РУС БЕЛ ENG 中文

Дзень незвычайных прывітанняў

25.11.2020

 

Вольга ЦІШУК, выхавальнік ясляў-сада № 10 Навагрудка:

"Да Сусветнага дня прывітанняў ў сярэдняй спецыяльнай “Б” групе з цяжкімі парушэннямі маўлення ясляў-сада № 10 Навагрудка прайшоў тэматычны дзень радасных эмоцый і добрага настрою.

Каб стварыць станоўчую і спрыяльную атмасферу, якая забяспечвае збліжэнне і паразуменне дзяцей і дарослых, дзень пачаўся з абмену рознымі незвычайнымі прывітаннямі – не як заўсёды, а па-іншаму. Таксама бацькам было дадзена заданне павітаць напрацягу дня хаця б дзесяць незнаёмых прахожых і расказаць увечары, што з гэтага атрымалася. Ва ўсіх адразу ўзнік добры настрой, бо часам дастаткова проста ўсміхнуцца, каб заразіць нават незнаёмага чалавека зарадам бадзёрасці і энергіі.

          

У гэты дзень выхаванцы групы здзейснілі займальнае падарожжа ў свет прывітанняў розных народаў. Яны пазнаёміліся з вытокамі свята, даведаліся пра тое, як вітаюць адно аднаго ў розных кутках планеты.

У гульні “Маё прывітанне” хлопчыкі і дзяўчынкі павінны былі павітацца так, каб паказаць сваё прыязнае стаўленне адно да аднаго, а гульні “Снежны ком”, “Рэха”, “Слоўнік ветлівых слоў”, “Перадай ўсмешку” спрыялі стварэнню даверу і эмацыйнага камфорту, групавой згуртаванасці, развіццю эмацыйнай выразнасці, увагі, хуткасці рэакцыі.

Таксама для выхаванцаў прагучалі вершы пра ветлівыя словы і словы-прывітанні, пра іх значнасць у жыцці людзей, а пасля малыя праслухалі і абыгралі песню “Усмешка”. У завяршэнні святочных мерапрыемстваў дзеці заняліся маляваннем далонькамі, бо менавіта далонь лічыцца сімвалам прывітання – яе можна паціснуць або памахаць ёю.

Так у атмасферы усмешак і дабра прайшоў, здавалася б, звычайны дзень. Дашкаляты запомнілі, што трэба імкнуцца быць добразычлівымі з усімі навакольнымі, і самае галоўнае – вітацца і казаць ветлівыя словы неабходна кожны дзень".

 

ng-press.by