Усё пра бізнес-кампанію ў адным дапаможніку: сваім вопытам дзеліцца эколага-біялагічны цэнтр Мастоўскага раёна
17.07.2025Не першы год у Эколага-біялагічным цэнтры дзяцей і моладзі Мастоўскага раёна дзейнічае цікавая бізнес-кампанія па вырабе паштовак ручной работы, а ідэі ландшафтнага дызайну запазычваюць многія прадпрыемствы і арганізацыі раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Азеляненне з душой
— Два гады назад пры нашым удзеле змяніўся мемарыяльны сквер ля памятнай стэлы ў Мастах. Разам з навучэнцамі стварылі тут “Сад камянёў і хвойных”, які стаў прывабным месцам не толькі для мастаўчан, але і для гасцей нашага горада. Макеты ландшафтнага афармлення разам з нашымі навучэнцамі распрацоўвалі таксама для раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, удзельнічалі ў афармленні тэрыторыі вакол фізкультурна-аздараўленчага комплексу, райвыканкама, раённай бальніцы, адміністрацыйнага будынка ЗАТ “Гудзевічы”.
Заўсёды прыемна назіраць, як ідэі ўвасабляюцца ў рэальнасць, і дзеці адзначаюць гэта асабліва. Упэўнена, што ў гэтым кірунку заключаецца ў тым ліку і патрыятычнае выхаванне, бо калі дзіця само садзіць дрэва ці кветку, то яно будзе гэтым ганарыцца і абавязкова шанаваць прыгажосць навокал, — гаворыць дырэктар Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Мастоўскага раёна Кацярына Рэкуць.
Сваім арыгінальным афармленнем, безумоўна, здзіўляе і тэрыторыя цэнтра, дзе кожны куток — не інакш як фотазона для каларытных і яркіх здымкаў.
Арыгінальна аформлены сад злакаў прызнаны лепшым у краіне ў 2024 годзе па выніках рэспубліканскага конкурсу па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый “Упрыгожым Беларусь кветкамі”.
— Абсталяваны ў нас і жывыя куткі для трусоў і незвычайных відаў курэй, якіх з задавальненнем даглядаюць усе нашы выхаванцы, і тым самым вучацца гаспадарлівасці і праяўленню клопату, — дадае Кацярына Юр’еўна.
Паколькі асноўныя работы па доглядзе яркай тэрыторыі цэнтра прыпадаюць на лета, ва ўстанове не першы год заключаюць дагавор з упраўленнем па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама і ў разгар летніх канікул прымаюць на работу больш за 40 навучэнцаў.
— Такая форма работы — гэта не толькі пра занятасць. Стараемся ў вольны час арганізаваць для нашых юных работнікаў забаўляльныя мерапрыемствы, — адзначае суразмоўніца.
Працоўнае лета ў цэнтры арганізавана пераважна для старшакласнікаў, якія ў час навучальнага года наведваюць розныя аб’яднанні па інтарэсах. Дарэчы, у мінулым навучальным годзе 30 такіх аб’яднанняў дзейнічалі ў інтарэсах больш як 300 дзяцей і падлеткаў.
Бізнес-кампанія талентаў
Сярод мноства кірункаў ёсць зусім асаблівы і карпатлівы — па вырабе паштовак ручной работы. Адрозніваецца гэтае творчае пачынанне яшчэ і тым, што развіваецца ў рамках вучэбнай бізнес-кампаніі, якая была адной з першых, што адкрыліся ў вобласці. Пачала сваю гісторыю яшчэ ў 2017 годзе.
Да свят разам са сваімі юнымі падапечнымі Кацярына Рэкуць рыхтуе па некалькі дзясяткаў паштовак. Кожная — унікальная і ўражвае багаццем дробных дэталей.
— Атрымліваецца, святочным настроем па любой нагодзе ўдзельнікі нашай бізнес-кампаніі — а сёння гэта 10 чалавек — натхняюцца задоўга да любога чырвонага дня ў календары. Толькі да Новага года, напрыклад, падрыхтавалі каля 120 паштовак. З віншавальным адрасам усе яны разляцеліся па многіх кутках Беларусі, — заўважае Кацярына Рэкуць.
Асноўным заказчыкам арыгінальнай прадукцыі педагогаў і навучэнцаў сёння з’яўляецца Мастоўскі раённы выканаўчы камітэт. А таму паштоўкі ручной работы з Мастоў нярэдка атрымлівае і кіраўніцтва вобласці, і кіраўніцтва краіны.
— Стараемся рабіць іх не толькі прыгожымі, але і змястоўнымі. Асабліва калі гаворка ідзе пра дзяржаўныя святы — 9 Мая і Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Быў у нас у тым ліку вопыт значна больш маштабнай работы, — адзначае Кацярына Рэкуць.
Да інаўгурацыі Прэзідэнта рыхтавалі цэлы віншавальны альбом, які ў сталіцы прэзентавала кіраўніку дзяржавы старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта.
Творча і арыгінальна аформленыя альбомы ручной работы можна пагартаць і ў самім эколага-біялагічным цэнтры. Менавіта ў такім выглядзе тут структураваны ўсе поспехі і дасягненні навучэнцаў.
— Вось гэта наша Настасся Стэмплеўская — пераможца рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2018. А гэта пераможныя работы нашых навучэнцаў у намінацыі “Букет настаўніку” конкурсу юных фларыстаў краіны, дзе пераможцамі мы становімся на працягу некалькіх гадоў, уключаючы гэты, — гартае альбомы суразмоўніца.
Кніга як вынік вопыту
Пра дасягненні і поспехі навучэнцаў і выпускнікоў цэнтра яна расказвае, не звяртаючыся да падказак запісной кніжкі. Усё таму, што жыве работай цэнтра, які не толькі развіваецца сам, але і дапамагае ў гэтым іншым. У 2025 годзе напрацоўкі па вопыце арганізацыі бізнес-кампаніі ляглі пад вокладку кнігі. Кацярына Рэкуць стала суаўтарам дапаможніка пад грыфам Міністэрства адукацыі.
— Пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры педагогікі Акадэміі адукацыі Наталлі Канстанцінаўны Катовіч над зместам асобных раздзелаў працавалі даволі працяглы час. Калегам з усёй краіны пастараліся ў простай і даступнай форме расказаць пра фінансавы складнік работы і асаблівасці арганізацыі бізнес-кампаніі, прадставілі распрацоўку палажэння і праграмы вучэбнай бізнес-кампаніі, расказалі, з чаго пачаць і на чым акцэнтаваць асноўную ўвагу ў гэтай рабоце, — знаёміць са зместам дапаможніка Кацярына Юр’еўна.
У кабінеце дырэктара гэты дапаможнік справядліва заняў асаблівае месца. А разам з ім нарадзілася і вялікая надзея, што аформлены ў тэкст дапаможніка вопыт шматгадовай работы будзе карысны і тым, хто толькі плануе рухацца ў напрамку развіцця бізнес-кампаній, і тым, хто ў гэтым ужо мае пэўны вопыт.
Источник: https://nastgaz.by