Як малакамплектная сельская школа стала рэспубліканскім рэсурсным цэнтрам па здароўезберажэнні
10.10.2025“Колькі ўсяго зроблена, а колькі яшчэ ідэй!” — гэтыя словы Алены Мікша, дырэктара Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна, лепш за ўсё характарызуюць яе кіраўніцкую філасофію. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Сем прынцыпаў кіравання
Місія задае мэту
— Наша місія альтруістычная: сфарміраваць у навучэнцаў матывацыю да здаровага ладу жыцця і стварыць адпаведнае асяроддзе. Выбралі гэты кірунак яшчэ дзесяць гадоў назад. Гэта было прадыктавана высокім працэнтам (34%) дзяцей з падрыхтоўчай групай здароўя, у школе не праводзіліся спартыўна-масавыя мерапрыемствы з удзелам бацькоў, забяспечанасць спартыўным інвентаром складала 76%. Хацелася сітуацыю значна палепшыць. І дзеля гэтага спачатку далучыліся да аднаго інавацыйнага праекта, прысвечанага руху, яго культуры і ўплыву на здароўе. Потым сталі ўдзельнікамі другога праекта, скіраванага на павышэнне метадычных ведаў настаўнікаў, — прыгадвае дырэктар.
Гэтыя крокі дазволілі школе спачатку стаць раённым, а потым абласным цэнтрам эфектыўных педагагічных практык, а з верасня 2024 года — рэспубліканскім цэнтрам па здароўезберажэнні, адным з 17 у краіне.
Каманда забяспечвае рух
— У нашым педагагічным калектыве, дзе ўсяго 14 настаўнікаў, ролі падзелены на чатыры групы ў адпаведнасці з методыкай “Кельцкае кола”. “Паўночныя” валодаюць арганізатарскімі здольнасцямі, дысцыплінаванасцю, якасна выконваюць абавязкі (настаўніца хіміі Таццяна Троцкая, настаўніца пачатковых класаў Ганна Іосіфаўна Вільчэўская, настаўніца замежнай мовы Марыя Бартось). “Паўднёвыя людзі” ствараюць станоўчую атмасферу і дапамагаюць калектыву наладжваць добрыя ўзаемаадносіны (намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Таццяна Бярцэвіч, настаўніца пачатковых класаў Марыя Каспарэвіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ганна Антонаўна Вільчэўская). Да “ўсходніх” адносяцца вынаходнікі і крэатыўныя асобы, здольныя генерыраваць новыя ідэі (настаўніца фізічнай культуры і здароўя Ірына Вараноўская, настаўніца пачатковых класаў Хрысціна Іодка, настаўніца гісторыі Валянціна Мінгілевіч). Да “заходніх” — практыкі, якія здольны рэалізоўваць ідэі (настаўніца рускай мовы і літаратуры Марыя Матоніс, настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Юрый Вільчэўскі, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Генадзій Вараноўскі, настаўніца пачатковых класаў Ірына Семся), — расказвае Алена Іосіфаўна. Яе ж роля як лідара — падтрымліваць баланс і правільна выкарыстоўваць усе рэсурсы.
Ідэі даюць энергію
— Без новых ідэй сумна і нецікава працаваць. Пастаянны пошук, генерыраванне і ўкараненне інавацый — абавязковая ўмова развіцця. Таму крэатыўнасць заахвочваецца на ўсіх узроўнях, — падкрэслівае кіраўнік установы.
Сама яна імкнецца падаваць прыклад калегам, увесь час знаходзячыся ў пошуку новых цікавых ідэй.
— Нечакана прыйшла ідэя выкарыстоўваць на занятках пачатковай школы каардынацыйныя лесвіцы, праз якія дзеці скачуць на ўроках фізічнай культуры. Напрыклад, на ўроку рускай мовы два навучэнцы навыперадкі скачуць па лесвіцы і пры гэтым падбіраюць прыметнікі да назоўніка. Так аб’ядноўваюцца рух і навучанне, — дзеліцца дырэктар.
Адказнасць структуруе працэс
— Спалучэнне індывідуальнай і калектыўнай адказнасці — залог эфектыўнасці работы нашай каманды. Наглядны прыклад — праект “Крокі бяспекі”. Дзейнічаў ён на працягу ўсяго навучальнага года. Кожны месяц быў прысвечаны пэўнай тэме па бяспецы. Кожны класны кіраўнік рыхтаваў адпаведныя інфармацыйныя “кубы” (крос-куб, квіз-куб з віктарынамі, арт-куб, рэбус-куб, квест-куб, лэп-куб, верш-куб, рух-куб) і далучаўся да праекта ў пэўны месяц, выстаўляючы падрыхтаваную інфармацыю на прыступках школьнай лесвіцы. За год сабралі столькі інфармацыі! Зараз гэтыя “кубы” выкарыстоўваюцца падчас класных гадзін, — расказвае Алена Іосіфаўна.
Рызыка адкрывае новыя гарызонты
— Свядомае прыняцце абгрунтаваных рызык — шлях да прарыву. Страх — не прычына для адмаўлення, а стымул да лепшай падрыхтоўкі. І гэта дабаўляе адказнасці, — пераканана дырэктар школы.
Як прыклад, яна прыгадвае ўдзел у першым рэспубліканскім конкурсе сярод кіраўнікоў, які праводзіла Акадэмія адукацыі:
— Інфармацыя пра конкурс прыйшла на электронную пошту. І мы рызыкнулі, хаця бачылі, што сярод удзельнікаў шмат гарадскіх школ, гімназій. На завочным этапе неабходна было выканаць пяць творчых заданняў, сярод якіх эсэ пра кіраўніцкую каманду школы, постар, візітка. У выніку мы трапілі ў фінал. Атрымалі дыплом ІІІ ступені і вельмі гэтаму рады. Было не толькі цікава, але і карысна пазнаёміцца з калегамі, паглядзець на іх вопыт і падзяліцца сваім.
Планаванне абараняе ад хаосу
— Я ўсё планую — ад рабочых задач да асабістых спраў. Планаванне задае рытм, дапамагае ў рэалізацыі складаных праектаў, мінімізуе стрэс ва ўмовах “насычанага” часу, — разважае дырэктар.
Такі падыход дазволіў школе мабілізаваць рэсурсы і выдатна падрыхтавацца да рэспубліканскага семінара па тэме здароўезберажэння, што адбыўся тут у маі 2025 года.
— Спачатку вельмі хвалявалася, як мы справімся. Аднак мне пашчасціла пабываць на двух такіх семінарах у Віцебску і Светлагорску. І гэта мяне супакоіла, я зразумела: нам ёсць што паказаць і пра што расказаць. Калектывам распрацавалі дэталёвы план правядзення семінара і рэалізавалі яго, праявіўшы сябе на ўсе сто працэнтаў, — з гордасцю дзеліцца Алена Іосіфаўна.
Рэфлексія гарантуе пастаянны рост
— Аналіз вопыту (поспехаў і няўдач), адкрытасць новаму, гатоўнасць вучыцца і прыстасоўвацца — аснова пастаяннага развіцця лідара і ўстановы, — упэўнена дырэктар.
Сем цікавых фактаў пра Алену Іосіфаўну Мікша
- Любімая лічба — 7.
- 13 гадоў з’яўлялася педагогам сацыяльным у Радунскай школе-інтэрнаце.
- У 2009 годзе стала лаўрэатам (уладальніцай дыплома І ступені) рэспубліканскага конкурсу сярод педагогаў сацыяльных. Прадстаўляла праект па дапамозе дзецям — выхаванцам школ-інтэрнатаў у сацыялізацыі.
- Ніводнага дня не працавала па атрыманай спецыяльнасці “Настаўнік малодшых класаў”.
- Каманда школы пад яе кіраўніцтвам атрымала дыплом на першым конкурсе кіраўнікоў, арганізаваным у мінулым годзе Акадэміяй адукацыі. Пры гэтым толькі дзве ўстановы Гродзенскай вобласці выйшлі ў фінал: Клайшанская школа і гімназія імя Карскага.
- Была ініцыятарам стварэння адзінай формы для настаўнікаў школы.
- Працоўны калектыў школы, якой кіруе Алена Мікша, 17 чэрвеня 2025 года рашэннем Воранаўскага раённага выканаўчага камітэта занесены на раённую Дошку гонару за значны ўклад у развіццё сферы адукацыі і ўкараненне перадавога педагагічнага вопыту.
Сем адметнасцей школы як рэспубліканскага рэсурснага цэнтра
- Зялёны клас. Ен размяшчаецца на прышкольнай тэрыторыі. Тут у цёплы час года праводзяцца ўрокі і актыўныя заняткі.
- Тыдзень здаровага ладу жыцця арганізоўваецца ў школе кожную чвэрць. Мерапрыемствы праходзяць падчас перапынкаў. Кожны раз шукаецца новы спосаб зацікавіць навучэнцаў, што робіць кожны такі тыдзень непаўторным. Напрыклад, праводзіліся акцыя па здаровым харчаванні, майстар-клас па чытанні этыкетак на прадуктах. Карыснымі былі тыдні, звязаныя з праектнай дзейнасцю. Вынікам праекта “Простыя правілы ЗЛЖ” стала стварэнне настольных гульняў па здаровым ладзе жыцця. А апошні рэалізаваны праект “Смартфон — ці такі ён добры?” дапамог дзецям вывучыць інфармацыю аб негатыўных наступствах выкарыстання мабільных тэлефонаў праз стварэнне “пакрыўджаных” макетаў органаў чалавека.
- Дзейнічаюць два атрады. Члены атрада валанцёраў здаровага ладу жыцця праводзяць заняткі з дзецьмі сваёй і суседніх школ па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”; члены антынаркатычнага атрада “Выбар” прапануюць інтэрактыўныя мерапрыемствы як у школе, так і на тэрыторыі вёскі з удзелам жыхароў.
- 100 парад для здароўя. Пры ўваходзе ў школу ўсталяваны вялікі стэнд, на якім размешчаны парады знакамітых пісьменнікаў, філосафаў. Навучэнцы, бацькі, педагогі, медыцынскія работнікі, выпускнікі школы і яе госці таксама маюць магчымасць пакінуць свае парады адносна здаровага ладу жыцця ў адпаведных “кнігах” — калекцыі ў шасці тамах.
- Стварэнне рухальнай прасторы. На калідоры звяна пачатковых класаў прадугледжаны інтэрактыўныя дарожкі на падлозе: “класікі”, балансір, змейка, якія дазваляюць дзецям актыўна рухацца. У свабодным доступе нейраскакалкі і джамперы. Гэтыя трэнажоры павышаюць энергетычны тонус, развіваюць каардынацыю рухаў. Для больш спакойнага баўлення часу прадугледжаны шашачныя сталы. Для дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту каля сталоў для гульні ў шашкі замест крэслаў стаяць стэп-платформы, дыскі здароўя або фітболы.
- Сабрана метадычная электронная скарбонка здароўезберагальных тэхналогій: дыхальная гімнастыка, пальчыкавыя гульні, дынамічныя паўзы, артыкуляцыйная гімнастыка, практыкаванні для вачэй, кінезіялогія, метады арт-тэрапіі. У скарбонцы ўжо больш за трыста прыёмаў, з іх восемдзесят апісаны з выкарыстаннем фота заняткаў, праведзеных у школе.
- Футбольная фан-зона. Яна дазваляе дзецям і адпачыць, і паглыбіць свае веды па футболе дзякуючы зменнай выставе-віктарыне і стэнду з інфармацыяй, а ў суседняй рэкрэацыі дзеці маюць магчымасць удасканальваць свае спартыўныя навыкі, выкарыстоўваючы трэнажоры для чаканкі мяча. Тут жа ў кутку здароўя размешчаны прыборы для самастойнага вымярэння розных параметраў. Самыя запатрабаваныя прыборы ў падлеткаў — растамер і шалі, у дарослых — танометр, а ў малодшых школьнікаў — масажоры су-джок.
Источник: https://nastgaz.by