Пераможцаў конкурсу «Словы, якія саграваюць сэрцы» ўшанавалі ў Дэпартаменце кантролю якасці адукацыі
24.10.2025Конкурс быў прысвечаны 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

На сустрэчу з усіх куточках Беларусі прыехалі 22 дыпламанты, якія прадстаўлялі розныя ўстановы адукацыі, а таксама арганізацыі іншых сфер. Узроставы дыяпазон канкурсантаў складаў ад 8 да 85 гадоў. У ліку пераможцаў — дарослыя і дзеці. Сярод іх педагогі ўстаноў адукацыі ўсіх узроўняў, выхаванцы дзіцячых садоў, навучэнцы школ, гімназій, ліцэяў, каледжаў і ўніверсітэтаў. У правядзенні мерапрыемства актыўны ўдзел прынялі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Міхаіл Мірончык, дырэктар Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Вольга Рыбаключава і яе намеснік Алена Зямнова, а таксама пярвічная арганізацыя прафсаюза дэпартамента.

На конкурс было прадастаўлена больш за 70 работ у розных фарматах — пісьмовыя творы, аўдыя- і відэазвароты. Многія работы суправаджаліся малюнкамі на ваенную тэму, а таксама фатаграфіямі сваякоў, якія змагаліся ў гады ваеннага ліхалецця. У прозе і ў вершаваных радках канкурсанты звярталіся да байцоў, якія змагаліся на фронце, да людзей, якія дапамагалі набліжаць перамогу ў тыле, да жыхароў Ленінграда, якія перажывалі блакаду, да партызан, вязняў канцлагераў, да дзяцей, якія страцілі сваіх бацькоў і родны дом. У сваіх творах удзельнікі расказвалі, як гінулі мірныя жыхары пад бамбёжкамі фашысцкіх захопнікаў, як гарэлі вёскі, як пакутавалі нашы воіны ў халодных акопах і як падымаліся ў бой, калі гучала каманда “За Радзіму! Наперад!”. У творчых работах было столькі болю за людзей, гордасці за нашых салдат, што міжволі ўзнікала пытанне, як усе ўдзельнікі конкурсу маглі такое адчуваць, калі не з’яўляліся сведкамі тых страшных падзей. Адказ адзін: патрыятызм, памяць — гэта ў нашых генах, у нашай нацыянальнай свядомасці, гэта тыя пачуцці, якія перадаюцца не толькі словамі з пакалення ў пакалення, а адчуваюцца сэрцам і душой.

— Мне выпаў вялікі гонар удзельнічаць у конкурсе і расказаць пра ваенныя гады, пра тых людзей, хто набліжаў перамогу для нашай Радзімы, — адзначыла Наталля Яфімаўна Хейфец з Ліды, якая атрымала дыплом І ступені.
Ёй споўнілася 85 гадоў, але, не зважаючы на ўзрост, яна актыўная творчая асоба, піша прозу і вершы. Некаторыя з яе твораў гучаць на гарадскіх мерапрыемствах, на сустрэчах аднадумцаў:
— Хачу выказаць тое, што на сэрцы, і праславіць сённяшняе жыццё і квітнеючую пад чыстым небам Беларусь.

Самы маленькі ўдзельнік конкурсу Лёва Гарбацкі, якому толькі споўнілася 8 гадоў, атрымаў дыплом ІІІ ступені. З дзіцячай непасрэднасцю ён расказаў, што хацеў бы перадаць шакаладкі, любімыя цацкі тым дзеткам, якія трапілі пад агонь бамбёжак, засталіся без прытулку і без ежы.
— А я іду па сваіх Ляхавічах і ў душы нясу вобраз таго воіна, які вызваляў наш горад ад фашысцкай навалы, — падзялілася думкамі ўладальніца дыплома ІІ ступені выкладчыца Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Таісія Шпак. — Гэтыя адчуванні я адлюстравала ў сваім пісьме, адрасаваным безыменнаму герою, і выказала яму вялікую ўдзячнасць за подзвіг.
Душэўная сустрэча перамясцілася ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, дзе канкурсанты мелі магчымасць пагаварыць з дэпутатамі. Вольга Рыбаключава прапанавала праводзіць такія конкурсы і ў наступныя гады. Вялікая Айчынная вайна — адна з кранальных старонак нашай гісторыі, і памяць аб тых падзеях у нашых сэрцах неўміручая. Падобныя творчыя конкурсы і далей станоўча паўплываюць на выхаванне ў дзяцей і дарослых грамадзянскасці і патрыятызму, адзначыла кіраўнік дэпартамента.
Источник: https://nastgaz.by
