Дзе на Дзятлаўшчыне самыя буйныя школьныя рамонты?
30.07.2025
11-12 жніўня ў нашым раёне адбудзецца традыцыйны аб’езд школ, у час якога будзе працаваць міжведамасная экспертная камісія, якая ацэніць падрыхтоўку ўстановаў адукацыі да новага навучальнага года.

У некаторых з іх рамонтныя работы ўжо набліжаюцца да фінішнай прамой, таму з 30 ліпеня ў кіраўніцтва ёсць магчымасць загадзя падпісваць пашпарты гатоўнасці, калі выкананы ўсе патрабаванні.


Як ажыццяўляюцца рамонты і дзе чакаць самыя маштабныя пераўтварэнні, расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская:
– Як і штогод ва ўсіх установах адукацыі без выключэння адбыліся касметычныя рамонты. Па двух школьных адрасах у нас набліжаюцца да завяршэння работы капітальнага характару. Гэта рамонты дахаў у гімназіі № 1 горада Дзятлава і Гезгалаўскай сярэдняй школе імя М. І. Нядзеліна. Дарэчы, у Гезгалах ён быў запланаваны на 2026 год, аднак па рашэнні старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з раённага бюджэту былі выдзелены сродкі, каб паскорыць працэс. Летась такія ж маштабныя работы скончаны ў сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, а сёлета тут зноў істотныя абнаўленні: рамантуецца фае, устанаўліваецца сучасная прапускная сістэма з распазнаваннем твараў. У цэлым трэцяя школа – цэнтр прыцягнення для старшакласнікаў раёна, бо тут праходзяць цэнтралізаваныя экзамены і ў рамках заняткаў па дапрызыўнай падрыхтоўцы ў электронным ціры юнакі адточваюць навыкі стралковага майстэрства.


У гімназіі пры падтрымцы раённай улады сёлета заменена 27 вокнаў і 5 дзвярэй, істотна абнавілася фае перад актавай залай, арганізоўваецца безбар’ернае асяроддзе, значная работа вядзецца па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы. Напрыклад, у кабінеце працоўнага навучання для дзяўчынак з’явіліся новыя швейныя машынкі, у крыле пачатковай школы абноўлены гардэроб, набыты новыя індывідуальныя шафы.


Прыемныя змяненні да новага навучальнага года адбываюцца і ва ўстановах дашкольнай адукацыі. У дзіцячым садзе № 2 райцэнтра, які наведваюць 168 выхаванцаў, завяршаецца абнаўленне фасада, а летась тут быў адрамантаваны харчблок. Шмат зроблена ў Казлоўшчынскім дзіцячым садзе, які функцыянуе з 1982 года. За апошнія гады тут практычна поўнасцю заменена мэбля ў групах, часткова абноўлена гульнявое, надворнае, спартыўнае абсталяванне, камп’ютарная тэхніка, а гэтым летам – уваходная група, пачаты рамонт санвузла ў старэйшай групе, асноўныя ж работы сканцэнтраваны ў харчблоку. На іх з раённага бюджэту выдзелена 180 тысяч рублёў. Абсталяваны ён таксама будзе па апошнім слове тэхнікі: закуплены сучасная пліта, параканвектамат, халадзільнікі і многае іншае. У хуткім часе 60 выхаванцаў гэтай установы змогуць ацаніць смачныя абеды.


Калі казаць пра спартыўныя школьныя аб’екты, то адна з маштабных будоўляў разгарнулася ў Новаяльнянскай школе імя А. А. Шаўчук. У навучальных класах ужо наводзяць парадак пасля касметычных рамонтаў, а на школьным стадыёне ў пачатку ліпеня знялі слой грунту і размясцілі будучыя бегавыя дарожкі, участак для здачы нарматываў бегу на сто метраў. У цэнтральнай частцы стадыёна пасля завяршэння ўсіх работ акажацца шматфункцыянальная спартыўная пляцоўка з мяккім пакрыццём, якая з’явілася тут у 2023 годзе ў рамках рэспубліканскага праекта “Спорт для ўсіх”. Дарэчы, такія ж пляцоўкі сёлета былі адкрыты ў сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча і Дварэцкай сярэдняй школе, у далейшым іх мяркуецца пабудаваць у Гезгалаўскай і Казлоўшчынскай сярэдніх школах. Акрамя таго, у Дварцы будуць заасфальтаваны бегавыя дарожкі і зроблена пляцоўка па навучанні правілам дарожнага руху, прадумана і рэалізуецца арганізацыя вулічнага асвятлення.


У Год добраўпарадкавання ўсе ўстановы адукацыі Дзятлаўшчыны сталі ўдзельнікамі раённага конкурсу па афармленні тэрыторый. Вынікі яго падвядзём бліжэй да навучальнага года. Фактычна паўсюль з’явіліся новыя архітэктурныя формы, папоўніліся кветкамі клумбы, зладжаны тэматычныя кампазіцыі да 80-годдзя Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі, а ў Казлоўшчынскай сярэдняй школе і дзіцячым садзе № 2 горада Дзятлава часткова ў час навучальнага года, часткова летам пліткай выкладзены дарожкі.
Спадзяюся, дзеці ацэняць усе станоўчыя змяненні і прыгажосць, будуць іх берагчы і парадуюць педагогаў і бацькоў добрымі адзнакамі, спартыўнымі і творчымі поспехамі.
Источник: https://diatlovonews.by