РУС БЕЛ ENG 中文

Водгук у вучняў выклікаюць тэмы, звязаныя з лёсамі людзей, — Вольга Шчука пра асаблівасці выкладання гісторыі

20.10.2025

 

Большасць прадстаўнікоў педагагічнай дынастыі Вольгі Шчукі з Канюхоўскай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна выкладалі гісторыю. Вольга Леанідаўна працягвае сямейную традыцыю. Яна настаўніца гісторыі і разам з тым загадвае кафедрай ідэалагічнай і палітычнай адукацыі дарослых у Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Мае навуковую ступень кандыдата гістарычных навук, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Хачу быць настаўніцай, як мама

Пра гэта з упэўненасцю гаварыла Вольга яшчэ ў пачатковай школе. Яе мама Марыя Ягораўна Сарочык усё жыццё выкладала гісторыю ў школах Гродна. У 2004 годзе была ўзнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Ля вытокаў педагагічнай дынастыі ў сям’і Вольгі Шчукі была яе бабуля Вольга Якаўлеўна Пашкевіч, якая з 1944 па 1972 год працавала настаўніцай пачатковых класаў і загадчыцай Рыжанкоўскай пачатковай школы на Віцебшчыне. У 1962 годзе была адзначана Ганаровай граматай Міністэрства асветы БССР.

— Бацькі з дзяцінства вучылі мяне цаніць адукацыю як магутны інструмент, здольны змяніць жыццё да лепшага, — дзеліцца Вольга Леанідаўна. — Нарадзілася і вучылася я ў Гродне. Любоў да гісторыі ў старшых класах умацоўвала ўва мне настаўніца Ірына Вячаславаўна Раманава. Яе аповеды пра лёсавызначальныя па­дзеі, людзей, якія праявілі мужнасць і гераізм, нікога не пакідалі абыякавым. Дзякуючы ёй зразумела, што хачу выкладаць гісторыю. У нашай сям’і нямала педагогаў. Ёсць настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, біялогіі. Гістарычны факультэт скончылі мае два дзядзькі і дзве цёткі. Нават мой муж Андрэй Іосіфавіч Шчука — настаўнік гісторыі. Спадзяюся, гэты ланцужок пакаленняў не перапыніцца, і яго годна працягнуць нашы сыны.

Сямейныя сувязі

— Працаваць я пачала яшчэ на 4 курсе ўніверсітэта. Па размеркаванні трапіла ў сярэднюю школу № 5 Гродна, дзе калісьці пачынала свой шлях мая мама. Адначасова займалася навуковай дзейнасцю, рыхтавалася да паступлення ў аспірантуру, якую пасля скончыла завочна, — расказала Вольга Леанідаўна. — Мне блізкія тэмы, звязаныя з гісторыяй Заходняй Беларусі і гісторыяй яўрэяў на тэрыторыі беларускіх зямель у розныя гістарычныя перыяды. З гэтым звязаны і выбар тэмы дысертацыйнага даследавання, прысвечанага дзейнасці яўрэйскіх палітычных партый і арганізацый на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд. Кандыдацкую абараніла ў лютым 2015 года. У той час знаходзілася ў дэкрэтным водпуску са старэйшым сынам. 

Вольга і Андрэй Шчука пазнаё­міліся падчас вучобы ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Былі не проста на адным курсе, а аднагрупнікамі. Абое скончылі ўніверсітэт з адзнакай і разам пачалі свой шлях у педагогіцы. Падтрымка адно аднаго — аснова іх жыцця, прафесійнага і асабістага.

У 2007 годзе Андрэй Шчука ўзначаліў Канюхоўскую сярэднюю школу, а ўжо праз год да яго прыехала Вольга Леанідаўна, уладкавалася настаўніцай гісторыі і геаграфіі. Муж і жонка на сямейных саветах пастаянна гаварылі пра школу, абмяркоўвалі ўрокі, поспехі вучняў, новыя педагагічныя ідэі. І нават крытыка, калі ўзнікала, была канструктыўнай, дапамагала прафесійна сталець, шукаць лепшыя рашэнні. Андрэя Іосіфавіча ў 2019 го­дзе запрасілі на пасаду намесніка старшыні Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта курыра­ваць са­цыяльную сферу, дзе ён працягвае працаваць і сёння.

Атмасфера сельскай школы

— У Канюхоўскай сярэдняй школе мне ўдалося ўвасобіць свае педагагічныя ідэі, — гаворыць Вольга Шчука. — Менавіта сельская школа дае ўнікальную магчымасць быць бліжэй да кожнага вучня, бачыць яго рост, перажываць разам з ім поспехі і цяжкасці. У першыя гады работы я хвалявалася, адчувала велізарную адказнасць. Тады мае падыходы былі больш фармальнымі, старалася прытрымлівацца праграмы і вучыць па падручніку. Але з часам стала весці ўрокі больш дынамічна, выкарыстоўваць разнастайныя падыходы, камунікацыйныя тэхналогіі, інтэрактыўныя формы і метады работы. Далучала вучняў да работы праз гульнявыя метады, дыферэнцыраваныя заданні, лічбавыя інструменты, праз выкарыстанне гістарычных анекдотаў, арганізацыю дэбатаў і дыскусій.

Вольга Шчука дае параду маладым педагогам:

— Перш за ўсё будзьце цярплівымі і адкрытымі да мясцовых традыцый, паважайце асаблівасці свайго сацыякультурнага асяроддзя. Вучыцеся чуць і разумець бацькоў, будуйце даверлівыя адносіны з вучнямі. Развівайцеся, шукайце падтрымку ў вопытных калег, не бойцеся задаваць пытанні. Прыўносьце творчасць ва ўрокі і пазаўрочную дзейнасць, каб вучням было цікава, каб кожны адчуваў сваю значнасць, дзяліўся думкамі і адкрыта задаваў пытанні. Стварайце ў класе цёплую сяброўскую атмасферу і не забывайце пра ўніверсальны сродак — гумар.

Жывы прадмет

Вольга Леанідаўна развівае ў вучняў крытычнае мысленне, паказвае, што гісторыя — гэта не проста набор дат і падзей, што мінулае звязана з сучаснасцю: не ведаючы яго, немагчыма адэкватна ўспрымаць тое, што адбываецца сёння, і ствараць будучыню.

— Каб зацікавіць дзяцей, трэба прывесці прыклады з жыцця, арганізаваць дыскусію, ролевую гульню, адправіцца ў віртуальную экскурсію па гістарычных мясцінах, прыдумаць даследчы праект. Вялікі водгук у сучасных вучняў выклікаюць тэмы, звязаныя з лёсамі людзей: рэвалюцыі, сусветныя войны, рэформы. Ім важна разумець, як гэтыя падзеі паўплывалі на жыццё сённяшняе, — адзначае педагог. — Гісторыю я разглядаю як жывы прадмет, дзе важныя вусныя выказванні вучняў, уменне аналізаваць падзеі і гістарычныя крыніцы, прыводзіць аргументы. У сваю чаргу пісьмовыя работы, тэсты дапамагаюць структураваць думкі. Каб правільна ацаніць веды дзіцяці, лепш падыходзіць да праверкі комплексна: праз праекты, эсэ, дыялогі, абмеркаванні і вусныя выступленні.

Вольга Шчука выкарыстоўвае мультымедыйныя прэзентацыі, анлайн-рэсурсы. У дапамогу штучны інтэлект, напрыклад, калі трэба аўтаматызаваць тэсціраванне, распрацаваць індывідуальны маршрут для высокаматываваных навучэнцаў. Як класны кіраўнік у 11 класе Вольга Леа­нідаўна сродкамі свайго прадмета фарміруе ў вучняў пачуццё гордасці за Ра­дзіму, разуменне нацыянальных і сямейных традыцый, адчуванне прыналежнасці да грамадства, пэўнай культуры.

— Але ключ да поспеху — індывідуальны падыход, — гаво­рыць настаўніца. — Матывую дзяцей працаваць над сацыяльнымі і вучэбнымі праектамі, уключацца ў навукова-даследчую дзейнасць. За апошнія некалькі гадоў з нашымі тэмамі мы заявілі пра сябе не толькі на раённым, але і на абласным і рэспубліканскім узроўнях.

У 11 класе Вікторыя Дабрэнка атрымала дыплом II ступені на абласным этапе конкурсу даследчых работ па вучэбных прадметах “Крышталёвая Альфа — 2024”. Яе даследаванне прысвечана між­ваеннаму перыяду на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Два гады запар Вікторыя станавілася пераможцай абласнога этапу адкрытай навукова-практычнай канферэнцыі “Навука перамагаць”. Яна прадстаўляла работу “На шляху да цытадэлі: успаміны ўраджэнцаў Бераставіччыны пра баі за Кёнігсберг” і даследаванне “Баявы і працоўны шлях А.М.Варанецкага”, прысвечанае Герою Сацыялістычнай Працы. Вікторыя ўзнагаро­джана дыпломамі на XIII Каложскіх адкрытых абласных навукова-адукацыйных чытаннях і падчас рэс­публіканскай экалагічнай акцыі “Сцяжынкамі Бацькаўшчыны”. Сёння дзяўчына — студэнтка філалагічнага факультэта Гродзенскага ўніверсітэта.

Максім Салома ў 9 класе (зараз ён вучыцца ў 11-м) атрымаў дыплом за сацыяльны праект “Лісты нашчадкам Перамогі” ў рамках Рэспубліканскай патрыя­тычнай акцыі “Іх подзвіг у памяці нашчадкаў захаваем”. У лістах, напісаных школьнікам нібыта ад імя мясцовых жыхароў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, быў зварот да моладзі. Праект падтрыманы на раённым узроўні арганізацыяй “Белая Русь”. Лісты нашчадкам надрукавалі і распаўсюджвалі сярод удзельнікаў памятных мера­прыемстваў, прысвечаных 80-годдзю Перамогі.

Максім Салома і Вікторыя Даб­рэнка перамаглі на ўзроўні рэспублікі ў конкурсе “У кожнага часу свае героі”. У рамках абласнога патрыятычнага марафону “Кубак патрыёта” каманда школы ўзнагароджана ў конкурсе прэзентацый “Героі Афганскай вайны”.

Выконваць тайм-менеджмент

Работа ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі ў Вольгі Шчукі звязана з метадычнай падтрымкай настаўнікаў, даследаваннямі, прычым не толькі ў галіне педагогікі, падрыхтоўкай пуб­лікацый для навуковых часопісаў і зборнікаў міжнародных навукова-практычных канферэнцый. Зараз, напрыклад, спецыяліст праводзіць даследаванне, якое тычыцца фарміравання электаральнай адукаванасці навучэнцаў.   

— Навуковыя даследаванні даюць новыя веды і падыходы, а работа ў школе — зваротную сувязь і рэальную практыку. Гэта дапамагае сістэматызаваць вопыт, а пасля дзяліцца ім з калегамі, — гаворыць Вольга Леанідаўна. — Сумяшчэнне ўсіх гэтых напрамкаў, безумоўна, патрабуе дакладнага планавання, размеркавання часу. Ёсць такое моднае слова “тайм-менеджмент”. Калі шчыра, мне нават падабаецца мая такая загружанасць. У сітуацыі цэйтноту я максімальна канцэнтруюся і паспяваю многае.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: