшаюцца да Веранікі Валер’еўны і на заняткі аб’яднання па інтарэсах “Арт-прастора”. Яго праграму малады спецыяліст распрацавала сама.
Яе шлях у педагогіцы толькі пачаўся. Але ініцыятыўнасць Веранікі Пучыла ў цэнтры бачаць, цэняць і падтрымліваюць. Як уладальніца чырвонага дыплома ўніверсітэта яна ўжо ў першы год работы рыхтуецца абараніць другую кваліфікацыйную катэгорыю і будуе вялікія планы ў сваёй педагагічнай дзейнасці.
***

Дырэктар Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “ДАР” Алена Міклаш:
— Сваіх маладых спецыялістаў мы часта ставім у прыклад. Заўсёды з задавальненнем наведваю іх заняткі. Нават калі заходжу без папярэджання, адпачываю душой і адчуваю гордасць за нашу моладзь. Адукаваныя, ініцыятыўныя і працавітыя — гэта ўсё пра нашых маладых спецыялістаў-выпускніц. Яны любяць тое, што робяць, а ў сістэме дадатковай адукацыі гэта галоўны аргумент, які ўтрымлівае ў прафесіі.
Да Бажэны Андрэеўны ўжо мэтанакіравана ідуць з заявамі: працуе сарафаннае радыё. Вераніцы Валер’еўне ў першы год работы дапамаглі набраць групы. За паўгода яна не толькі не страціла ніводнага гурткоўца, але і не пабаялася новага вопыту і цяпер вядзе індывідуальныя заняткі для дзіцяці з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі.
Абодва педагогі сёння працуюць ва ўзорных студыях. Такіх калектываў у нас тры. Трэці — ансамбль танца “Свіцязяначка”. Дарэчы, і сюды — пакуль у якасці сумяшчальніка — вярнуўся працаваць наш выпускнік. Такая заканамернасць гаворыць аб якасці работы ўсяго калектыву.
Источник: https://nastgaz.by
