РУС БЕЛ ENG 中文

Якой павінна быць сучасная інфармацыйная прастора бібліятэкі, расказвае Таццяна Велясевіч з Ліды

12.06.2025

 

У час, калі лічбавыя тэхналогіі развіваюцца вокамгненна, школьныя бібліятэкі працягваюць шукаць новыя спосабы ўзаемадзеяння са сваімі галоўнымі героямі — навучэнцамі і педагогамі. Загадчыца бібліятэкі сярэдняй школы № 16 Ліды імя П.М.Машэрава Таццяна Велясевіч ужо не адзін год працуе над стварэннем сучаснай інфармацыйнай бібліятэчнай прасторы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Даследаванне ў дзеянні

Школьная бібліятэка для Таццяны Пятроўны Велясевіч — гэта больш, чым работа: у яе развіццё ўкладзена многа ідэй і задум. Прадуманыя і дакладныя алгарытмы паспрыялі таму, што спачатку бібліятэка ператварылася ў інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр. Праз некаторы час на яго пляцоўцы адкрыўся раённы рэсурсны цэнтр, які атрымаў статус абласнога, а год назад ён вырас да абласнога цэнтра эфектыўных педага­гічных практык.

— Школьныя бібліятэкі знойдуць сваё месца ў будучыні, створаць новыя магчымасці для навучання, супрацоўніцтва і дадуць магчымасць доступу да набыцця новых навыкаў, інструментаў, — упэўнена Таццяна Пятроўна. — Бібліятэкі змогуць прапанаваць інавацыйныя формы абслугоўвання і навучання, ператворацца ў майстэрні вынаходстваў і новых ідэй.

Абласны цэнтр эфектыўных педагагічных практык, які сёння працуе ў бібліятэцы школы, распаўсюджвае эфектыўны педагагічны і бібліятэчны вопыт, забяспечвае рэалізацыю прыярытэтных напрамкаў развіцця сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці. А яны вельмі разнастайныя: прапаганда эфектыўнага педага­гічнага і бібліятэчнага вопыту, выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій для інфармавання педагогаў аб магчымасцях цэнтра. Таксама ў цэнтры можна атрымаць кансультацыйную, метадычную, арганізацыйную падтрымку, даведацца пра асаблівасці інфармацыйна-метадычнага суправаджэння мерапрыемстваў па падрыхтоўцы навучэнцаў да прадметных алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, інтэлек­туальных і творчых конкурсаў і г.д.

— Інавацыйная дзейнасць становіцца найважнейшым крокам у развіцці навукі, новых тэхналогій і з’яўляецца неад’емнай часткай развіцця ўстановы адукацыі, — працягвае загадчыца бібліятэкі. — Пачынаючы з 2016 года наша школа ўдзельнічае ў рэалізацыі рэс­публіканскіх інавацыйных праектаў, што і вызначыла адзін з кірункаў дзейнасці школьнай бібліятэкі. Яе мэтай стала стварэнне інфармацыйна-бібліятэчнага асяроддзя як асновы для развіцця творчага мыслення, фарміравання інфармацыйнай культуры асобы, яе грамадзянскай і патрыятычнай самасвядомасці. Рэалізуючы гэта, увасобілі ў жыццё многа новых цікавых ідэй і праектаў, вызначылі прыярытэтныя віды дзейнасці як па рэалізацыі інавацый, так і ў астатніх кірунках: электронная метадычная бібліятэка, “Мабільная бібліятэка”, віртуальная выставачная дзейнасць бібліятэкі, рэкламна-выдавецкая дзейнасць.

У “Мабільнай бібліятэцы”, якую стварыла Таццяна Велясевіч, ёсць некалькі раздзелаў, распрацаваных для педагогаў. “Мабільная метадычная скарбонка” ўтрымлі­вае мультымедыйныя прэзентацыі шматлікіх вучэбных заняткаў, а міні-кнігі персаналій з QR-кодамі і электронны дыск дакументаў спатрэбяцца на ўроках падчас вывучэння біяграфій аўтараў. Для больш дасканалай выхаваўчай работы прадуманы падраздзелы “Класная гадзіна “Прафарыентацыя”, “Пошукавыя работы музея “Беларуская хатка”, “Пошукава-даследчыя работы па духоўна-маральным выхаванні”, “Інфармацыйная гадзіна” і інш.

— На працягу некалькіх гадоў наша школа працавала над рэалізацыяй інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі развіцця прадметна-метадычных кампетэнцый педагогаў ва ўмовах абнаўлення зместу адукацыі на аснове тэхналогіі “Даследаванне ў дзеянні”, — дадае Таццяна Пятроўна. — Узгадняючы ключавую ідэю вучэбных заняткаў, педагогі знайшлі адказы на многія пытанні, якія іх хвалявалі. Наступным этапам сумеснай работы з настаўнікамі стала карпатлівая праца па зборы неабходнай інфармацыі, навуковай літаратуры.

Так у “Мабільнай бібліятэцы” з’явіліся раздзелы “Мабільнае да­следаванне ў дзеянні”, “Мабільная інавацыя”, у якіх размешчана ўся магчымая літаратура па тэме праекта. Цікавае і карыснае напаўненне атрымаў раздзел “Мабільная псіхалогія: даследаванні ў дзеянні”.

— Таксама з’явілася неабходнасць стварэння ў сетцы такой прасторы, дзе педагогі зной­дуць адказы на шматлікія хвалюючыя пытанні, — расказвае пра этапы рэалізацыі сваіх праектаў бібліятэкар. — Хацелася арганізаваць прастору, якая дапаможа ім павы­сіць прафесійную кампетэнт­насць, праявіць актыўнасць, наву­чыць узаемадзейнічаць з калегамі, а таксама паспрыяе развіццю прадметна-метадычных кампетэнцый. Так з’явіўся блог “Бібліявеснік”, які складаецца з 27 старонак.

Сучаснаму настаўніку

Пашырэнне функцыяналу біб­ліятэкі пайшло толькі на карысць: у абласным цэнтры эфектыўных педагагічных практык пры дапамозе настаўнікаў распрацавалі гласарый ключавых тэрмінаў у тэхналогіі “Даследаванне ў дзеянні”. Як вынік, былі выдадзены кейсы сучаснага выкладчыка з мультымедыйным суправаджэннем. Сярод самых важных і адметных — рэалізацыя падыходу Lesson Study ў школьнай практыцы выкладання, прыклады кейс-тэхналогій у адукацыі, актыўныя метады навучання, сучасныя школьныя тэхналогіі, коўчынг і інш. Для нас­таўнікаў, якія сталі ўдзельнікамі інавацыйнага праекта, распрацавалі і выдалі такія ж кейсы па асобных вучэбных прадметах: “Кейс сучаснага настаўніка біялогіі”, “Кейс сучаснага настаўніка матэматыкі”, “Кейс сучаснага нас­таўніка рускай мовы і літаратуры” і інш.

— Падыход Lesson study ўяў­ляе сабой цыкл, які ўключае не менш за 3 заняткі, якія былі сумесна спланаваны і прааналізаваны групай настаўнікаў. У мэтах інфармацыйна-метадычнай падтрымкі нашых педагогаў-наватараў мы прыдумалі такую форму работы, як стрыпхолдар “Прафарыентатар. Вучэбныя прадметы”. Ён уяўляе сабой паласу-стужку-трымальнік, на якой зама­цоўваецца так званы тавар — ма­тэрыял, які хочам прапана­ваць педагогам. Канструкцыя не займае многа месца, але дазваляе размясціць шмат карыснага матэрыялу нават у самым маленькім памяшканні любога аддзела бібліятэкі ці класа. Такі матэрыял пад­рыхтавалі для настаўнікаў-наватараў па матэматыцы, гісторыі, інфарматыцы, біялогіі, англійскай мове, — зазначае Т.П.Велясевіч.

Інфармацыя ў Lesson study па­дзелена на чатыры блокі: планаванне першага ўрока, планаванне пазнавальнай дзейнасці на вучэбных занятках, прэзентацыя па метадзе даследавання Lesson study на ўроку і дзеянне-мадэляванне сучаснага ўрока на аснове спалучэння розных метадаў навучання і самастойнай работы вучняў. Настаўнікам, якія прымяняюць у практыцы падыход Lesson study, трэба правесці карпатлівую работу па зборы неабходнай інфармацыі для мадэлявання зместу ўрока, заданняў і па выбары форм і метадаў работы з навучэнцамі.

— Рэалізуючы задачу бібліятэкі, забеспячэнне інфармацыйна-метадычнага суправаджэння інавацыйнай дзейнасці педагогаў, прапанавалі новую нестандартную форму дзейнасці — картхолдар “Лепшага пакуль не прыдумалі”, — прэзентуе распрацоўку Таццяна Велясевіч. — Наш картхолдар — гэта прынцып інтэлект-карты — блок-схемы асноўных пытанняў курса па гісторыі, інфарматыцы, біялогіі, якія забяспечаны QR-кодамі. Нагляднае ўяўленне інфармацыі і ўсе асноўныя даныя размяшчаем на адной вялікай стужцы. Чым большы аб’ём кары галаўнога мозга падключаецца да ўспрымання інфармацыі, тым яна лепш запамінаецца. Мозг думае не лінейна, а асацыятыўна, таму для большасці людзей інтэлект-карты — выдатны інструмент для работы з вялікім аб’ёмам даных. 

Кніжная галактыка

Бібліятэка, у якой гаспада­рыць Таццяна Пятроўна Велясевіч, асаблівае месца адводзіць развіццю праектнай дзейнасці. Сёння ў сярэдняй школе № 16 Ліды паспяхова рэалізуюцца такія ініцыятывы, як “Я чытаю малышам”, “Фес­тываль “Кніжная галактыка”, “Час чытаць!”. Папулярнай сярод нас­таўнікаў і вучняў стала распрацоўка “У родным краі, як у раі”. Задачы, якія на яе ўсклалі, вельмі адказныя: укараненне новых інфармацыйных тэхналогій у края­знаўчую дзейнасць, стварэнне новых відаў электроннай края­знаўчай прадукцыі, папулярызацыя аб’ектаў культурнай спад­чыны.

— Таксама асаблівае месца ў праектнай рабоце адводзім раз­дзелу “Мабільная хрысціянская бібліятэка”, — падкрэслівае Таццяна Пятроўна. — Гэта дазволіла шырэй прэзентаваць фонд права­слаўнай літаратуры, на старонках якой раскрываюцца духоўна-маральныя каштоўнасці, такія як чалавекалюбства, справядлівасць, гонар, сумленне, воля, асабістая годнасць, вера ў дабро, імкненне да выканання маральнага абавязку перад самім сабой, сваёй сям’ёй і Радзімай. Мы нават выпусцілі кейс “Духоўная спадчына”, у якім можна знайсці многа мультымедыйнага матэрыялу па вызначанай тэме.

Мерапрыемствы па духоўна-маральным выхаванні бібліятэка арганізуе і ў шосты школьны дзень. Для таго каб захаваць нацыянальную культуру, духоўнае развіццё, Таццяна Велясевіч прапанавала педагогам і школьнікам далучыцца да рэспубліканскай акцыі “Сямейнае чытанне”.

— У рамках Дня праваслаўнай кнігі для дзяцей і іх законных прадстаўнікоў працуе літаратурны партал “Спакон веку кніга гадуе чалавека” з удзелам куратара школы па духоўна-маральным выхаванні протаіерэя Сергія Шафароста, настаяцеля прыхода храма “Усецарыца”, арганізуецца выступленне тэатра-студыі “Батлейка” “Вера. Надзея. Любоў”, — прэзентуе яшчэ адзін кірунак сваёй работы бібліятэкар.

А яшчэ Таццяна Пятроўна Велясевіч распрацавала праект сакральнага ўрока-практыкуму па пытаннях маралі для малодшых школьнікаў і для старшакласнікаў. У раённым конкурсе метадычных распрацовак факультатыўных заняткаў па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў матэрыялы “У святых вытокаў”, якія прэзентавала загадчыца біб­ліятэкі, былі названы аднымі з лепшых.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: