РУС БЕЛ ENG 中文

Прадстаўнікі школьных калектываў Слонімшчыны не застаюцца ў баку ад самай гарачай летняй пары — жніва

19.08.2025

Па добрай традыцыі настаўнік фізічнай культуры і здароўя Рахавіцкай сярэдняй школы Яўген Ёрш і кухар Сялявіцкай базавай школы Кацярына Крупко ўносяць значны ўклад у агульнарэспубліканскі каравай, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Такая праца заахвочваецца і падтрымліваецца. Як старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” начальнік упраўлення адукацыі Слонімскага райвыканкама Святлана Валько і старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Фідрык герояў жніва ў гэтым годзе віншавалі адразу ў полі.

— Фарміраванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў навучэнцаў шмат у чым спрыя­юць прыклады ўдзелу педагогаў ва ўборачнай кампаніі. Стараемся падтрымаць нашых актывістаў і разам з кіраўнікамі школ выяз­джаем у гаспадаркі раёна, каб выказаць словы падзякі ўдзельнікам жніва з ліку работнікаў сістэмы адукацыі, — адзначыла Святлана Валько.

І днём і ноччу

Першым такія віншаванні сёлета прымаў Яўген Ёрш. У яго працоўнай біяграфіі гэты навучальны год — 15-ы ў педагогіцы. А цяперашняе лета ўжо 13-ы раз праходзіць у цесным узаема­дзеянні з КСУП імя Суворава. Сёння Яўген Вячаслававіч працуе тут аператарам збожжасушыльнага комплексу.

Як адзначае сам герой, нічога дзіўнага ў гэтым няма. Ён вырас у сям’і, дзе праца на зямлі была асновай жыцця. Яго бацькі прысвяцілі сябе аграрнай прафесіі. Гледзячы на іх працавітасць і самааддачу, Яўген з дзяцінства пранікся павагай да гэтай нялёгкай, але высакароднай справы.

— Мой прыклад — гэта выпадак, калі выпускнік школы ў ёй жа стаў настаўнікам. Упершыню парог роднай установы як першакласнік пераступіў у 1996 годзе і з тых часоў расставаўся з ёй усяго адзін раз — на час вучобы ў гуманітарным каледжы ў Гродне. У мой час школьнікам уладкавацца на работу ў гаспадарку можна было з 12 гадоў. І з гэтага ўзрос­ту тут праходзіла значная частка летніх канікул, — гаворыць сураз­моўнік.

У гарачую пару жніва кожная пара рук — на вагу золата. Не першы год працуюць на збожжасушыльным комплексе і старшакласнікі Рахавіцкай сярэдняй школы. Падлеткі звяртаюцца па параду да свайго школьнага настаўніка, якога ў гаспадарцы даўно лічаць неад’емным звяном кожнай кампаніі.

— Працуем у трохзменным рэжыме і днём і ноччу. Мая што­дзённая задача — сушыць збожжа, якое прыходзіць з палёў, каб яно якасна захоўвалася. Бывае, за змену прасушваем да 400 тон. Усё залежыць ад таго, наколькі высокую вільготнасць яно мае, а гэта правяраем адразу пасля паступлення ўра­джаю на склад. Важна выставіць правільную тэмпературу, устанавіць рэжым сушкі і пастаянна сачыць за працэсам. Магу ска­заць, што многія наракаюць на цяперашняе лета з-за надвор’я. Але з пункту гледжання ўраджайнасці збожжавых яно вельмі нядрэннае, — адзначае настаўнік па прызванні і аграрый у душы.

Успамінае, што ў першы год работы без парад больш вопытных калег было няпроста адразу разлічыць час сушкі ў залежнасці ад вільготнасці збожжа. Сёння ж па такую параду нярэдка звяртаюцца ўжо да Яўгена Вячаслававіча.

 Вядома, работа падчас адпачынку ў гаспадарцы — магчымасць дадатковага заробку. Але для мяне як настаўніка фізічнай культуры і здароўя, напэўна, яшчэ і спосаб рэалізацыі жыццёвага прынцыпу — быць увесь час у руху. З першых дзён чэрвеня ў гэтым годзе дзве змены працаваў выхавальнікам у загарадным летніку. 8 ліпеня, памятаю, прыехаў дадому, а ўжо 9-га — заступіў на першую змену ў гаспадарцы. У такім рытме мой сапраўды працоўны адпачынак працягнецца ажно да канца жніўня. А 1 верасня — новая старонка навучальнага года і новыя імкненні да спартыўных вышынь школьнікаў, — гаворыць педагог.

Дарэчы, пад кіраўніцтвам Яўгена Вячаслававіча школьная каманда неаднаразова займала прызавыя месцы ў раённых спаборніцтвах “Спорт для ўсіх”, “Залатыя таленты Гродзеншчыны”, спаборніцтвах па міні-футболе. Кожны год ён арганізуе і право­дзіць для школьнікаў дні здароўя і алімпійскія ўрокі, спаборніцтвы па гульнявых відах спорту і з’яўляецца педагогам дадатковай адукацыі — вя­дзе заняткі па валейболе. Сумяшчае гэтую работу з класным кіраўніцтвам. Дарэчы, свой шлях у прафесіі з 1 верасня ў Рахавіцкай сярэдняй школе як настаўніца пачатковых класаў пачне выпускніца класа Яўгена Вячаслававіча Ксенія Станкевіч.

Справа сямейная

Кацярына Крупко з Сялявіцкай базавай школы працуе падчас жніва ўжо 6-ы год запар. Для кухара невялікай сельскай школы такая форма занятасці — магчымасць дапамагчы мужу падчас уборкі. У адным экіпажы з ім яна памочнік камбайнера ў КСУП імя Дзяржынскага.

— Наш сямейны дуэт у гаспадарцы не адзіны. Такіх экіпажаў адразу тры. За адзін дзень, бывае, паспяваем убраць ураджай з некалькіх палёў. Даўно зразумела, што галоўнае ў справе хлебаробаў — працаваць з мінімальнымі стратамі ў здаровым спаборніцкім тэмпе. Праз некалькі тыдняў з пачатку ўборкі наш з мужам экіпаж стаў тысячнікам. Не першым у гаспадарцы, але гэта знакавы рубеж, — дзеліцца Кацярына Міхайлаўна.

Кожны працоўны дзень у полі для сямейнага экіпажа Крупко пачынаецца, як толькі сыдзе ранішняя раса, і заканчваецца з ёй жа ўжо ўвечары. Абед і вячэра — з дастаўкай да месца жніва, а самымі лепшымі днямі абодва прадстаўнікі экіпажа Крупко лічаць не толькі пагодлівыя, але і тыя, што прайшлі без капрызаў тэхнікі.

 На шчасце, паломкі для нас рэдкасць. Пакуль ты ў полі, час ляціць незаўважна і, акрамя іншага, дорыць яшчэ эстэтычнае задавальненне. Днямі, напрыклад, злёгку імгліў дождж. І ў тэлефоне з’явіліся яркія кадры толькі што ўбранага поля пад дугой вясёлкі. Нашы пастаянныя кампаньёны дзень пры дні — буслы, якія даўно прывыклі да шуму ўборачнай тэхнікі. Так што праца ў полі — гэта яшчэ і пра любоў да роднай зямлі, — гартаючы цікавыя здымкі ў мабільным тэлефоне, дзеліцца суразмоўніца.

Сімвалічна, што яна актыўна дапамагае хлебаробам збіраць ураджай, з мукі якога падчас навучальнага года напячэ вучням Сялявіцкай базавай школы духмяныя піражкі.

— Заўсёды гатую абеды дзецям як сваім. Са школай мяне звязвае значна больш, чым проста работа. Тут вучацца дзве дачкі, па якіх у жніво заўсёды паспяваем засумаваць. На час уборкі летнія канікулы яны праводзяць у бабуль, разам з якімі актыўна збіраюць незабыўныя сумесныя ўспаміны, — дадае Кацярына Крупко.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: