РУС БЕЛ ENG 中文

Незвычайнае падарожжа ў Ліду здзейснілі мінскія школьнікі

05.09.2025

7 верасня Ліда сустрэне Дзень беларускага пісьменства. Вучні сталічнай школы № 6 разам са мной, настаўніцай мастацтва, не засталіся абыякавымі да гэтай падзеі і стварылі творчую групу, якая напярэдадні свята з вялікай цікавасцю азнаёмілася з багатай літаратурнай і архітэктурнай спадчынай горада.

Спачатку вучні 9-га «Б» класа Вікторыя Луніна і Вераніка Шугала падрабязна вывучылі гісторыю Лідскага замка, яго архітэктурнае аблічча. Дзяўчаты прынялі ўдзел у раённым этапе гарадскога конкурсу праектаў «Архітэктурная спадчына Беларусі — 2025», выканаўшы макет архітэктурнага помніка з кардону і паперы, і сталі пераможцамі. Дарэчы, да Дня беларускага пісьменства тэрыторыя вакол замка будзе яшчэ больш добраўпарадкавана, з’явяцца новыя аб’екты для адпачынку.

Вучні 6-х класаў азнаёміліся падрабязна з гербам горада. Яны выканалі герб у розных тэхніках, даведаліся, сімвалам чаго з’яўляецца леў і чаму там размешчаны ключы.

Ліда — даўні цэнтр асветы. Таму спадчына першадрукара Францыска Скарыны прыцягнула нашу асаблівую ўвагу. Вучні стварылі сапраўды выдатныя малюнкі літар-ініцыялаў у скарынаўскім стылі, што паспрыяла развіццю іх творчага густу, пашырыла эстэтычны кругагляд. Дзеці ўбачылі, як лідскі Скарына на цэнтральнай вуліцы горада запрашае ўсіх да чытання Бібліі, працягваючы руку да надпісу «Бярыце і чытайце!». На ўроках мастацтва шмат увагі 9-класнікі прысвяцілі вывучэнню біблейскіх каштоўнасцей: на прыкладзе твораў мастацтва вучыліся аналізаваць жыццёвыя памылкі людзей і спосабы прымянення евангельскіх прынцыпаў на практыцы.

Асобнае месца ў дзейнасці творчай групы заняла спадчына паэта Валянціна Таўлая. Таленавітыя вучні дзякуючы інфармацыйным крыніцам даведаліся, як выглядаў дом Таўлая ў розныя перыяды, адлюстравалі гісторыю дома ў малюнках, зрабілі алоўкавы малюнак памятнай дошкі, віртуальна наведалі Лідскі гістарычна-мастацкі музей. Знаёмства са спадчынай Валянціна Таўлая дапоўніла дэкламацыя яго твораў.

Вуліца Таўлая, вуліца Міцкевіча, вуліца Янкі Купалы… Так хочацца больш даведацца пра людзей, якія ўнеслі свой уклад у літаратурную спадчыну нашай краіны. Іх імёны засталіся не толькі ў назвах лідскіх вуліц.

Ліда… Прыгожая назва горада. Здаецца, ўсё ў ім асацыюецца з мастацтвам. Пройдзешся па вулачках — і знойдзеш выявы паэтаў і нават арыгінальны памятны знак з прозвішчамі вядомых грамадзян.

У гэтым годзе споўніцца 100 гадоў, як вядомы беларускі паэт Янка Купала, імя якога носіць Лідская раённая бібліятэка, атрымаў званне народнага паэта Беларусі: для творчай групы ёсць яшчэ шмат цікавага для вывучэння…

Беларуская літаратурная спадчына вельмі багатая, а горад Ліда падчас свята, несумненна, адкрые яшчэ шмат таямніц.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: