РУС БЕЛ ENG 中文

Ад педкласа да першага ўрока: як мара стала рэальнасцю для маладога педагога школы № 3 Ваўкавыска

18.06.2025

 

Педклас, універсітэт, родная школа і парады ад свайго настаўніка ўжо як калегі… Такім быў шлях у прафесію маладога спецыяліста з сярэдняй школы № 3 Ваўкавыска Веранікі Македон. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Мінулы навучальны год для яе стаў першым прафесійным. Называць яго лёгкім Вераніка Вячаславаўна не спяшаецца, але ў дзень заўтрашні глядзіць з энтузіязмам:

— На свой першы ўрок у роднай школе ішла, канечне, з хваляваннем. Цяпер у канцы першага года работы разумею, што педагогіка — гэта не толькі пра любоў да дзяцей. Гэта пра пастаянны рух і работу над сабой.

Алена Лясота, Вераніка Македон і Юрый Лаечка

Прызнаецца, што пачынаць прафесійны шлях у школе, у якой калісьці вучылася сама, адказна ўдвая. Але побач шмат памочнікаў. Па параду заўсёды спяшалася да замацаванага настаўніка Марыны Уладзіміраўны Вярбіцкай і свайго школьнага настаўніка — калегі-прадметніка Юрыя Віктаравіча Лаечкі.

— Калі даведаўся, што Вераніка для паступлення выбрала філалагічны факультэт, быў вельмі рады, разумеючы, што ў прафесію прыйдзе чалавек, захоплены маім прадметам, — уключаецца ў размову Юрый Лаечка, тактоўна прамаўчаўшы пра свой уплыў на выбар спецыяльнасці былой вучаніцай.

А на пытанне, ці апраўдаліся яго высокія чаканні, педагог з багатым вопытам адказаў так:

— У гэтым навучальным годзе ў 5-х класах Веранікі Вячаславаўны замяняў яе падчас бальнічнага. Ведаеце, стаміўся адказваць на пытанне, калі ж прый­дзе іх настаўнік. І гэта гаворыць пра многае. Дзеці яе палюбілі і вельмі чакаюць, а гэта ўжо істотная частка пос­пеху на шляху да ведаў.

Вераніка Македон вучылася ў педагагічнай групе і пастаянна ўдзельнічала ў школьных днях самакіравання, педагагічных пробах. Яшчэ будучы вучаніцай 11 класа запісала відэаўрок па рускай літаратуры для 5 класа па творы Яўгена Велцістава “Прыгоды Электроніка” для ўдзелу ў конкурсе БДПУ. І ўжо тады зразумела, што хлеб педагога — не самы лёгкі.

Прызнаецца, што і праз год работы кожны ўрок даецца няпроста. І справа тут не толькі ў планаванні заняткаў і значным часе на падрыхтоўку да іх.

Важна не толькі даць дзецям веды, але і зацікавіць вучняў, матываваць іх, дапамагчы паверыць у сябе.

Вераніка Вячаславаўна ўпэўнена, што і настаўніку неабходна пастаянна вучыцца самому.

— У пастаянным кантакце са старэйшымі калегамі з нашай установы і раённай школы маладога педагога мы, маладыя спецыялісты, зможам знайсці сваю дарогу да новых вяршынь у адукацыі. Разумею, што час сёння патрабуе асэнсавання, грунтоўнага падыходу і выніку са знакам якасці. Спадзяюся, у мяне гэта атрымаецца, — дзеліцца педагог.

Дырэктар школы Алена Уладзі­мі­раў­на Лясота ў сваю чаргу дадае, што падтрымка маладых спецыялістаў — адна з найважнейшых задач сучаснай школы. І вопытныя педагогі адыгрыва­юць ключавую ролю ў станаўленні кадраў.

— Стараюся не даваць вучням парад, кім стаць, але заўсёды рады іх выбару на карысць педагогікі. Пакуль мы можам захапіць дзяцей сваёй прафесіяй, традыцыі школы будуць жыць. І будзе абсалютна праўдзівай фраза пра тое, што настаўнік працягваецца ў сваім вучню, — робіць важны акцэнт Юрый Віктаравіч.

Не дамаўляючыся, учора настаўнік і выпускнік, а сёння калегі далі адзін адказ на пытанне, што галоўнае на любым уроку. Па-за межамі метадычнага складніка яны назвалі галоўным уменне педагога паказаць вучню, што настаўнік у яго верыць. Менавіта ў гэтай кропцы пачынаецца рост і імкненне не толькі ў прадмеце, але і ў жыцці.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: