Як выхаваць будучых даследчыкаў, ведаюць у Лелюкінскай сярэдняй школе Іўеўскага раёна
23.10.2025Залог паспяховага выхавання будучых даследчыкаў — у зацікаўленасці дзяцей, упэўнены ў Лелюкінскай сярэдняй школе Іўеўскага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Галоўнае — практычная работа
Дырэктар школы Наталля Сушчынская адзначае, што даследаванні ва ўстанове адукацыі ўяўляюць сабой паэтапнае і мэтанакіраванае фарміраванне ў дзяцей неабходных уменняў і навыкаў:
— Займацца даследчай дзейнасцю хлопчыкі і дзяўчынкі пачынаюць з дзіцячага сада. Пад кіраўніцтвам выхавальніцы Алены Чурэйна дзеці робяць першыя крокі ў навуку. Педагог умела арганізоўвае дзейнасць дашкольнікаў, выбірае незвычайныя і цікавыя для малышоў формы работы.
Алена Чурэйна падкрэслівае, што самае галоўнае — практычная работа з малымі, а не выкладанне ім сухой інфармацыі:
— Мы вырошчваем расліны, пячом хлеб, малюем соллю і робім фарбы з агародніны. Адначасова назіраем за працэсамі, якія пры гэтым адбываюцца, вывучаем асаблівасці жывых арганізмаў. Далучаем і бацькоў, якія таксама атрымліваюць магчымасць азнаёміцца з нечым новым. Толькі пры такім узаемадзеянні можна абудзіць у дзяцей цікавасць да даследчай дзейнасці. З дашкалятамі працую 38 гадоў, таму адразу бачу дзетак, якія самі цягнуцца да ўдзелу ў конкурсах.
Штогод выхаванцы Алены Чурэйна займаюць прызавыя месцы ў рэспубліканскім конкурсе “Я — даследчык”. Адна з найбольш цікавых работа прысвечана вывучэнню радаводу, яна адзначана дыпломам ІІІ ступені на абласным этапе.
— Разам з выхаванкай даследавалі чатыры пакаленні яе сям’і: чым займаліся продкі, якую гаспадарку вялі, — расказвае педагог. — Зрабілі акцэнт на ўдзеле сваякоў у Вялікай Айчыннай вайне. Звярталіся да дакументаў, шукалі ў бібліятэках і сямейных архівах інфармацыю, размаўлялі з бабулямі і дзядулямі. Цяпер рыхтуем даследаванне “Чаму бульбу ў Беларусі называюць другім хлебам”. Плануем больш засяродзіцца на традыцыйных беларускіх стравах. Будзем паўтараць сямейныя і архіўныя рэцэпты, фотадакументаваць працэс, а таксама вывучым карысныя ўласцівасці бульбы, асаблівасці крухмалу.
Па словах педагога, удзел у конкурсах развівае памяць і ўседлівасць дзяцей, дае базу для далейшага інтэлектуальнага развіцця, паляпшае камунікатыўныя здольнасці і лагічнае мысленне дашкольнікаў.
На адной хвалі
Наталля Сушчынская заўважае, што ў пачатковай школе эстафету ад дзіцячага сада пераймаюць настаўнікі пачатковых класаў Ганна Булко, Кацярына Місевіч і Марыя Лянцэвіч, якія займаюцца з вучнямі даследаваннямі на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці.
— Гэта інструмент для развіцця інтэлектуальных і творчых здольнасцей навучэнцаў, — адзначаюць настаўніцы. — З навыкамі, набытымі ў дашкольнай установе, вучні не адчуваюць страху перад даследаваннямі і працягваюць развівацца ў азначаным напрамку.
Так, вопытныя ў гэтай справе старшакласнікі ўдзельнічаюць у канферэнцыях, конкурсах, выконваюць праекты пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Аксаны Рэвінскай і настаўніка гісторыі і грамадазнаўства Андрэя Ваўчка.
— Стараюся прымяняць новыя тэхналогіі, задзейнічаць магчымасці штучнага інтэлекту. Напрыклад, каб пазнаёміць школьнікаў з людзьмі, якія праслаўлялі наш край, мы “ажыўляем” іх. Так творцы становяцца больш рэальнымі для дзяцей, што выклікае ў іх шчырую цікавасць. Адукацыйны працэс заўсёды з’яўляецца двухбаковым: я перадаю свае веды навучэнцам, а яны ў сваю чаргу вучаць мяне нечаму новаму і актуальнаму. Мы з імі на адной хвалі, — дзеліцца сакрэтам паспяховай падрыхтоўкі будучых даследчыкаў Аксана Рэвінская.
Сярод інтарэсаў юных навукоўцаў — вывучэнне асаблівасцей сучанага функцыянавання беларускай мовы. Так, у рабоце “Беларускамоўны кантэнт акаўнтаў сацыяльнай сеткі Instagram як адзін са сродкаў папулярызацыі нацыянальнай культуры” навучэнцы адказалі на пытанне, ці папулярная беларуская мова ў сацыяльных сетках.
— Да збору матэрыялу далучыліся амаль усе вучні з 5 па 11 клас, — расказвае педагог. — Усё пачалося з пытання дзяцей на ўроку, у адказ на што я прапанавала ім адшукаць беларускія акаўнты і паспрабаваць зрабіць выснову самім. Дзеці так захапіліся пошукамі, што мы вырашылі даследаваць знойдзены матэрыял. Зрабілі класіфікацыю акаўнтаў, склалі план аналізу і пачалі апрацоўваць даныя. У выніку нашай камандай была напісана работа і створаны інтэрактыўны плакат. Мы прадставілі даследаванне на абласным конкурсе (канферэнцыі) даследчых работ навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Хрустальная Альфа”. Праект быў адзначаны дыпломам II ступені.
З павагай да землякоў
Адзін з галоўных напрамкаў даследчых работ — вывучэнне жыцця і дзейнасці аднавяскоўцаў. Так, для ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе “У кожнага часу свае героі” навучэнцы пад кіраўніцтвам А.Рэвінскай высвятлялі падрабязнасці біяграфіі Івана Жалдака, які служыў у Афганістане.
— На вялікі жаль, на той момант, калі мы працавалі над матэрыялам, яго ўжо не было ў жывых, але нам добра дапамагла яго сястра Марыя Галавенка, былая настаўніца пачатковых класаў нашай школы. Вынік — дыплом III ступені і дыплом I ступені Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства, — дзеліцца суразмоўніца.
Аксана Рэвінская вывучае сферу інтарэсаў дзяцей з 5 класа і спрабуе зацікавіць вучняў. Разам яны выбіраюць тэмы, звязаныя з Іўеўскім раёнам.
— Добрым стартам для пачатку даследчай дзейнасці лічу абласны турыстычна-краязнаўчы праект “Ад вытокаў да будучыні”, — працягвае педагог. — Летась навучэнцы прадставілі работу “Герб горада Іўе”. Да таго ж быў створаны макет герба ў тэхніцы пап’е-машэ з падрабязным апісаннем усіх этапаў яго стварэння. Работа была адзначана дыпломам III ступені.
Адно з апошніх даследаванняў, прадстаўленае на адкрытай абласной краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі вучняў і студэнтаў “Купалаўская вышыня”, прысвечана асобе іўеўскага святара Ільдэфонса Бобіча. У рабоце паказана яго сувязь з родным краем, а таксама значэнне яго дзейнасці для Іўеўшчыны. Навучэнцы даследавалі рукапісы, якія захаваліся, а ў далейшым плануюць заняцца перакладам яго твораў з польскай мовы.
Таксама Аксана Рэвінская выкарыстоўвае інтэрактыўны фармат работы з юнымі навукоўцамі. Напрыклад, дзеці вывучалі твор Ядвігіна Ш. “Лісты з дарогі”, і было вырашана прайсці па слядах пісьменніка, даведацца, наколькі апісанае адпавядала рэчаіснасці.
— У творы прадстаўлены каштоўны этнаграфічны і гістарычны матэрыял. У сваіх падарожных нарысах Ядвігін Ш. змясціў інфармацыю пра матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў. Вывучэнне гэтых нататак дае ўнікальную магчымасць зазірнуць у мінулае землякоў, адчуць непаўторную атмасферу і каларыт таго часу і ўзнавіць панараму гістарычнай рэальнасці Беларусі пачатку ХХ стагоддзя. Мэту сваёй работы мы вызначылі так: адлюстраваць самабытнасць жыхароў Іўеўскага раёна, што і зрабілі разам з навучэнцамі. Мы з першага і да апошняга пункта даследавалі шлях Ядвігіна Ш. і пацвердзілі апісанае з дапамогай мясцовых жыхароў. Распрацавалі турыстычны маршрут і прэзентавалі яго на рэспубліканскай канферэнцыі “Першы крок у навуку” Нацыянальнай акадэміі навук у секцыі “Турызм”, за што атрымалі дыплом II ступені, — расказвае Аксана Рэвінская.
На базе ўстановы адукацыі таксама функцыянуе пошукавая група “Спадчына” пад кіраўніцтвам Андрэя Ваўчка. Матэрыялы даследаванняў навучэнцаў увайшлі ў зборнік І Дзіцячай рэспубліканскай навуковай канферэнцыі “Застацца чалавекам у полымі вайны”, прысвечанай 80-годдзю перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Многія археалагічныя экспанаты, знойдзеныя пры раскопках, захоўваюцца ў Нацыянальнай акадэміі навук: ёсць сярод іх нават рэчы эпохі мезаліту і неаліту.
Кіраўнік школы адзначае, што даследчая дзейнасць стала дзейсным фактарам павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу:
— У дзяцей фарміруецца матывацыя да навучання і павышаецца цікавасць да навукі, развіваюцца практычныя навыкі і ўменні. Выкарыстанне прыёмаў і метадаў даследчай дзейнасці дазваляе ў поўнай меры рэалізаваць творчы патэнцыял адораных і высокаматываваных навучэнцаў. І, вядома, ставім задачу прывіць дзецям любоў да роднага краю, каб яны цанілі малую радзіму і вярталіся сюды ў дарослым узросце.
Источник: https://nastgaz.by