РУС БЕЛ ENG 中文

Цікавыя канікулы для ўсіх і кожнага: што летам прапануе цэнтр творчасці ў Зэльве

24.07.2025

 

У Зэльвенскім раёне цікавыя мерапрыемствы на канікулах прапануюць і тым, у каго лета праходзіць у дамашнім рэжыме. 

Галоўныя аўтары яркага настрою для юных жыхароў Зэльвы — педагогі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Яны напаўняюць вольны час дзяцей карыснымі справамі адразу на некалькіх пляцоўках — у паркавай зоне, мікрараёне Паўночны і на пляжы Зэльвенскага вадасховішча.

— У канцы чэрвеня тут арганізавалі арт-лабараторыю “Пясочныя фантазіі” і чарговы раз здзіўляліся творчасці і кемлівасці яе ўдзельнікаў, — дзеліцца педагог-арганізатар Іна Плаўская.

У адзін з летніх дзён разам з педагогам дадатковай адукацыі Юліяй Смолік яна запрасіла дзяцей на квест “Вясёлыя турысты” ў парку гарадскога пасёлка. Наколькі карыстаецца папулярнасцю такая форма работы, ка­рэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пераканалася на свае вочы. Вялікай і шумнай кампаніяй дзеці з цікавасцю падарожнічалі ад станцыі да станцыі і выконвалі заданні педагогаў — складалі рэцэпт юшкі з прапанаваных варыянтаў інгрэдыентаў на стыкерах, успаміналі правілы бяспечных паводзін у лесе і, канечне, гулялі, адгадвалі і спаборнічалі.

— Не кожнае дзіця гэтым летам адпачыла ў лагеры ці ўжо з’ездзіла ў нашу “Блакітную хвалю” (стацыянарны лагер). Прапануем альтэрнатыўны варыянт. На працягу тыдня арганізуем некалькі сустрэч не толькі на тэрыторыі Цэнтра творчасці, але і ў так званым гастрольным фармаце, — тлума­чыць па ходзе квеста Іна Валер’еўна.

Практыцы такой работы з моладдзю ў Зэльве 5 гадоў, і ва ўстанове дадатковай адукацыі даўно вызначылі, якія мерапрыемствы найбольш актуальныя для той ці іншай пляцоўкі.

— У мікрараёне Паўночны, напрыклад, больш за ўсё дзяцей прыходзіць на спартыўныя спаборніцтвы і міні-спартландыі. У парку ж гэта часцей за ўсё квесты. Прычым прадумваем некалькі варыянтаў заданняў для рознага ўзросту ўдзельнікаў, — звяртае ўвагу суразмоўніца.

Па яе словах, такая форма работы — гэта не проста вясёлыя забаўкі і арганізаваны вольны час. Пасля мерапрыемстваў дзеці звычайна не разыходзяцца адразу па дамах, а працягваюць сумесныя гульні.

— У тым ліку з нашай дапамогай дзеці знаходзяць новых сяброў і, што асабліва важна, хоць часова, але забываюць пра гаджэты. Яны ўспамінаюць дваровыя гульні, якія мы, дарослыя, так любілі ў дзяцінстве. Мне здаецца, гэта наш галоўны сумесны вынік, — разважае Іна Плаўская.

Аб’явы аб будучых мерапрыемствах размешчаны на сайце Цэнтра творчасці і ў месенджарах, якія аб’ядноўваюць жыхароў гарадскога пасёлка, а таксама на вулічных стэндах для аб’яў і на старонках раённай газеты. Сярод удзельнікаў праграмы заўсёды ёсць выхаванцы Цэнтра творчасці, якія ўжо ведаюць, што ім прапануюць нешта цікавае, а таксама хлопчыкі і дзяўчынкі, якія летам гасцююць у Зэльве ў бабуль. Якраз для іх варыянт набыць новых сяброў актуальны і своечасовы.

У летнім раскладзе педагогаў Цэнтра творчасці значнае месца адведзена таксама сустрэчам і мерапрыемствам з дзецьмі ў аздараўленчых лагерах — школьных і стацыянарным. Да таго ж кожны год на базе Зэльвенскай санаторнай школы-інтэрната арганізуецца работа профільнага выхаваўча-аздараўленчага лагера “Піянер — лідар”.

Іна Плаўская працуе ў Цэнтры творчасці трэці год і роўна столькі ж уносіць яркія ноткі ў летні адпачынак школьнікаў. І ўсё ж арганізатарскі стаж суразмоўніцы значна большы. Упершыню як педагог-арганізатар у адну з сярэдніх школ райцэнтра яна прыйшла ў 2012 годзе. З гэтага часу не мяняе традыцыі станавіцца аўтарам добрага настрою для юных жыхароў Зэльвы.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: