РУС БЕЛ ENG 中文

Нам даверана памяць. “Дзякуй, што жывём у мірнай Беларусі”

07.05.2025
Нам даверана памяць. “Дзякуй, што жывём у мірнай Беларусі”

Не стамляюцца паўтараць гэту фразу маленькія і дарослыя дзятлаўчане: у раёне праходзіць тэматычны тыдзень у рамках святкавання 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Да юбілейных мерапрыемстваў далучыліся работнікі пракуратуры, паколькі на працягу апошніх гадоў Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Міністэрства адукацыі праводзіцца выхаваўча-патрыятычнае мерапрыемства “Пісьмо пра Беларусь”. Сёлета на Дзятлаўшчыне адначасова з ім рэалізуецца раённы педагагічны праект “Аб Перамозе ведаюць малышы. Святочны баль 45-га года”. Ва ўстановах дашкольнай адукацыі ладзяцца ўрачыстыя сустрэчы з удзелам гасцей.

6 мая на чарговую з іх у дзіцячы сад № 2 горада Дзятлава завіталі пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго і метадыст раённага метадычнага кабінета Кацярына Гайдук.

Загадчыца ўстановы Святлана Ус расказала, наколькі актыўна з удзелам педагогаў, выхаванцаў і іх бацькоў тут праходзіць падрыхтоўка да 9 Мая. Вось і ў гэты дзень тэматычны тыдзень азнаменаваны функцыянаваннем інтэрактыўных пляцовак на свежым паветры, да работы якіх заклікалі далучыцца і гасцей.

Віталій Станіслававіч і Кацярына Аляксандраўна паўдзельнічалі ў майстар-класе па вырабе бутаньеркі-сімвала свята, даведаліся, якім быў хлеб ваенных часоў і колькі яго выдзялялася на суткі дзецям блакаднага Ленінграда, паслухалі ваенныя песні “на прывале”.

Не менш цікавага чакала гасцей у будынку ўстановы, дзе арганізавана выстава работ выхаванцаў і іх бацькоў. Да 9 Мая сабраны ўспаміны аб блізкіх – удзельніках Вялікай Айчыннай вайны, фотаздымкі, творчыя справаздачы аб наведванні памятных мясцін.  

Яркім момантам сустрэчы стаў урачысты канцэрт з пранікнёнымі вершамі, песнямі, тэатралізаванымі пастаноўкамі, танцамі, якія раскрывалі значнасць свята Вялікай Перамогі для беларускага народа. У мерапрыемстве прымала ўдзел ветэран педагагічнай працы, якая шмат гадоў аддала дашкольнай адукацыі, былая вязень фашысцкага канцлагера Галіна Сліжэўская. У знак увагі яна атрымала кветкі і памятны падарунак ад калег.

– Вы шчаслівыя людзі, што жывяце ў мірны і спакойны час, – звярнулася да прысутных Галіна Іосіфаўна. – Любіце сваю Радзіму, ніколі не выязджайце з Беларусі, бо яна – гэта зямля продкаў, якую нашы дзяды адстаялі, часам цаною свайго жыцця. Спявайце, танцуйце, рэалізуйце свае таленты і ўменні на карысць Айчыны. Шчаслівага вам жыцця!

– На прыкладзе Дзятлаўскага раёна мы ўпэўніліся, што праект “Пісьмо пра Беларусь” рэалізуецца паспяхова, – зазначыў Віталій Юрго. – Мы бачым, што падрастаючае пакаленне будзе памятаць і шанаваць свята Перамогі. Прыемна, што нашы дзеці разумеюць яго значэнне. У народа, які не памятае свайго мінулага, няма будучыні. Я рады, што расце пакаленне, якое ведае, шануе і захоўвае гісторыю, нацыянальныя каштоўнасці.

– Дзякуй педагогам, вам, дзеці, бацькам, ­– падзякавала за станоўчыя ўражанні Кацярына Гайдук. – Мы шчаслівыя, што жывём у мірнай Беларусі. Вы ўжо многае даведаліся пра вайну, подзвігі землякоў і блізкіх. Упэўнена, што вы будзеце расці годнымі грамадзянамі Беларусі, любіць і шанаваць сваю краіну і яе традыцыі.

Напрыканцы сустрэчы на пляцоўцы перад дзіцячым садам малечу і дарослых закружыў сімвалічны пераможны вальс як рэха таго танца, якім сустракалі Вялікую Перамогу нашы суайчыннікі ў далёкім 1945 годзе.

Мерапрыемствы праекта прадаўжаюцца. Чарговае з іх адбылося ў Гезгалаўскім дзіцячым садзе.

Источник: https://diatlovonews.by

поделиться в: