РУС БЕЛ ENG 中文

100 радкоў пра калегу. Што б ні рабіла Яўгенія Савіцкая — усё з маладзецкім запалам!

29.05.2025

Мэтанакіраваная, руплівая, бадзёрая, крэатыўная, вясёлая… Такой з’яўляецца Яўгенія Савіцкая, педагог са стажам амаль 40 гадоў!

Яўгенія Міхайлаўна працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры, вяла АБЖ, паспяхова спраўлялася з абавязкамі намесніка дырэктара… Аднак самымі насычанымі і незабыўнымі былі гады работы ў якасці старшай піянерважатай і педагога-арганізатара Поразаўскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна.

Педагог-арганізатар — прафесія творчая. Артыстызм і неардынарнасць Яўгеніі Савіцкай дапамаглі ёй у 2006 годзе стаць пераможцай раённага конкурсу “Грані майстэрства”. Пад кіраўніцтвам Яўгеніі Міхайлаўны піянерская дружына “Юнацтва” не раз станавілася пераможцай раённага агляду-конкурсу на лепшую піянерскую арганізацыю і атрымлівала ганаровае званне правафланговай. У архівах школьнага музея захоўваюцца шматлікія нумары “Свіслацкай газеты”, дзе адлюстравана актыўная дзейнасць арганізацыі.

У 2008 годзе ў раённым конкурсе “Піянер-лідар” атрымала перамогу сярод 9 яркіх лідараў Марына Савіцкая, старшыня савета дружыны, дачка Яўгеніі Міхайлаўны. Дзяўчына абараняла гонар раёна на абласным этапе конкурсу і ўвайшла ў дзясятку лепшых. Дарэчы, пасля заканчэння Поразаўскай сярэдняй школы яна стала студэнткай Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, звязаўшы свой лёс з педагогікай.

Гады работы з піянерамі Яўгенія Міхайлаўна ўспамінае як самыя насычаныя. Піянерскія зборы, акцыі і аперацыі, ваенна-патрыятычныя гульні і спаборніцтвы — тое, што не давала сумаваць і дазваляла быць на адной хвалі з дзецьмі і падлеткамі. Пад яе кіраўніцтвам піянеры перамагалі ў шматлікіх конкурсах: “Важаты года”, “Акцябронак года”, конкурсе на лепшую сцяганосную групу і інш.

Шмат гадоў педагог з’яўлялася кіраўніком драматычнага гуртка, удзельнікі якога выступалі на раённай і абласной сцэне. Гэта яшчэ раз падкрэслівае рознабаковасць таленту Яўгеніі Міхайлаўны.

Багаты педагагічны вопыт дапамагае ёй выдатна спраўляцца з ускладзенымі абавязкамі па ахове працы, падрыхтоўцы да алімпіяды-конкурсу “Школа бяспекі” і шматлікіх творчых конкурсаў.

Аптымізм і невычэрпная энергія пацвярджаюць: педагог-арганізатар — гэта на ўсё жыццё! Што б ні рабіла Яўгенія Міхайлаўна — усё з маладзецкім запалам!

 Таццяна АСТАПЧЫК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Поразаўскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: