100 радкоў пра калегу. Пад крылом такіх педагогаў, як Святлана Ненартовіч, вырастаюць яркія таленты
07.10.2025Сёння Святлана Вацлаваўна — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, а пачынала працаваць у нашай установе як настаўнік-дэфектолаг.
Пасада няпростая, адказная. Здольныя дзеці схопліваюць усё на ляту, а вось асаблівым патрэбна дадатковая дапамога і падтрымка.
— Настаўнік-дэфектолаг — гэта чалавек з адметным светапоглядам, ініцыятыўны, энергічны, упэўнены ў паспяховым выніку сваёй дзейнасці, добразычлівы і тактоўны, — лічыць калега.
У прафесійным жыцці Святлана Ненартовіч кіруецца словамі К.С.Станіслаўскага: “Цяжкае зрабіць прывычным, прывычнае — лёгкім і лёгкае — цудоўным”.
Галоўнае — знайсці падыход да кожнага дзіцяці, прыняць яго такім, якое яно ёсць, радавацца разам з ім поспехам, перажываць з-за няўдач.
Педагогам Святлана Вацлаваўна стала па поклічы сэрца і па прыкладзе родных. Усё жыццё побач з ёй былі настаўнікі — бабуля, бацькі, старэйшы брат. Яна таксама вырашыла быць дарадчыкам, сябрам, лекарам дзіцячых сэрцаў. Бацькі падтрымалі прафесійны выбар дачкі. Пасля школы яна паступіла ў Ваўкавыскае педвучылішча на настаўніка абслуговай працы, затым была вучоба ў БДПУ на настаўніка-дэфектолага. Педагагічную дзейнасць пачала ў Радунскай школе-інтэрнаце. Там была і настаўніцай, і выхавальніцай, і мамай, але часцей за ўсё мамай. Пазней па сямейных прычынах перайшла ў Пагародзенскую школу.
На думку Святланы Ненартовіч, усе дзеці аднолькавыя, проста некаторыя патрабуюць больш увагі, цярпення, прафесіяналізму з боку педагога. Вучні Святланы Вацлаваўны не дасягаюць зорнага поспеху, але яны вельмі ўдзячны ёй. Іх словы падзякі і кветкі, зробленыя ці вырашчаныя сваімі рукамі, прыносяць настаўніцы радасць.
Источник: https://nastgaz.by