Яркім педагагічным почыркам пішуць гісторыю сваіх прафесійных дасягненняў настаўнікі з розных рэгіёнаў
03.10.2025Напярэдадні Дня настаўніка, свята, напоўненага ўдзячнасцю і павагай да тых, хто прысвяціў сваё жыццё гэтай складанай, важнай і адказнай прафесіі, “Настаўніцкая” звярнулася па словы віншаванняў да кіраўнікоў адукацыйнай галіны краіны ў рэгіёнах.
Яркім педагагічным почыркам
Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў асабліва падкрэсліў значнасць ролі педагогаў:
— Праца настаўніка выклікае глыбокую павагу. У ёй заключаны стваральны сэнс — дапамагчы кожнаму знайсці свой уласны шлях, сваё прызванне, дасягнуць асабістага поспеху і прыносіць карысць людзям, роднай краіне. Гомельшчына заўсёды славілася моцнай педагагічнай школай. Прыклад настаўніка натхняе многіх маладых людзей выбіраць гэтую прафесію. Такая пераемнасць пакаленняў, зберажэнне, прымнажэнне традыцый, якімі мы па праве ганарымся, дазваляюць упэўнена рухацца наперад, развіваючы сістэму адукацыі на суверэннай аснове, спалучаючы лепшыя напрацоўкі і вопыт савецкай школы з сучаснымі падыходамі. У духу гэтай пераемнасці і імкнення да прафесійнай дасканаласці праводзім абласны фестываль “Педагагічныя надзеі”, які збірае лепшых настаўнікаў рэгіёна, дэманструючы іх высокі прафесіяналізм і творчы падыход. На фестывалі асаблівае прызнанне атрымалі педагогі, удастоеныя дыпломаў I ступені: настаўнік сярэдняй школы № 13 Жлобіна Арцём Ядлоўскі, настаўніца пачатковых класаў гімназіі Рагачова Жанна Крукоўская, настаўнік гісторыі Вербавіцкай базавай школы Нараўлянскага раёна Сяргей Стральчук, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 10 Светлагорска Юлія Пляханава.
Прафесійнае свята аб’ядноўвае настаўнікаў у вялікую педагагічную сям’ю, у якой кожны робіць усё, каб маладыя людзі атрымлівалі веды, імкнуліся да навучання і раскрывалі свае таленты. У рэгіёне працуюць каля 26 тысяч педагагічных работнікаў, у тым ліку каля 1000 маладых нашых калег, якія прыйшлі ў вялікую педагагічную сям’ю ў першы дзень восені. Менавіта з педагогамі кожны вучань праходзіць шлях даўжынёй у гады, ад першага ўрока да апошняга званка. Гэта яны натхняюць сваіх выхаванцаў, дапамагаючы пераадольваць цяжкасці, падтрымліваючы на шляху да мары. Настаўнікі перадаюць вучням не толькі веды і навыкі, неабходныя ў жыцці, але і свае лепшыя чалавечыя якасці — тое, што дапамагае многім выпускнікам вызначыцца на жыццёвым шляху.
Сфера адукацыі Гомельскай вобласці дынамічна развіваецца, штогод заваёўваючы новыя вяршыні. У цесным тандэме “педагог — навучэнец” дасягаюцца выдатныя вынікі, якія служаць яркім сведчаннем высокага прафесіяналізму педагагічнай грамадскасці рэгіёна.
Лепшых педагогаў адрознівае ўменне ператварыць навучанне ў займальны працэс. Так падыходзяць да работы тыя спецыялісты, чые вучні ў 2025 годзе па выніках ЦЭ, ЦТ атрымалі шэсць і больш 100-бальных сертыфікатаў. Гэта настаўніцы рускай мовы і літаратуры Гомельскага гарадскога ліцэя № 1 Святлана Судкова і гімназіі Чачэрска Ірына Патапенка; настаўніца матэматыкі гімназіі № 14 Гомеля Таццяна Ткачэнка; настаўніцы Мазырскага абласнога ліцэя Ірына Купрыенка (матэматыкі), Ірына Клусовіч і Таццяна Чарняк (рускай мовы і літаратуры), Валянціна Шэцка (беларускай мовы і літаратуры).
Ганарымся педагогамі-трэнерамі, якія штогод уносяць сур’ёзны ўклад у перамогу навучэнцаў вобласці на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. Гэта педагог дадатковай адукацыі Цэнтра юных пажарных Мазыра Аляксей Баруноў, настаўнікі працоўнага навучання сярэдняй школы № 13 Жлобіна Дзмітрый Доўнар і гімназіі Светлагорска Людміла Лучына, настаўніца фізікі гімназіі № 14 Гомеля Алена Знахарэнка, настаўнікі матэматыкі сярэдняй школы № 61 Гомеля Аляксандр Струк і гімназіі № 51 Гомеля Якаў Канстанціноўскі, настаўніцы гісторыі Гомельскага абласнога ліцэя Галіна Пастухова і сярэдняй школы № 2 Рагачова Вольга Краўчанка, настаўніцы англійскай мовы гімназіі № 51 Алена Сматрыцкая і гімназіі імя Янкі Купалы Мазыра Вераніка Арлова.
Многія таленавітыя вучні прыйшлі да поспеху на міжнародных алімпіядах і турнірах па інфарматыцы, матэматыцы, фізіцы дзякуючы педагогам Міхаілу Далінскаму, Ірыне Ганчарэнка, Алене Філіпенка, Вользе Рабцавай, Уладзіміру Кумакову.
Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 14 Гомеля Жанна Жадзейка выхоўвае сапраўдных лінгвістычных зорак. Жанна Фёдараўна не толькі доўгія гады з’яўляецца абласным трэнерам каманды навучэнцаў па падрыхтоўцы да рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, але і паспяхова рыхтуе дзяцей да алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”. Не магу не адзначыць заслугі дырэктара гімназіі № 51 Гомеля Аляксандра Пахучага, уладальніка звання “Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”… Імёны гэтых і многіх іншых педагогаў Гомельшчыны даўно сталі сінонімам працавітасці і адданасці прафесіі.
Асаблівую ўдзячнасць заслугоўваюць ветэраны педагагічнай працы, якія ўнеслі вялікі ўклад у адукацыю і выхаванне некалькіх пакаленняў. Сёння яны перадаюць вопыт і веды маладым калегам — дастойным прадаўжальнікам традыцый высакароднай і важнай прафесіі.
Безумоўна, галоўнай узнагародай для любога настаўніка застаецца прызнанне вучняў. Дзякуючы майстэрству, цярпенню і любові да дзяцей, фарміруюцца сапраўдныя асобы, гатовыя да новых дасягненняў і перамог.
Няхай у вашых сэрцах, паважаныя педагогі, заўсёды жыве любоў да прафесіі, а павага вучняў і бацькоў, гордасць за поспехі выхаванцаў надаюць вам сілы. Жадаю моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі, творчых поспехаў!
Таленавітыя і творчыя
Людміла ЗДОРЫКАВА, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, лічыць, што ва ўсе часы настаўнік — гэта чалавек з вялікай літары, які фарміруе дзіцячыя душы, закладвае ў навучэнцаў галоўныя жыццёвыя арыенціры:
— Прыемна адзначаць, што магілёўскія педагогі як нельга лепш падыходзяць пад гэтую характарыстыку. Зараз у вобласці працуе звыш 20 тысяч педагагічных работнікаў, больш за 72% з іх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. 44 прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці валодаюць кваліфікацыяй “настаўнік-метадыст”.
Асабліва ганарымся тым, што менавіта ў нашым рэгіёне працуе першы народны настаўнік Беларусі Валерый Барашкоў. Больш за чатыры дзесяцігоддзі Валерый Васільевіч раскрывае таямніцы фізікі навучэнцам Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1. За гэты перыяд ён падрыхтаваў 100 пераможцаў трэцяга і 78 заключнага этапаў рэспубліканскіх алімпіяд, 13 медалёў і 1 пахвальны водгук яго вучні заваявалі на міжнародным узроўні. Акрамя таго, Валерый Барашкоў з’яўляецца аўтарам шэрага кніг і метадычных дапаможнікаў.
Сёння нямала дасягненняў дэманструюць нашы адораныя навучэнцы. Сёлета вучні ўзялі 9 узнагарод на міжнароднай арэне і вызначыліся 91 дыпломам на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У гэтых поспехах істотны ўклад настаўніцы інфарматыкі гімназіі № 2 Магілёва Алены Качанавай, настаўніка фізічнай культуры і здароўя Цялушскай сярэдняй школы Бабруйскага раёна Аляксандра Гацко, настаўніцы працоўнага навучання сярэдняй школы № 33 Магілёва Наталлі Круталевіч, настаўніцы рускай мовы і літаратуры Ялізаўскай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна Галіны Бурак, настаўніка фізікі Аляксандра Сугакевіча і настаўніка матэматыкі Вадзіма Лабанка з ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта імя Л.Я.Маневіча, настаўніка фізічнай культуры і здароўя гімназіі № 3 Магілёва Андрэя Бязлепкіна, настаўніцы кітайскай мовы гімназіі № 4 Магілёва Дар’і Стальмаховай, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Наталлі Радзьковай, настаўніка хіміі Георгія Папова, настаўніка геаграфіі Дзмітрыя Паджыгерава і настаўніка фізікі Уладзіміра Грабцэвіча з Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1.
Педагогі ўдзяляюць павышаную ўвагу не толькі навучанню і трываласці ведаў. У прыярытэце ва ўсіх калектывах развіццё здольнасцей дзяцей, выхаванне патрыёта і грамадзяніна. Настаўнікі ўмела раскрываюць патэнцыял вучняў, укладваюць у іх светапогляд духоўна-маральныя каштоўнасці.
Прыдняпроўскаму краю наогул неверагодна пашанцавала! У нас вялікае мноства таленавітых, творчых, захопленых педагогаў-прафесіяналаў.
Прычым вопыт настаўнікаў са стажам вынікова спалучаецца з навацыямі і крэатыўнасцю іх маладых калег. У апошнія гады шмат чаго было зроблена ва ўдасканаленні матэрыяльнай базы навучальных устаноў. Але менавіта мэтанакіраванасць, энтузіязм і майстэрства педагогаў дазваляюць забяспечваць высокі ўзровень якасці адукацыі.
Напярэдадні прафесійнага свята шчыра жадаю ўсім настаўнікам здароўя і дабрабыту, цярпення і аптымізму ў нялёгкай, але такой важнай працы. Няхай у вашых сэрцах ніколі не згасае агонь любові да дзяцей і заўзятая адданасць сваёй справе!
Адукацыйны ўзлёт
Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык называе гэты год знакавым для сістэмы адукацыі рэгіёна дзякуючы прысваенню высокага звання народнага настаўніка Альфрэду Ладыку з гімназіі № 1 Ліды:
— Гэта заслужаны вынік карпатлівай працы як самога педагога, так і адміністрацыі ўстановы, упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама, а таксама вялікай увагі да прафесіі на ўзроўні абласнога кіраўніцтва і Прэзідэнта Беларусі.
Гаворачы пра кадравы патэнцыял рэгіёна, адзначу: толькі выдатнікаў адукацыі на Гродзеншчыне сёння больш за 150 чалавек. За гэтымі імёнамі і прозвішчамі — штодзённая самаадданая праца людзей, якія сваім прыкладам даказваюць, што адукацыя Гродзеншчыны ўпэўнена рухаецца наперад.
Сярод нядаўніх вераснёвых узнагарод, якія прагучалі на ўсю краіну, — медаль “За працоўныя заслугі” дырэктару Путрышкаўскай сярэдняй школы імя Ф.Л.Крайніка Гродзенскага раёна Галіны Разумневіч, падзяка Старшыні Палаты прадстаўнікоў Васілю Рап’яўцу, кіраўніку па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 9 імя І.М.Сухамліна Слоніма.
Пералічваць заслугі асобных прадстаўнікоў сістэмы адукацыі Гродзеншчыны можна бясконца, гэта сапраўды шчодры россып талентаў і дасягненняў. Кожная такая ўзнагарода падкрэслівае чарговы крок настаўніцтва рэгіёна да агульнай мэты — планамернага развіцця адукацыі вобласці.
Асаблівую радасць сёлета прынеслі поспехі ўдзельнікаў міжнародных прадметных алімпіяд. Юныя прадстаўнікі Гродзенскай вобласці заваявалі 10 медалёў, што сведчыць пра высокі ўзровень работы з адоранымі дзецьмі, захаванне і перадачу лепшых традыцый падрыхтоўкі будучых інтэлектуалаў.
У цэлым сістэма адукацыі працуе якасна і стабільна па ўсіх напрамках рэалізацыі дзяржаўных праграм і сацыяльных стандартаў. У цэнтры ўвагі педагагічнай грамадскасці рэгіёна — новыя выклікі часу, такія як удасканаленне спецыяльнай адукацыі, стварэнне інклюзіўнага адукацыйнага асяроддзя, у тым ліку для дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра, выкарыстанне штучнага інтэлекту ў навучанні і не толькі.
Не можа не радаваць і дзейнасць нашых профільных класаў. Уступная кампанія 2025 года наглядна прадэманстравала паспяховасць работы класаў педагагічнай, інжынернай і аграрнай накіраванасці. Што вельмі важна, усе без выключэння медалісты сёлета выбралі для паступлення вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі.
Пра эфектыўнасць работы сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці сведчыць і беспрэцэдэнтны рост колькасці заключаных выпускнікамі дагавораў на мэтавае навучанне.
Маладыя людзі сёння свядома выбіраюць не толькі прафесію, але і будучага работадаўцу. І гэта заканамерны вынік рэалізацыі і пастаяннага ўдасканалення стратэгічнага падыходу да прафарыентацыйнай работы, заснаванага на рашэннях Міністэрства адукацыі і даручэннях кіраўніка дзяржавы.
Расце ў вобласці і колькасць вучняў, якія пасля 9 класа выбіраюць траекторыю атрымання рабочай прафесіі. Пра запатрабаванасць прафесійнай адукацыі сведчаць высокія прахадныя балы ў каледжы і рост кантрольных лічбаў прыёму. Як і ў вышэйшай адукацыі, тут назіраецца тэндэнцыя павелічэння колькасці залічаных на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Пашыраецца супрацоўніцтва каледжаў з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, якое выяўляецца не толькі ў сумеснай распрацоўцы праграм падрыхтоўкі вучняў, але і ў адкрыцці майстэрань і лабараторый на базе прадпрыемстваў для атрымання вучнямі практычных навыкаў.
Сёння па многіх паказчыках педагогі вобласці — адны з лепшых у краіне. Жадаю ўсім педагагічным калектывам і далей працаваць над павышэннем якасці адукацыі. І, канечне, трэба накіроўваць педагагічную грамадскасць рэгіёна на далейшую работу з моладдзю ў справе арыентацыі яе на атрыманне педагагічнай прафесіі.
Гэты навучальны год для нас стане свайго роду фінішнай прамой у маштабнай падрыхтоўцы да рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. Упэўнены, педагогі вобласці па традыцыі годна прадставяць рэгіён у сталіцы і вернуцца ў свае працоўныя калектывы з узнагародамі і вялізным жаданнем пакараць новыя вяршыні майстэрства і прафесіяналізму. Ушаноўваць галоўных герояў гэтага свята і спаборніцтва прафесіяналізму і творчасці мы будзем напярэдадні Дня настаўніка ў 2026 годзе.
Сёлета ж жадаю калегам толькі найлепшага на прафесійным і асобасным шляху. Няхай перамог і дасягненняў — маленькіх і вялікіх — будзе шмат!
Вернасць прафесіі
Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко ўпэўнены, што няма на свеце іншай прафесіі, у якой асабістыя якасці, характар, інтарэсы, перакананні, уменне размаўляць з людзьмі мелі б такое вялікае значэнне, як у педагогіцы:
— Мы выбралі высакародную, адказную і нялёгкую справу, якая патрабуе ад кожнага максімальнай самааддачы, інтэлектуальнай, эмацыянальнай, фізічнай. Але гэтая праца неабходна нашай краіне і кожнаму яе грамадзяніну.
Сёння навучанне і выхаванне маладых людзей з’яўляецца адным з галоўных прыярытэтаў палітыкі дзяржавы. Грамадства, у якім веды становяцца галоўным рэсурсам эканомікі, а ад выхавання залежыць незалежнасць і цэласнасць краіны, прад’яўляе да сістэмы адукацыі новыя патрабаванні, таму менавіта настаўнікі могуць паўплываць на тое, якім будзе заўтрашні дзень.
У сістэме адукацыі Мінскай вобласці працуе амаль 53 тысячы чалавек, з якіх больш як 29 тысяч — педагогі. Гэта неабыякавыя, мудрыя людзі, гатовыя адчыніць дзверы школы, класнага кабінета і адкрыць сваю душу для кожнага дзіцяці.
Міністэрства адукацыі, кіраўніцтва Мінскага абласнога, раённых і Жодзінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў прымаюць неабходныя меры па стварэнні добрых умоў працы, камфортнага асяроддзя для навучэнцаў і педагагічных калектываў — гэта абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, будаўніцтва новых дзіцячых садоў і школ. У бягучым навучальным годзе адкрыўся дзіцячы сад № 5 у Копішчы Мінскага раёна, бараўлянская сярэдняя школа № 4, пачатковая школа Слуцка, сярэдняя школа № 2 Фаніпаля.
Без перабольшання можна сказаць, што ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці засяроджаны велізарны інтэлектуальны патэнцыял. Тут працуюць сапраўдныя майстры сваёй справы, сярод якіх многа ўладальнікаў урадавых узнагарод і званняў, пераможцаў і лаўрэатаў конкурсаў.
Медалём “За працоўныя заслугі” ўзнагароджаны дырэктар Ждановіцкай спецыяльнай школы-інтэрната Іна Волчак і дырэктар Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Юлія Саматыга. Медалём Францыска Скарыны адзначана настаўніца фізікі сярэдняй школы № 14 Маладзечна Алена Спецыян. Дзяржаўную ўзнагароду “Заслужаны работнік адукацыі” з рук Прэзідэнта атрымала кандыдат педагагічных навук, дацэнт, настаўнік вышэйшай катэгорыі Старасельскай сярэдняй школы Мінскага раёна Ала Барчук.
Аднак найвышэйшая ўзнагарода для настаўніка — гэта перамогі яго вучняў. Мы ганарымся дасягненнямі навучэнцаў Міншчыны на прэстыжных інтэлектуальных алімпіядах і конкурсах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Так, у 2024/2025 навучальным годзе ў міжнародных алімпіядах па вучэбных прадметах навучэнцы ўстаноў адукацыі вобласці заваявалі 9 узнагарод. Сапраўдным трыумфатарам стаў выпускнік гімназіі № 10 Маладзечна Пётр Бурак — сярэбраны прызёр 59-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды школьнікаў па хіміі, бронзавы прызёр 57-й хімічнай алімпіяды. Значныя перамогі атрымалі і іншыя навучэнцы Міншчыны.
Педагогі і вучні Мінскай вобласці — актыўныя ўдзельнікі міжнародных, рэспубліканскіх, абласных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 80-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў заахвочаны 14 вучняў і 1 педагагічны работнік — гэта бясспрэчная заслуга педагогаў.
У Год добраўпарадкавання педагогі Міншчыны праз творчыя заняткі, мерапрыемствы фарміруюць у падрастаючага пакалення актыўную грамадзянскую пазіцыю, вучаць шанаваць і любіць сваю Радзіму, быць патрыётам.
Настаўнікі ствараюць асаблівую атмасферу, у якой кожнае дзіця можа рэалізаваць свае здольнасці, адчуць сябе таленавітым.
Сённяшнія поспехі Мінскай вобласці ў многім вызначылі ветэраны педагагічнай працы, якія стаялі ля вытокаў сістэмы, сумленна служылі і служаць дзецям, свята шануюць традыцыі адукацыі Міншчыны. Нашы ветэраны — гэта сапраўдны прыклад для маладых настаўнікаў, узор глыбокай вернасці свайму прызванню і прафесіі.
Напярэдадні Дня настаўніка ад імя галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама і педагогаў Міншчыны віншую падпісчыкаў “Настаўніцкай газеты” і ўсіх калег з нашым прафесійным святам! Няхай для кожнага яно заўсёды застаецца днём мудрасці і ведаў, творчасці і майстэрства. А ўзнагародай за гэтую працу будуць трывалыя веды нашых выпускнікоў, шчырая падзяка бацькоў, увага і клопат дзяржавы.
Ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці засяроджаны велізарны інтэлектуальны патэнцыял. Тут працуюць сапраўдныя майстры сваёй справы, сярод якіх многа ўладальнікаў урадавых узнагарод і званняў, пераможцаў і лаўрэатаў конкурсаў.
Раўняемся на лепшых
Наталля Каліноўская, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, адзначае, што педагагічная грамадскасць рэгіёна — адна з самых вялікіх і высокапрафесійных у краіне:
— У адукацыйнай галіне вобласці працуе амаль 58 тысяч чалавек, у тым ліку каля 33 тысяч педагогаў. Сістэма агульнай сярэдняй адукацыі аб’ядноўвае каля 19 тысяч педработнікаў, з якіх больш за 15,7 тысячы — настаўнікі і кіраўнікі. Іх кваліфікацыйны ўзровень даволі высокі: каля 83% маюць вышэйшую і першую катэгорыю, а 66 чалавек — катэгорыю “настаўнік-метадыст”.
Плённая праца педагогаў рэгіёна па выніках мінулага навучальнага года ацэнена не толькі на ўзроўні вобласці, але і краіны. Так, на абласную Дошку гонару занесена сярэдняя школа № 1 імя С.І.Грыцаўца Баранавіч, настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Аляксандр Ляшкевіч з Высокаўскай сярэдняй школы імя М.М.Рудэнкі Камянецкага раёна прызнаны чалавекам года Брэстчыны ў сферы адукацыі, медалём Ф.Скарыны адзначаны настаўніца інфарматыкі Ірына Гарбацэвіч з брэсцкай гімназіі № 1 імя абаронцаў Брэсцкай крэпасці, настаўніца рускай мовы і літаратуры Святлана Хілько з сярэдняй школы № 2 Драгічына, дырэктар сярэдняй школы № 1 імя С.І.Грыцаўца Баранавіч Марына Купцова, а таксама ўжо названы Аляксандр Ляшкевіч.
Брэстчына ганарыцца педагогамі, якія вынікова працуюць з высокаматываванымі вучнямі ў алімпіядным руху. Сярод іх — настаўніца геаграфіі Юлія Багдасарава з гімназіі № 2 Брэста, настаўніца геаграфіі Алена Сакалоўская і настаўніца матэматыкі Ірына Коціна з брэсцкай гімназіі № 1 імя абаронцаў Брэсцкай крэпасці, настаўніца інфарматыкі Ірына Ганчар з сярэдняй школы № 18 Пінска, настаўніца біялогіі Валянціна Лялюк з гімназіі Іванава і настаўнік інфарматыкі Ігар Гардынец з Маларыцкай раённай гімназіі. Пераможцаў конкурсаў прафесійнага майстэрства рыхтуюць майстры вытворчага навучання Ігар Харытановіч з Лунінецкага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа і Марына Булдык з Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання.
Не менш вынікова педагогі працуюць як суаўтары вучэбных дапаможнікаў і метадычнай літаратуры. Прафесійная грамадскасць краіны добра ведае настаўніцу гісторыі і грамадазнаўства Галіну Свентухоўскую з сярэдняй школы № 16 Брэста, настаўніцу біялогіі Таццяну Пархамчук з пінскай гімназіі № 2 імя архіепіскапа Стэфана, настаўніка беларускай мовы і літаратуры намесніка дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі Мікалая Навумчыка.
Паспяховасць адукацыйнага працэсу і развіцця ўстаноў адукацыі залежыць ад эфектыўнага кіраўніцтва. Дырэктар — гэта не проста адміністратар, а стратэг, натхняльнік і лідар, які стварае належныя ўмовы для прафесійнага росту педагогаў і асобаснага росту вучняў.
Калегі раўняюцца на дырэктара гімназіі № 1 Баранавіч Мікалая Хітрыка, дырэктара Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна Алену Гардзей, дырэктара Махроўскай сярэдняй школы Іванаўскага раёна Віктара Палешчука, дырэктара брэсцкага ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Вольгу Ганчарэнка, дырэктара пінскай гімназіі № 2 імя архіепіскапа Стэфана Аляксея Якімчука і многіх іншых таленавітых кіраўнікоў.
Вельмі радуе, што на працягу апошніх двух гадоў установы агульнай сярэдняй адукацыі Брэстчыны прызнаюцца лепшымі ў краіне. Сярод іх — сярэдняя школа № 18 Баранавіч (дырэктар Сяргей Пузікаў) і Чарнаўчыцкая сярэдняя школа Брэсцкага раёна (дырэктар Таццяна Сіняўская).
Ёсць кім і чым ганарыцца сістэме дашкольнай адукацыі вобласці. Так, дзіцячы сад № 10 Бярозы пад кіраўніцтвам Святланы Сычык, дзіцячы сад № 4 Івацэвіч пад кіраўніцтвам Алены Навумчык, дзіцячы сад № 3 Ляхавіч пад кіраўніцтвам Людмілы Мяжуевай і Мотальскі дзіцячы сад Іванаўскага раёна пад кіраўніцтвам Святланы Кузюр прызнаваліся лепшымі ў краіне ў сваёй намінацыі па выніках работы за год.
У скарбонцы дасягненняў педкалектыву дзіцячага сада № 72 Брэста, які ўзначальвае Вольга Палхоўская, шмат прызавых месцаў на рэспубліканскіх конкурсах. Так, па выніках сёлетняга рэспубліканскага фестывалю “Бяспечнае дзяцінства” ўстанова атрымала дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Азбука бяспекі”. Дзякуючы эфектыўнаму кіраўніцтву, дзіцячы сад № 10 Пінска на чале з Аленай Красоўскай таксама з’яўляецца ўладальнікам шматлікіх узнагарод і ўдзельнікам інавацыйных і эксперыментальных праектаў.
З нагоды Дня настаўніка жадаю калегам моцнага здароўя, жыццёвага аптымізму, удзячных вучняў і прафесійных поспехаў, а таксама дзякую за самаадданую і выніковую працу на адукацыйнай ніве Брэстчыны, якая і далей будзе радаваць новымі важкімі дасягненнямі.
Настаўнік — гэта назаўжды
Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома падкрэсліў, што на прафесіяналізме, таленце і самаадданай працы педагогаў грунтуюцца ўсе дасягненні, якімі па праве ганарыцца Віцебшчына:
— Педагагічная грамадскасць вобласці якасна выконвае пастаўленыя задачы, мае высокі патэнцыял і нацэлена на развіццё. Мы шануем нашых ветэранаў педагагічнай працы, хто прысвяціў жыццё рабоце ў адукацыі. Настаўнік — гэта назаўжды. Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, ветэраны прымаюць актыўны ўдзел у метадычнай і грамадскай рабоце, перадаюць наступным пакаленням назапашаны вопыт, жыццёвую мудрасць. Разам з тым у нас планамерна ідзе абнаўленне кадравага складу. Асаблівая ўвага нязменна ўдзяляецца прафарыентацыі, заключэнню мэтавых дагавораў, замацаванню на першым рабочым месцы, падрыхтоўцы кадравага рэзерву. Дынаміка прыкметная: у прыватнасці, умоўны сярэднестатыстычны партрэт нашага педагога з кожным годам паступова маладзее. Размова ідзе не выключна пра настаўнікаў —за апошнія 5 гадоў у нас больш чым напалову абнавілася каманда начальнікаў аддзелаў па адукацыі. Калі ж гаварыць у цэлым пра сістэму адукацыі рэгіёна, то мы маем збалансаваны сплаў маладосці і вопыту.
Поплеч з такімі легендарнымі асамі, як заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь кавалер ордэна Францыска Скарыны Міхаіл Волкаў, плённа працуюць яго калегі, хто знаходзіцца ў самым росквіце педагагічнага майстэрства: заслужаныя настаўнікі Рэспублікі Беларусь Сяргей Крывенка і Вераніка Лакціна, самы выніковы ў краіне дуэт настаўнікаў матэматыкі — Аляксандр Шугаль і Святлана Матросава. Радуе тое, што гэты пералік можна дастаткова доўга працягваць, і тое, што ў ім пастаянна з’яўляюцца новыя маладыя імёны. У якасці характэрнага прыкладу я назваў настаўнікаў, чые вучні штогод пакараюць вышыні ў алімпіядным руху. Тут многія педагогі дэманструюць выдатныя вынікі, праслаўляючы разам з вучнямі нашу вобласць і Беларусь на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. Шчыры дзякуй за гэта.
Можна ўзяць прыклады па іншых напрамках. Так, на VI Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства ProfSkills Belarus — 2025 па колькасці ўзнагарод мы на 2-м месцы пасля Мінска. Літаральна ўчора адзначылі 85-годдзе ПТА. Гонар і хвала ўсім педагогам і кіраўнікам каледжаў, хто рупліва, мэтанакіравана і таленавіта рухае наперад сістэму прафесійнай адукацыі. Мы трымаем лідарства ў шэрагу рэйтынгавых рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, у ліку лепшых па выніках фестывалю школьнага спорту і турысцкага злёту навучэнцаў Саюзнай дзяржавы, прадстаўнікі каледжаў занялі 1-е месца ў агульнакамандным заліку рэспубліканскай спартакіяды. За кожным поспехам — карпатлівая праца педагогаў. Гімназія № 2 Віцебска занесена на Рэспубліканскую Дошку гонару. Лепшай у Беларусі дашкольнай установай прызнаны Заслонаўскі дзіцячы сад Лепельскага раёна, лепшай установай сістэмы кадэцкай адукацыі — Віцебскае кадэцкае вучылішча, прычым чарговы раз. У гэтым бачна выдатная работа педагагічных калектываў, на якія варта раўняцца.
Настаўнік па прызванні штодзень займаецца сапраўдным падзвіжніцтвам. Ён фарміруе ў кожным дзіцяці ўнутраны стрыжань, закладвае трывалую сістэму каштоўнасцей, каб вучань вырас добрым чалавекам, патрыётам, моцным прафесіяналам.
Гэтая місія надзвычай важная, хаця не заўсёды відавочная. Вынік выразна праяўляецца ў лёсах выпускнікоў праз 10 і больш гадоў. Насамрэч, вялікае бачна на адлегласці. Вельмі правільным, як пацвярджае час, было рашэнне аб увядзенні пасады кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Сёння гэтым педагогам належыць ключавая роля па адным з самых адказных напрамкаў выхаваўчай работы. Прыемна адзначыць, што ў вобласці ёсць прафесіяналы, якія задаюць тон не толькі ў межах рэгіёна, але і ў краіне — такія як Дзмітрый Балелаў з Акцябрскай сярэдняй школы Віцебскага раёна імя І.П.Собалева. Канечне ж, хочацца выказаць вялікую падзяку нашым выхавальнікам дашкольнай адукацыі, хто стаіць ля вытокаў адукацыі і выхавання, першым наладжвае кантакты з дзецьмі і бацькамі.
Вобласць славяць сваёй працай таленавітыя кіраўнікі ўстаноў адукацыі. Безумоўна, у нас іх многа. Яркі прыклад — Канстанцін Кісялёў, які разам з калектывам адкрыў старонку ў гісторыі гімназіі № 2 Віцебска. У сувязі з гэтым узгадваецца незвычайная педагагічная дынастыя кіраўнікоў, таму што і Аляксандр Кісялёў вельмі блізкім курсам вядзе калектыў гімназіі № 5 Віцебска імя І.І.Люднікава: думаю, галоўныя поспехі яго каманды яшчэ наперадзе, хаця ўжо многа зроблена. Дзякуй кожнаму з нашых кіраўнікоў, вопытных і маладых, хто крок за крокам кампетэнтна развівае сістэму адукацыі. Нельга не адзначыць намеснікаў па выхаваўчай і вучэбнай рабоце: на першы погляд, яны знаходзяцца ў цені кіраўнікоў (што зразумела, бо дырэктар адказны за ўсё), але іх праца таксама вельмі важная. Як і складаная, адказная работа абласнога інстытута развіцця адукацыі, вучэбна-метадычных кабінетаў, цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічных цэнтраў, устаноў дадатковай адукацыі. Перад нашымі педагогамі адкрыты ўсе магчымасці для развіцця. Ініцыятывы і працоўны ўклад кожнага не застаюцца без увагі, падтрымкі і заахвочвання незалежна ад таго, працуе ён у сельскай або гарадской мясцовасці, у вялікай ці маленькай школе. Тут прамая залежнасць толькі ад вынікаў.
Напярэдадні прафесійнага свята жадаю ўсім нам штодзённай якаснай працай рабіць родную краіну мацнейшай, багацейшай і прыгажэйшай, выхоўваць удзячнае пакаленне, здольнае прымножыць і ўмацаваць дасягнутыя вынікі. А кожнаму педагогу — асабістага росту, вялікіх і маленькіх перамог, з якіх і складваецца наша агульная справа.
Па прызванні душы
Старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марына Ільіна лічыць, што сапраўдны настаўнік здольны натхняць дзяцей на дасягненне высокіх мэт, дапамагаць раскрываць таленты і пераадольваць цяжкасці:
— Для кіраўніка, які прайшоў шлях ад простага настаўніка да старшыні камітэта па адукацыі, педагагічная прафесія набывае асаблівае значэнне. Яна становіцца асновай жыццёвага вопыту, падмуркам прафесійнай кар’еры і крыніцай глыбокіх каштоўнасцей, якія вызначаюць падыходы да кіравання адукацыяй. Я да гэтага часу з цеплынёй успамінаю тыя часы, калі сама працавала ў школе, мела зносіны з вучнямі, разам з імі стварала і ўвасабляла ў жыццё розныя праекты.
І ў школе, і ў гімназіі кожнае ўзаемадзеянне з дзецьмі напаўняла мяне натхненнем і новымі ідэямі. Я памятаю сваіх выхаванцаў, працягваю радавацца іх поспехам, самарэалізацыі ў дарослым жыцці. Гэта быў дзівосны вопыт, які назаўсёды застанецца ў маім сэрцы.
Зараз мы асабліва зацікаўлены ў падрыхтоўцы новай змены педагогаў, падтрымцы маладых спецыялістаў, развіцці прафесійных кампетэнцый і павышэнні кваліфікацыі вопытных супрацоўнікаў, у фарміраванні эфектыўнай педагагічнай супольнасці. Дзякуючы гэтаму фарміруецца прафесійнае асяроддзе, якое спрыяе павышэнню якасці школьнай адукацыі.
Безумоўна, як сказала гераіня фільма “Класная”, настаўнік — гэта не пра грошы, гэта прызванне душы. Настаўнік — адна з самых высакародных прафесій, бо менавіта ад майстэрства педагога залежыць будучыня кожнага дзіцяці і ўсяго грамадства ў цэлым. Менавіта дзякуючы настаўнікам мы адкрываем свет новых ведаў, спазнаём асновы навук, развіваем творчыя здольнасці і становімся тымі людзьмі, якімі хочам бачыць сябе заўтра. Педагагічная праца ўнікальная сваёй місіяй — выхоўваць новае пакаленне, фарміраваць светапогляд, прывіваць любоў да ведаў і культуры.
У сталічнай сістэме адукацыі шмат таленавітых кіраўнікоў, педагогаў, якія дапамагаюць сваім выхаванцам раскрыць усе грані іх асобы, развіць творчыя і інтэлектуальныя здольнасці, фарміруюць грамадзян і патрыётаў Беларусі.
Сёлета мы скарысталіся магчымасцямі сацыяльнай рэкламы і асобы творчых педагогаў, маладых і дасведчаных, сустракалі юных мінчан у жніўні, запрашалі іх у школу, а перад Днём настаўніка нагадвалі пра важнасць нашай прафесіі і асаблівай місіі ў грамадстве.
Прыкладаў паспяховых педагогаў у сталіцы шмат. Сярод дырэктараў гімназій, чые калектывы займаюць лідзіруючыя пазіцыі на працягу многіх гадоў, назаву дырэктара гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага Мар’яну Скакун. Сёлета Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Мар’яна Анатольеўна ўдастоена высокай узнагароды — медаля “За працоўныя заслугі”. Натхнёна працуе настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 33 трэнер каманды Мінска па падрыхтоўцы вучняў да заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” Таццяна Белагалова. Яна з’яўляецца ўладальніцай гран-пры гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Панарама інавацыйных адукацыйных практык “Акадэмія ўрока”, пераможцай гарадскога конкурсу “Майстар года”. Сёлета ганаровае званне “Мінчанін года” прысвоена кіраўніку па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 93 імя У.В.Кавалёнка Віталю Міцкевічу. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 111 імя Міхаіла Каснерыка ўладальнік ганаровага звання “Мінчанін года” Мікалай Курыловіч — педагог, чыя прафесійная дзейнасць выходзіць далёка за межы школьнага кабінета. Гэта чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, працуе з маладымі педагогамі, перадаючы ім свае веды і вопыт. Настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 33 Вераніка Гарашчэня мае высокую матывацыю да самаўдасканалення і развіцця, што пацвярджаецца яе дасягненнямі ў прафесійнай і грамадскай дзейнасці. Малады педагог прадстаўляла Беларусь на сусветным фестывалі моладзі ў Сочы. Спіс можна працягваць… І вельмі важна, што з кожным годам ён папаўняецца новымі імёнамі!
Дарагія калегі! Сардэчна віншую вас з Днём настаўніка — святам, якое ўвасабляе ўсё лепшае, што ёсць у нашым грамадстве. Гэты дзень стаў сімвалам павагі да тых, хто, укладваючы сваю душу і веды, дапамагае фарміраваць будучыню нашай краіны. Давайце разам удасканальваць сістэму адукацыі, дзе кожны вучань будзе адчуваць сябе патрэбным, дзе веды стануць асновай для будучыні, а настаўнікі будуць сапраўднымі праваднікамі ў свет навукі і мудрасці. Няхай ваша праца прыносіць радасць і задавальненне, а кожны новы дзень будзе напоўнены натхненнем і любоўю да вашых вучняў!
Источник: https://nastgaz.by