100 радкоў пра калегу. Настаўніца фізікі гімназіі № 1 Астраўца Галіна Внуковіч — узор і прыклад для пераймання
06.05.2025Аб прафесіяналах заўсёды кажуць, што чалавек на сваім месцы, тым самым выказваючы прызнанне і падзяку. Такіх слоў заслугоўвае і настаўніца фізікі гімназіі № 1 Астраўца Галіна Внуковіч.
За плячыма Галіны Віктараўны больш за 40 гадоў педагагічнай працы. І за гэты час яна ні разу не пашкадавала аб выбраным шляху, бо прыйшла ў прафесію асэнсавана. А як інакш магло быць, калі расла і выхоўвалася ў настаўніцкай сям’і? Пасля заканчэння ГрДУ імя Янкі Купалы родным домам стала Астравеччына. З 2004 года працуе ў нашай гімназіі.
— Заўсёды верыла, што навука становіцца па-сапраўднаму жывой, калі яе тлумачыць проста і цікава. Мне хацелася стаць тым чалавекам, які дакажа дзецям, што фізіка — гэта не толькі формулы і задачы, а ў першую чаргу незвычайныя з’явы, якія яны могуць убачыць на свае вочы. У настаўніка фізікі ёсць цудоўная магчымасць паказаць вучням (іх цяпер цяжка нечым здзівіць!), як уладкаваны свет, — адзначае педагог.
Але галоўнае ў рабоце настаўніцы — матывацыя. Галіна Віктараўна заўсёды падтрымлівае вучняў, хваліць іх нават за невялікія поспехі і дасягненні і паказвае, што памыліцца не страшна, гэта толькі чарговая прыступка да ведаў, якую неабходна пераадолець. Калі дзеці адчуваюць веру ў свае сілы, яны стараюцца.
Сумесныя старанні і намаганні прыносяць плён. За апошнія 3 гады настаўніца падрыхтавала 12 пераможцаў раённага этапу прадметных алімпіяд па фізіцы і астраноміі. Штогод яе вучні становяцца пераможцамі абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды. 2025 год не стаў выключэннем — дыпломы ІІІ ступені па фізіцы і астраноміі. Летась выпускнік гімназіі атрымаў стабальны вынік. Перамога на раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Шлях да поспеху”, ІІІ Рэспубліканскім конкурсе навучэнцаў “Наша будучыня” (секцыя “Фізіка, матэматыка, інфарматыка”), рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Мой першы крок у навуку”…
Асаблівая гордасць Галіны Віктараўны — дасягненні вучняў у абласным турніры юных фізікаў. Пачынаючы з 2021 года астравецкія гімназісты сярод лідараў: два гады запар былі трэція ў вобласці, у 2023 годзе — другія, а 2024 год прынёс упэўненую перамогу — сярод 13 каманд астраўчане былі першымі!
У адносінах да работы, даручанай справы Галіна Віктараўна арганізаваны і адказны чалавек, ніколі не баіцца памыліцца. Як выдатная настаўніца і добразычлівая калега, імкнецца ўсё тлумачыць. Інакш не змагла б дасягнуць павагі сярод калег і бацькоў, аўтарытэту сярод вучняў. Прыгожая, стыльная, заўсёды з густам апранутая — яна з’яўляецца ўзорам і прыкладам для пераймання.
Источник: https://nastgaz.by