РУС БЕЛ ENG 中文

Як пасля сёлетняга капрамонту зменіцца сярэдняя школа № 3 у Зэльве

14.07.2025

 

Сярэдняя школа № 3 Зэльвы сёлета сустрэне вучняў значна абноўленай. Падрабязнасці  даведаўся карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

З сярэдзіны чэрвеня яе будынак агароджаны будаўнічым плотам, а фасады месцамі дапаўняюць будаўнічыя рыштаванні. Гэта сведчыць жыхарам мік­рараёна Паўночны, што да 1 верасня іх чакае прыемны сюрпрыз.

— Сёлета ў нас запланаваны капітальны рамонт даху і фасада. Вялікія змены будуць бачны і дзякуючы ўстаноўцы новых вокнаў. Толькі іх плануем замяніць больш за 80, — расказвае дырэктар Кацярына Ігнатавец.

Спартыўная зала таксама будзе абноўлена. І гэта не толькі афарбоўка падлогі і сцен. Да нядаўняга часу вокны тут былі з зялёных шкляных блокаў, якія дрэнна прапускалі святло. Цяпер іх заменяць сучасныя шклопакеты, і ў зале стане значна святлей.

— Гэта важны момант, паколькі на базе школы штогод праводзяцца спаборніцтвы абласнога ўзроўню. Больш камфортна стане не толькі нашым юным спартсменам, — дадае дырэктар.

Увогуле, школьныя пераўтварэнні ацэняць не толькі вучні канкрэтна гэтай установы адукацыі. Тут традыцыйна прахо­дзяць цэнтралізаваныя экзамены, што робіць школу месцам прыцягнення для ўсіх выпускнікоў раёна.

За 34 гады існавання ўстановы гэта першы капітальны рамонт. Сродкі выдзелены з раённага бюджэту, але калектыў школы не застаецца ў баку ад штогадовага абнаўлення.

— Не першы год вясной частка калектыву — настаўнікі і тэхнічны персанал — удзельнічае ў пасадцы лесу, а атрыманыя сродкі ідуць на абнаўленне школы, у асноўным унутранае. Мы ўдзячны і бацькам за спонсарскую дапамогу ў выглядзе закуп­ленай фарбы для вучэбных класаў. І тут таксама актыўна вядзецца работа, — гаворыць Кацярына Вацлаваўна.

У калідорах адчуваецца пах свежай фарбы, а выстаўленая мэбля запэўнівае, што работы вядуцца ўсюды. Вучні таксама робяць свой уклад у школьную перазагрузку. Сёлета сярод іх сфарміраваны дзве вытворчыя брыгады. Старшакласнікі з 14 гадоў у ліпені і жніўні будуць задзейнічаны ў рамонце мэблі і кніжнага фонду, работах на прышкольным участку.

— Работы па капітальным рамонце ідуць па графіку, і іх плануецца завяр­шыць да сярэдзіны жніўня. Наперадзе яшчэ шмат спраў, але агульнымі намаганнямі з будаўнікамі мы рухаемся да мэты стварэння больш камфортных умоў для дзяцей. І да 20 жніўня плануем атры­маць пашпарт гатоўнасці, як і іншыя ўстановы адукацыі раёна, — адзначае дырэктар падчас экскурсіі па школе.

Дарэчы, у мінулым навучальным годзе тут займаліся 403 вучні. Апошнім школьным майскі званок у гэтым годзе стаў для 23 выпускнікоў, сярод якіх адзін медаліст і адзін стабальнік. Яшчэ два вучні з іспытамі ў цэнтралізаванай форме сёлета справіліся на выдатна — набралі больш за 90 балаў. Акрамя таго, пяць дзевяцікласнікаў атрымалі пасведчанні з адзнакай.

Дырэктар дадае, што абноўлены будынак будзе садзейнічаць поспехам вучняў, бо калі вакол прыгожа і акуратна, то хочацца адпавядаць гэтай атмасферы.

— Эстэтыка сцен у нас да таго ж дапаўняецца яркімі кветкамі ў двары школы. Сёлета мы высадзілі больш за 1000 петуній і каля 500 саджанцаў агератума. Што важна, кветкі вырошчваем самі. Ужо ў лютым высяваем будучы дэкор школьнай тэрыторыі ў цяпліцах. Пышнае цвіценне будзе радаваць школьнікаў і гара­джан бліжэй да пачатку восені, — рэзюмуе суразмоўніца.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: