Як у педагагічнай сям’і дасягнуць балансу і гармоніі, ведаюць настаўнікі гімназіі Астраўца Леанід і Таццяна Казак
20.06.2025Баланс і гармонія — менавіта гэтыя словы прыходзяць у галаву, калі глядзіш на цудоўную сямейную пару настаўнікаў з Астраўца — Леаніда і Таццяну Казак. Ён грунтоўны, спакойны, працавіты. Яна імклівая, творчая, гаварлівая. А калі яны разам, то быццам дзве ракі зліваюцца ў адну плынь — і наступае баланс і гармонія. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
За мужам у Астравец
Мы гутарым з настаўніцкім дуэтам Казак у цэнтры бяспекі гімназіі № 1 Астраўца. Тут гаспадарыць Таццяна Валянцінаўна, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Астраўца. Аднак і Леанід Віктаравіч, настаўнік працоўнага навучання і фізікі, відавочна, у гэтых сценах адчувае сябе ўпэўнена, на сваім месцы. І гэта цалкам зразумела: многае ў цэнтры бяспекі зроблена яго руплівымі, нястомнымі рукамі. Леанід Казак лічыць сваім абавязкам падтрымаць каханую жонку не толькі словамі, але і справай.
Які ён, шлях Леаніда і Таццяны Казак адно да аднаго? Як ім у адной прафесіі і ў адной гімназіі?
— Леанід — лепшы сябар майго брата, мы вучыліся ў Міхалішкаўскай школе Астравецкага раёна з розніцай у 3 гады, таму бачылі адно аднаго кожны дзень, — пачынае аповед усмешлівая Таццяна Валянцінаўна. — Аднак сур’ёзна пачалі сустракацца, калі я вучылася ў 11 класе, а Леанід ужо быў студэнтам. Так што можна сказаць, што наша каханне нарадзілася яшчэ ў школьныя гады. Шлях да нашай сям’і быў няпростым, мы сустракаліся і разыходзіліся, пакуль не пажаніліся ў 2003 годзе. Я жартую, што ў нас вытрыманае гадамі каханне.
На першае месца працы Таццяна Валянцінаўна вярнулася ў родную школу пасля заканчэння Нясвіжскага педагагічнага вучылішча (зараз Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа). Вышэйшую адукацыю набыла ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Пачынаць працаваць было хвалююча — менавіта гэтае слова падабрала мая гераіня, бо настаўнікі, якія яе вучылі, сталі яе калегамі. Але яны прынялі маладога спецыяліста вельмі добра. Да гэтай пары Таццяна Валянцінаўна ўдзячна Івану Уладзіміравічу Свірыду, тагачаснаму дырэктару, за падтрымку: ён прыняў яе як родную і вітаў жаданне дзяўчыны працаваць на радзіме. Там прайшлі першыя 12 гадоў работы, а пасля за мужам Таццяна Казак паехала ў Астравец.
Леанід Віктаравіч у 1993 годзе скончыў Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Н.К.Крупскай (цяпер Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна) па спецыяльнасці “Настаўнік працоўнага навучання” з дадатковай спецыяльнасцю “Настаўнік фізікі” і быў размеркаваны ў Завідзіненцкую базавую школу Астравецкага раёна. Адпрацаваў 5 гадоў і перавёўся ў сярэднюю школу № 2 Астраўца, якая пасля стала гімназіяй. Мае 33 гады педагагічнага стажу і не збіраецца мяняць сферу дзейнасці.
У адной лодцы
Ці дапамагае работа ў адным месцы з мужам (жонкай) у прафесійнай дзейнасці?
— Тут галоўны плюс — гэта ўзаемаразуменне, — адказвае Леанід Казак. — Жонка разумее, чаму я часам прыходжу дадому позна. Да таго ж адчуваю маральную падтрымку жонкі, а сам стараюся ёй дапамагаць у афармленні цэнтра бяспекі гімназіі, за які яна адказвае.
— Нават не ўяўляю побач з сабой мужа, які не быў бы педагогам, — далучаецца Таццяна Казак. — Калі я працую над публікацыямі і сяджу за сталом да позняй ночы, муж мне гатуе каву з бутэрбродамі, бо добра разумее спецыфіку нашай работы.
Таццяна Валянцінаўна з мнагадзетнай сям’і, адна з шасцярых дзяцей. Тры яе сястры, як і яна, выбралі педагогіку. Галіна Валянцінаўна Тумаш ужо на заслужаным адпачынку, Валянціна Валянцінаўна Шафарэвіч з часам змяніла педагагічную дзейнасць на іншую, а вось Наталля Валянцінаўна Ярмак і цяпер выкладае беларускую мову і літаратуру ў Міхалішкаўскай сярэдняй школе Астравецкага раёна, яна настаўнік-метадыст.
Дачка Леаніда і Таццяны Ульяна скончыла 4 класы, яна выдатніца, добра малюе, наведвае Астравецкую школу мастацтваў, перамагае на мастацкіх конкурсах. Дзяўчынка два гады запар становіцца пераможцай раённай алімпіяды па беларускай мове сярод навучэнцаў І ступені навучання і раённага этапу рэспубліканскага конкурсу-алімпіяды “Школа бяспекі”.
Іх сын Даніла скончыў школу з залатым медалём, сёлета ён выпускнік факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ па спецыяльнасці “Камп’ютарная бяспека”. Працуе ў інфармацыйна-вылічальным цэнтры пры Міністэрстве фінансаў Рэспублікі Беларусь.
Любіць тое, чым займаешся
Якімі прафесійнымі перамогамі асабліва ганарацца муж і жонка?
— Я працую намеснікам дырэктара па пачатковай школе гімназіі і выкладаю “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”, штогод маю прызёраў раённага этапу рэспубліканскага конкурсу “Школа бяспекі”, — расказвае Таццяна Валянцінаўна. — Супрацоўнічаю з выдавецтвам у Мазыры, якое друкуе распрацаваныя мной планы-канспекты па АБЖ і рабочыя сшыткі для 2, 3 і 4 класаў. У гэтым годзе разам з выдавецтвам плануем рабочыя сшыткі перапрацаваць пад практыкум, які пасля можна будзе падаваць на грыф Міністэрства адукацыі. Наш цэнтр бяспекі атрымаў статус раённага рэсурснага цэнтра эфектыўных педагагічных практык, з’яўляюся яго кіраўніком. Усе экскурсіі, напаўняльнасць, планы работы — мая зона адказнасці. У цэнтры бяспекі некалькі лакацый: “Пад’езд”, “Кватэра небяспек”, “Зона адпачынку. Насякомыя”, “Вадаёмы. Паводзіны на вадаёмах і беразе”, “Лес. Пажарная бяспека”, “Атамная і радыяцыйная бяспека”, “Прыродныя і тэхнагенныя надзвычайныя сітуацыі”, “Аўтобус”, “Горад”, “Правер сябе”. Зараз мы працуем над афармленнем лакацыі “Горад”, у якой будзе расказвацца пра неабходнасць выканання правіл дарожнага руху, бяспечныя паездкі на самакатах і веласіпедах, небяспеку безгаспадарных рэчаў і сустрэч з незнаёмымі людзьмі. Нават банкамат і інфакіёск на вуліцы горада могуць таіць у сабе небяспеку, калі не выконваць правіл абароны персанальных даных. Шмат дзялюся назапашаным вопытам з калегамі з іншых рэгіёнаў.
Леанід Віктаравіч надзвычай сціплы ў пераліку сваіх перамог, што зразумела: за мужчыну гавораць яго справы. У 2022 годзе Леанід Казак атрымаў грамату Міністэрства адукацыі, штогод яго навучэнцы ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, ёсць прызёры абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. Ужо тры гады запар яго навучэнец Уладзіслаў Саткевіч становіцца прызёрам алімпіяды. Ёсць куды расці! У 2022 годзе Леанід Віктаравіч заняў 1-е месца ў раённым аглядзе-конкурсе кабінетаў працоўнага навучання ў намінацыі “Слясарныя майстэрні”, а пасля такі ж вынік паказаў і на абласным этапе конкурсу.
А яшчэ Леанід Віктаравіч быў трэнерам зборнай каманды па працоўным навучанні пры падрыхтоўцы да рэспубліканскай алімпіяды. З бягучага года ўваходзіць у групу педагогаў школы “ІнтэлектУм” па дыстанцыйнай падрыхтоўцы да алімпіяды.
Хто ў доме галоўны?
Як не страціць інтарэс і заўсёды быць адно для аднаго падтрымкай?
— Лічу, што ў сям’і павінна быць не толькі каханне, але і давер, — дзеліцца мудрасцю Таццяна Казак. — Разумееце, у нашай сям’і заўсёды ўсё спакойна, роўна, няма вострых сітуацый. Мы разумеем адно аднаго з паўслова. Цэнім сямейныя традыцыі, сустракаемся вялікай сям’ёй на Раство і Вялікдзень, на юбілеі. Маладым парам раю навучыцца саступаць адно аднаму, знаходзіць кампрамісы. У нашай сям’і, напрыклад, няма падзелу на мужчынскую і жаночую працу, усё робім разам, умеем дамаўляцца. Гэта на рабоце я намеснік дырэктара гімназіі, а дома я проста жонка, жанчына.
— Лічу, нам пашанцавала, што мы стварылі сям’ю не надта маладымі, калі перагарэлі ўжо амбіцыі і стала зразумела, што сям’я — аснова ўсяму, — далучаецца да слоў жонкі Леанід Казак. — Разумею, што часам лепш прамаўчаць, асабліва калі жонка на эмоцыях. Лічу жанчыну цудам, які трэба аберагаць. Таму мужчынам нельга забываць дарыць жонцы кветкі, гатаваць пры выпадку святочную вячэру. І заўсёды ставіцца з павагай да яе, бо яна мама вашых дзяцей, трэба дзякаваць ёй за яе вялікую мацярынскую працу.
Таццяна КАЗАК: Нават не ўяўляю побач з сабой мужа, які не быў бы педагогам. Нам праца не надакучвае нават дома, дзе мы працягваем абмяркоўваць рабочыя пытанні. Кансультуемся адно ў аднаго, калі рыхтуемся да ўрокаў, і прыслухоўваемся да парад.
Леанід і Таццяна Казак — шчаслівая сям’я, у якой ёсць усё: двое любімых дзяцей, якія іх радуюць, любімая работа, якой яны аддалі больш за 30 гадоў. І ёсць яны адно ў аднаго: апора, падтрымка ўсюды і ва ўсім. Маладым педагогам нашы героі жадаюць любіць сваю работу і не баяцца цяжкасцей, заяўляць пра сябе праз удзел у конкурсах, быць з навучэнцамі на адной хвалі. А сямейным парам, дзе муж і жонка — педагогі, настаўніцкі дуэт Казак жадае падтрымліваць адно аднаго і дапамагаць у любых прафесійных пачынаннях. Але разам з тым памятаць, што ўсё павінна быць не на шкоду сямейным адносінам.
Источник: https://nastgaz.by