Каледжы Гродзенскай вобласці прапануюць шэраг новых запатрабаваных спецыяльнасцей
24.07.2025Уступная кампанія ў каледжы Гродзенскай вобласці працягваецца. Абітурыентам прапануюць шэраг новых запатрабаваных спецыяльнасцей. Падрабязнасці даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
У Гродзенскім дзяржаўным політэхнічным каледжы пачнецца падрыхтоўка па спецыяльнасці “Будаўніцтва і эксплуатацыя энергаэфектыўных будынкаў і збудаванняў”. Гэты каледж стане другім у краіне, які будзе рыхтаваць прафесіяналаў такога кшталту.
— Новыя спецыяльнасці, як і кантрольныя лічбы прыёму, кожны год фарміруюцца ў адпаведнасці з запытамі арганізацый — заказчыкаў кадраў. Толькі для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 19 установах ССА вобласці ў гэтым годзе плануем прыняць больш за 4 тысячы чалавек, — адзначыў начальнік аддзела прафесійнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Батура.
Новую спецыяльнасць “Дызайн гукавога асяроддзя” для тых, хто марыць спалучаць тэхнічныя веды, артыстызм і выкладанне, адкрылі ў Гуманітарным каледжы ГрДУ імя Янкі Купалы.
Выпускнікі першай такой спецыяльнасці ў краіне атрымаюць двайную кваліфікацыю “тэхнік-гукааператар. Настаўнік”, а значыць, змогуць рэалізаваць свой патэнцыял адразу ў некалькіх прафесійных траекторыях.
— Што тычыцца прафесійна-тэхнічнай адукацыі, то ў каледжы вобласці плануем прыняць 2788 учарашніх школьнікаў. Гэта на 75 чалавек больш да ўзроўню мінулага года. Рэалізоўваць праграмы ПТА ў нас будуць 16 устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. І тут таксама плануецца адкрыццё або аднаўленне падрыхтоўкі па запатрабаваных для рэгіёна кваліфікацыях, — працягвае Андрэй Віктаравіч.
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі
Сярод такіх навінак, напрыклад, “Тэхнічная эксплуатацыя і рамонт абсталявання электрастанцый і сетак” у Воранаўскім і “Будаўніцтва і эксплуатацыя аўтамабільных дарог і дарожных збудаванняў” у Слонімскім дзяржаўных каледжах.
— Асаблівая ўвага ўдзяляецца мэтавай падрыхтоўцы — колькасць месцаў па гэтым кірунку павялічана. Толькі на ўзроўні ПТА такіх месцаў стане больш адразу на 181 да ўзроўню мінулага года. Акрамя таго, павялічана і колькасць месцаў па сельскагаспадарчым профілі — раённыя каледжы актыўна рыхтуюць кадры для АПК, — дадае Андрэй Віктаравіч.
Са слоў суразмоўніка, аднымі з самых высокіх на працягу некалькіх гадоў застаюцца прахадныя балы на шэраг спецыяльнасцей медыцынскага і Гуманітарнага каледжаў у Гродне. Расце з году ў год прахадны бал і на спецыяльнасці тэхнічнага профілю. Для тых, хто ў мінулым годзе паступаў на тэхніка-электроніка ў Гродзенскі дзяржаўны электратэхнічны каледж імя Івана Шчаснага, прахадным быў бал 8,1. Традыцыйна высокі ён і для тых, хто паступае на тэхніка-праграміста ў Гродзенскі дзяржаўны політэхнічны каледж. У мінулым годзе для паступлення тут на спецыяльнасць “Распрацоўка і суправаджэнне праграмнага забеспячэння інфармацыйных сістэм” прахадным стаў бал 8,7.
— Акрамя таго, у Гродзенскім дзяржаўным каледжы тэхнікі, тэхналогій і дызайну конкурс амаль два чалавекі на месца ў мінулым годзе быў для тых, хто паступаў на тэхніка-механіка і спецыяліста па маркетынгавых паслугах, — падкрэсліў Андрэй Батура.
Па словах Андрэя Віктаравіча, асаблівую ролю ў прафесійным станаўленні будучых рабочых адыгрывае конкурсны рух. Важна, што колькасць удзельнікаў з ліку асоб з АПФР і кампетэнцый Inclusive Skills пастаянна расце. Гэта дазваляе дэманстраваць арганізацыям — заказчыкам кадраў прафесійныя кампетэнцыі асоб з АПФР, пашыраць магчымасці іх працаўладкавання.
Толькі ў 2025 годзе на VІ Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства ProfSkills Belarus Гродзенская вобласць прымала ўдзел па чатырох кампетэнцыях і заваявала тры медалі. Акрамя таго, сярод груп навучэнцаў з АПФР штогод праводзяцца і абласныя конкурсы прафесійнага майстэрства.
***
Адной з найважнейшых сацыяльных задач з’яўляецца навучанне асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. На Гродзеншчыне прафпадрыхтоўка такіх навучэнцаў вядзецца ў чатырох установах ССА. У мінулым навучальным годзе ў двух каледжах у Гродне, а таксама ў Скідзелі і Іўі атрымлівалі рабочыя прафесіі 85 навучэнцаў з АПФР, у тым ліку 27 інвалідаў. Амаль палова з іх вучылася ў Гродзенскім дзяржаўным каледжы бытавога абслугоўвання насельніцтва, дзе з 2007 года функцыянуе аддзяленне “Цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”.
Источник: https://nastgaz.by