Нашчадкі герояў з Ашмян: як выхоўваюць патрыётаў у школе № 1
22.04.2025Выхаванне на высокім узроўні: у сярэдняй школе № 1 Ашмян імя М.М.Гружэўскага ваенна-патрыятычны клуб “Нашчадкі Перамогі” аб’ядноўвае каля трох дзясяткаў школьнікаў 7—10 класаў, яшчэ 5 адзінаццацікласнікаў — вучні профільнай ваенна-патрыятычнай групы. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
З граніцы — у школу
Другі год у сярэдняй школе № 1 Ашмян імя М.М.Гружэўскага пачуццё патрыятызму, любоў да гісторыі, да сваёй краіны ў школьніках выхоўвае Віктар Гелай, старшы прапаршчык у адстаўцы. Чалавек адказны і захоплены сваёй справай, у мінулым пагранічнік з 29-гадовым стажам.
Дзякуючы яго працы, а таксама дапамозе педагогаў-арганізатараў Алены Зянкевіч і Наталлі Бізукойць, ашмянскія патрыёты ў гэтым навучальным годзе апынуліся сярод лідараў у рэспубліканскім злёце ваенна-патрыятычных клубаў “Юная мяжа”. Спачатку ўдзельнікі клуба “Нашчадкі Перамогі” сталі лідарамі занальнага этапу і лепшымі ў Гродзенскай вобласці.
А затым занялі 3-е месца сярод каманд з усёй краіны, прадэманстраваўшы не толькі добрыя тэарэтычныя веды, трываласць і спрыт, але і неверагодную згуртаванасць у страявой падрыхтоўцы, творчым самапрадстаўленні і пагранічнай эстафеце.
Акрамя таго, юнакі і дзяўчаты — актыўныя ўдзельнікі ваенна-патрыятычных спартыўных гульняў “Зарніца” і “Зарнічка”. Яшчэ яны паспяхова прымаюць удзел у рэспубліканскім праекце “Беларусь памятае”, які ўвекавечвае гістарычную памяць на ўнікальным інфармацыйным рэсурсе пра гераічныя подзвігі, гісторыі і лёсы беларусаў, якія ўнеслі ўклад у вызваленне краіны і Вялікую Перамогу.
— З мінулага навучальнага года, даведаўшыся пра гэты праект, я сам зацікавіўся ім і стаў актыўна працаваць, далучаючы да архіўна-даследчай работы па пошуку звестак, фатаграфій удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны выхаванцаў клуба. Мы шукаем у першую чаргу нашых землякоў, а таксама ўраджэнцаў іншых месцаў, хто ваяваў ці меў дачыненне да перамогі на тэрыторыі Ашмянскага раёна, магчыма, быў звязаны з партызанскім атрадам імя Мікалая Гастэлы, — удакладняе Віктар Анатольевіч. — Ажыццяўляючы пошукавую дзейнасць, супрацоўнічаем з мясцовым музеем, збіраем інфармацыю на розных пошукавых сайтах, абапіраемся на ўспаміны ветэранаў, пераправяраем звесткі і фіксуем іх. У выніку ў мінулым навучальным годзе мы занялі 2-е месца ў фінале рэспубліканскага праекта “Беларусь памятае”.
Гаворачы пра дзейнасць кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні, намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце Наталля Шукеловіч адзначае:
— Сёння Віктар Анатольевіч займаецца агульным ваенна-патрыятычным выхаваннем, ён вядзе дапрызыўную падрыхтоўку, факультатыў “Гатовы Радзіме служыць!” у профільнай групе ваенна-патрыятычнай накіраванасці сярод навучэнцаў 11 класаў, а таксама факультатыў “Мая Айчына” для 5—7 класаў. З яго прыходам у школу наш ваенна-патрыятычны клуб “Нашчадкі Перамогі” змяніўся. Ён стаў працаваць на базе Смаргонскай пагранічнай групы, якая ўзяла над школьнікамі шэфства. Сцяганосная група па ініцыятыве новага ваенрука пераапранулася ў парадную пагранічную форму, у яе з’явіўся новы сцяг.
Узаемадзеянне са Смаргонскім пагранічным атрадам тлумачыцца проста. На службу па кантракце ў гэты атрад шмат гадоў назад Віктар Гелай быў прызваны пасля тэрміновай армейскай службы ў Віцебскай 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі. Работу на граніцы ён пачынаў на пагранічным пасту “Клявіца”. Сёння ашмянскія школьнікі — частыя госці ў атрадзе.
Зацікаўленасць замест муштры
Адказваючы на пытанне, як пасля многіх гадоў узаемадзеяння з людзьмі ў пагонах і салдатамі тэрміновай службы ўдаецца знаходзіць агульную мову са школьнікамі, Віктар Анатольевіч гаворыць:
— Работа ў школе — гэта новы вопыт. У зносінах з дзецьмі ваенная муштра і дысцыпліна, як у войску, не працуюць. Тут патрэбен асаблівы падыход. Важна зацікавіць хлопцаў і дзяўчат, выклікаць дапытлівасць. А яшчэ неабходна ўлічваць настрой вучняў. Наладзіць кантакт дапамагае асабістая захопленасць справай, пазітыўны настрой і пачуццё гумару.
— Як праходзіць падрыхтоўка да шматлікіх конкурсаў, у якіх прымаюць удзел вашы падапечныя? — цікаўлюся я.
— Калі ідзе сур’ёзная падрыхтоўка да якога-небудзь конкурсу, мы займаемся кожны дзень. Часта застаёмся пасля ўрокаў. Напрыклад, падрыхтоўка да гульні “Зарніца” ўключае спартыўную і пачатковую ваенную падрыхтоўку, тэарэтычныя веды па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, азы шыфравання. Таксама юнармейцы вывучаюць і вучацца выконваць абавязкі камандзіра атрада, яго намесніка, разведчыка, сувязіста, санітара, ваеннага карэспандэнта, практыкуюцца ў турыстычным мнагаборстве, тапаграфіі, медыцынскай падрыхтоўцы.
Тэарэтычная падрыхтоўка да конкурсу “Юная мяжа” ўключае веды па гісторыі пагранічнай службы, пра герояў-пагранічнікаў, імянныя пагранічныя заставы. Таксама школьнікі вывучаюць назвы сталіц розных краін свету. Мы рыхтуемся да такіх дысцыплін, як “Следапыты”, “Трапны стралок”, “Баявы лісток”, “Пароль: мяжа”, працуем над візітоўкай каманды, адточваем страявы крок і рэпеціруем песню.
Разборку-зборку аўтамата члены клуба асвойваюць з 12—13 гадоў. Гэта захапленне не толькі хлопчыкаў, але і дзяўчынак. Дарэчы, адзін з лепшых юных стралкоў школы 10-класніца Таццяна Селістроўская не раз вызначылася на розных конкурсах, нават устанавіла рэкорд і атрымала індывідуальны прыз.
Пашыраючы сферу інтарэсаў юных патрыётаў, у гэтым навучальным годзе педагог наладзіў супрацоўніцтва з вайсковай часцю 7434 унутраных войск МУС. Кожную суботу школьнікі адпраўляюцца ў госці да ваеннаслужачых, дзе знаёмяцца з іх службай і побытам. На базе часці дзейнічае клуб “Адзінства”, у які ўваходзяць навучэнцы і з іншых школ.
Сярод новых задум кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні — арганізацыя пошукавай дзейнасці з сапраўднымі паходамі па Ашмянскім раёне.
— Дзеці многае не ведаюць. У нас у раёне шмат месцаў, звязаных з генацыдам беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Я прапанаваў сваім падапечным ідэю аднойчы сабрацца і адправіцца туды пасля ўрокаў, паспрабаваць адшукаць старажылаў, пагутарыць з імі. Дзеці быццам бы зацікавіліся. Паглядзім, што з гэтага выйдзе, — гаворыць Віктар Анатольевіч. — Я сам захапляюся гісторыяй, ваеннай тэматыкай, чытаю мемуары Маршала Савецкага Саюза Георгія Жукава і іншых вялікіх палкаводцаў. Расказваючы пра генацыд беларускага народа, пра зверствы фашызму, пастаянна паўтараю дзецям, што галоўныя каштоўнасці — гэта мір і жыццё. Але важна ведаць і памятаць мінулае, каб пабудаваць будучыню.
Юныя патрыёты
Сёння сярод выпускнікоў ваенна-патрыятычнай групы ёсць тыя, хто хоча паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі сілавых структур. Напрыклад, Аляксандр Турноўскі плануе паступаць у Акадэмію МУС, адзінаццацікласніца Ангеліна Гіруць хацела б стаць студэнткай ваеннага факультэта БДУ. Яшчэ дзве выхаванкі Віктара Гелая мараць пра кадэцкае вучылішча. Гэта дзевяцікласніца Карына Лукашэвіч і сямікласніца Маргарыта Пятроўская.
Мацвей Богдан з 10 класа хоць і не плануе звязаць будучую прафесію з работай у сілавых структурах, але ўпэўнены, што веды, атрыманыя ў клубе, яму абавязкова спатрэбяцца:
— Заняткі ў клубе “Нашчадкі Перамогі” вучаць дысцыпліне і адказнасці, развіваюць шмат карысных навыкаў, якія спатрэбяцца падчас службы ў войску. Патрыятызм — гэта любоў да роднага краю. Я ганаруся тым, што з’яўляюся грамадзянінам Беларусі, і паспрабую ў будучыні рабіць усё магчымае для яе росквіту і дабрабыту.
Яшчэ адна ўдзельніца клуба Ева Гайдукевіч лічыць, што ёй вельмі пашанцавала нарадзіцца ў выдатнай сям’і, вучыцца ў адной з лепшых школ. Дзяўчына ўпэўнена: “Кожны чалавек павінен любіць сваю Радзіму, дом, дзе нарадзіўся і вырас. Трэба вывучаць гісторыю сваёй краіны, свайго народа, ведаць і памятаць подзвігі нашых дзядоў, якія абаранілі Айчыну ад захопнікаў. Пра ўсё гэта мы гаворым на занятках у клубе”.
Источник: https://nastgaz.by