Крэатыўная адукацыя, або Арыгінальныя падыходы ў афармленні адукацыйнай прасторы гродзенскай школы № 40
27.05.2025У сярэдняй школе № 40 Гродна, якая носіць імя Героя Беларусі Віталя Крамко, наладжваюць цесныя сувязі з калегамі з Санкт-Пецярбурга і арыгінальна падыходзяць да афармлення адукацыйнай прасторы. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Музей у калідорах
Яшчэ ў 2021 годзе школа з Гродна падпісала дагавор аб супрацоўніцтве з Паўлаўскай гімназіяй горада на Няве.
— На працягу чатырох гадоў наша партнёрства не абмяжоўваецца толькі сустрэчамі ў фармаце відэападключэнняў. Кожны год прымаем гасцей з паўночнай сталіцы Расіі ў сябе. І яны заўсёды даюць высокую ацэнку нашым падыходам у афармленні школы, — гаворыць дырэктар Аляксандр Рымко.
Тут сапраўды ёсць чаму падзівіцца і на што паглядзець. Шматлікія тэматычныя экспазіцыі знаходзяцца нават у холах установы адукацыі. У рэкрэацыі, дзе размешчаны кабінеты гісторыі, напрыклад, расказваецца пра ваенную авіяцыю і подзвігі лётчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Прычым гэта не толькі стэнды з багатай і цікавай інфармацыяй. У школьным фае літаральна ляцяць мадэлі баявых самалётаў, якія ўмела змайстраваў супрацоўнік школы Уладзімір Гусяцін.
Тут нібы застыла ў кадры карціна бою 22 чэрвеня 1941 года. Макет фарміраваўся на падставе гістарычнага здымка, зробленага ў раёне найстарэйшага з дзеючых у Беларусі гродзенскага аэрадрома ў вёсцы Караліно.
— Маштабная экспазіцыя распрацоўвалася на працягу двух з паловай гадоў. Прадстаўленыя стэнды дзеляцца на чатыры тэматычныя часткі і актыўна выкарыстоўваюцца ў вучэбнай і выхаваўчай рабоце. Непасрэдна тут праводзім цыкл заняткаў “Наш край”. Спрыяе гэтая прастора і фарміраванню функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў, калі на занятках мы прапануем дзецям суаднесці і параўнаць мадэлі самалётаў, авіяцыйныя вайсковыя падраздзяленні. Акрамя таго, экспазіцыя захапляе навучэнцаў краязнаўчай тэмай. У гэтым годзе, напрыклад, распрацавалі настольную гульню-падарожжа па родным горадзе, дзе факты сучаснасці пераплятаюцца з гістарычнымі. А ў нядаўняй гарадской навукова-практычнай канферэнцыі мае вучні ўдзельнічалі з трыма работамі, прысвечанымі гродзенскай авіяцыі, — знаёміць з выкарыстаннем тэматычнай прасторы настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Мікалай Макарэеў.
Працягвае ваенную тэматыку ўсё ў тым жа холе экспазіцыя, якая ў чорна-чырвоных тонах расказвае гісторыю гібелі соцень жыхароў вёскі Пузевічы Гродзенскага раёна. Побач з жахлівымі лічбамі макет спаленай вёскі.
— У нас вучыцца больш за паўтары тысячы дзяцей, і пасля званка з урока школьныя калідоры нагадваюць броўнаўскі рух. І ўсё ж ні адна з экспазіцый не мае патрэбы ў рэстаўрацыі — нашы дзеці з павагай ставяцца да гісторыі, — уносіць важную рэмарку Аляксандр Васільевіч.
Вакзал у школе
У суседнім фае сёння працягваюцца работы па афармленні прасторы ў стылі чыгуначнага вакзала. І нават у гэтым, здавалася б, чыста афарміцельскім рашэнні нібы гіперспасылка ў гісторыю — выява будынка першага ў Беларусі вакзала.
— Вакзал — гэта ў першую чаргу вузел міжнароднай сувязі. Так што ідэя партнёрства з калегамі з іншых рэгіёнаў і краін семантычна гучыць нават у адным з нашых холаў. Менавіта з гэтага пункта, з вакзала, у далейшым плануем пачынаць экскурсіі па школе для гасцей, — працягвае дырэктар установы адукацыі.
Гасцей тут, дарэчы, прымаюць часта. Што цікава, такія дэлегацыі заўсёды суправаджаюць не толькі кіраўніцтва з экскурсаводамі. З 2022 года ў школе актыўна развіваецца медыяцэнтр.
Шасцёра выпускнікоў атрымліваюць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “Журналістыка”, і першы вопыт яны атрымалі менавіта ў школьным медыяцэнтры.
— У ліку гасцей і суразмоўнікаў у нашым медыяцэнтры бывалі старшыні абласнога Савета дэпутатаў і абласнога аб’яднання прафсаюзаў, старшыня гарвыканкама і кіраўнік адміністрацыі раёна, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі, а таксама сын Героя Беларусі, імя якога носіць наша школа, Сяргей Крамко. Нельга не згадаць і дырэктара Паўлаўскай гімназіі Санкт-Пецярбурга Дзмітрыя Яфімава, а таксама Сяргея Грыгор’ева, шматгадовага захавальніка “Залатой кнігі Санкт-Пецярбурга”, паважанага ў паўночнай сталіцы Расіі чалавека, — працягвае Аляксандр Рымко.
Гісторыя гродзенскіх гусараў
Працягваючы тэму партнёрства, варта адзначыць, што ў сакавіку 2023 года на базе 40-й школы прайшло мерапрыемства па ўнясенні ва ўжо згаданую “Залатую кнігу” (вагой больш за 25 кілаграм!) імя Якава Пятровіча Кульнева, ураджэнца беларускіх зямель. Да таго ж сумесна з калегамі з Санкт-Пецярбурга ў школе рэалізуецца міжнародны праект “Гісторыя лейб-гвардыі Гродзенскага гусарскага палка як кампанент агульнай гісторыі народаў Расіі і Беларусі”.
Са слоў кіраўніка школы, гэта вынік неабыякавасці да свайго прадмета і захаплення гісторыяй настаўніка Дзяніса Тарасюка. Практычна ўсё сваё жыццё педагог прысвяціў вывучэнню ваенных падзей 1812 года і гісторыі Гродзенскага гусарскага лейб-гвардыі палка. Менавіта з яго падачы і пры падтрымцы кіраўніцтва сёння ва ўстанове адукацыі ёсць музейны пакой, прысвечаны гэтаму вайсковаму фарміраванню.
Дзяніс Тарасюк падкрэслівае, што ў Расійскай царскай гвардыі толькі чатыры вайсковыя часці прыкладна з трох дзясяткаў насілі званні гусарскіх: Маскоўскі, Пецярбургскі, Кексгольмскі і Гродзенскі палкі. Гэта былі вайсковыя часці, у якіх служыла эліта імперыі. З гучных імёнаў гэтага палка нумар адзін — паэт Міхаіл Лермантаў.
— Ён служыў у Селішчах пад Ноўгарадам крыху больш за паўгода. Выява сусветна вядомага паэта ў гусарскай форме не захавалася. Але мы ў сваёй экспазіцыі пастараліся выправіць гэта. Таленавітая мастачка Святлана Валковіч, якая працуе ў нашай школе, намалявала партрэт Міхаіла Юр’евіча, дзе галоўны герой апрануты ў форму гродзенскага гусара, — працягвае экскурсію педагог.
Асобны стэнд у музеі прысвечаны творчасці і жыццёваму шляху паэта. Можна ўбачыць тут двухтомнік сачыненняў Міхаіла Лермантава. Дзяніс Тарасюк звяртае ўвагу: кнігі выдалі тыражом у 14 мільёнаў экзэмпляраў адначасова 58 друкарань. Побач — альбом да 100-годдзя Лермантава 1941 года і выданне таго ж года на туркменскай мове, якое падчас кожнай экскурсіі ў музей становіцца элементам інтэрактыву. Гасцям прапануюць уголас зачытаць урыўкі з “Барадзіно” па-туркменску.
— Нашы калегі з Паўлаўскай гімназіі Санкт-Пецярбурга дапоўнілі экспазіцыю аўтэнтычнымі элементамі, звязанымі са службай Лермантава ў палку гродзенскіх гусараў, — працягвае педагог і паказвае на стэнд з цэглай — элементамі казармы, дзе служыў паэт.
У музейнай экспазіцыі прадстаўлены ўсе камандзіры Гродзенскага гусарскага лейб-гвардыі палка. Сярод 21 асобы Дзяніс Тарасюк спыняецца на суддзі ваеннага суда генерал-маёры Аляксандру Іванавічу Брэверне, які выносіў прысуд Дантэсу пасля забойства Аляксандра Пушкіна.
У цікавым музеі сёння праводзяць не толькі экскурс у гісторыю вайсковага фармавання. Тут праходзяць урокі рускай літаратуры і гісторыі. Можна не сумнявацца, што для вучняў 40-й школы прапанаваныя гэтай адукацыйнай пляцоўкай веды робяць вывучэнне асобных тэм і падзей яркім і запамінальным момантам школьнага жыцця.
Источник: https://nastgaz.by