РУС БЕЛ ENG 中文

У 2024-м на профільныя спецыяльнасці паступілі 80% выпускнікоў педгрупы Вялікабераставіцкай школы

21.04.2025

 

Пад кіраўніцтвам дырэктара Вялікабераставіцкай сярэдняй школы імя С.В.Прытыцкага Надзеі Красоўскай навучэнцы педгрупы не толькі знаёмяцца з асновамі педагогікі ў рамках тэматычнага факультатыву, але і наведваюць урокі вопытных настаўнікаў, а таксама арганізоўваюць спартыўныя святы для дзяцей у шосты школьны дзень. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У мінулым годзе 80% выпускнікоў педгрупы Вялікабераставіцкай сярэдняй школы імя С.В.Прытыцкага паступілі на профільныя спецыяльнасці.

— Да прафесіі настаўніка заўсёды ставілася з вялікай павагай. Нават пытанне, кім стаць, ніколі сабе не задавала, бо заўсёды ведала адказ на яго. Стараюся ў добрым сэнсе слова заразіць вучняў нашай педгрупы такім жа шчырым імкненнем да педагогікі, — гаворыць дырэктар школы На­дзея Красоўская.

Пад яе кіраўніцтвам будучыя настаўнікі не толькі знаёмяцца з азамі педагогікі ў рамках тэматычнага факультатыву. Падчас прадметных тыдняў яны наведваюць урокі вопытных настаўнікаў, а пасля дзеляцца сваімі ўражаннямі і высновамі, арганізоўваюць спартыўныя святы для дзяцей у шосты школьны дзень. Пры гэтым ініцыятарамі такіх педагагічных проб выступа­юць самі вучні.

— Заўсёды заахвочваю жаданне праяўляць актыўнасць і падтрымліваю кожную ініцыятыву нашай моладзі. Прычым з цікавымі ідэямі прыходзяць не толькі дзяўчаты, але і хлопцы, — працягвае Надзея Красоўская.

Яна ўспамінае, як разам з творчымі выпускнікамі педгрупы 2023 года рыхтавала для фестывалю педагагічных класаў, які праходзіў у ГрДУ імя Янкі Купалы, відэаролік самапрэзентацыі ў фармаце “Следства вялі”. Ён стаў адным з лепшых у вобласці. Тады ж дыпломам ІІІ ступені быў адзначаны і міні-ўрок, распрацаваны Алесяй Внуковіч.

— Сёння гэтая зорачка педгрупы нашай школы з’яўляецца студэнткай ГрДУ імя Янкі Купалы, і ў наступным годзе мы чакаем яе як маладога спецыяліста-мэтавіка. Вернецца яна ў статусе настаўніцы матэматыкі, — адзначае суразмоўніца.

Дырэктар пералічвае поспехі і дасягненні выпускніцы ўжо як студэнткі Купалаўскага ўніверсітэта. І гэта важны прыклад узаемадзеяння з будучымі кадрамі.

— Яркім успамінам застаўся момант пад­рыхтоўкі Алесі да паступлення. Разам мы рыхтавалі неабходнае для выпускніка педгрупы партфоліа. Педагагічны шлях наша Алеся выбрала дзякуючы сямейным традыцыям. Настаўніцай была яе бабуля, майстрам у каледжы працаваў бацька, — прыгадвае Надзея Красоўская.

Сваім вопытам работы з педгрупамі ў Вялікабераставіцкай сярэдняй школе актыўна дзеляцца з калегамі падчас штогадовага педагагічнага форуму “ПедСТАРТ”, ініцыятарам правядзення якога выступае ГрАІРА. Не першы год прэзентуе свае метадычныя распрацоўкі па арганізацыі заняткаў факультатыву “Уводзіны ў педагагічную прафесію” і Надзея Леанідаўна.

Сёння пад яе кіраўніцтвам з азамі педагагічнай прафесіі знаёмяцца 13 вучняў 10 класа і 5 адзінаццацікласнікаў. Усе яны з’яўляюцца арганізатарамі школьнага самакіравання. Напярэдадні Дня настаўніка з веданнем справы яны размяркоўваюць паміж сабой абавязкі і вельмі чакаюць свята, каб выказаць словы падзякі педагогам і не толькі. Да таго ж вучні педгруп нязменна становяцца вядучымі школьных мерапрыемстваў, многія задзейнічаны ў камандзе КВЗ. А Настасся Свякло ў гэтым годзе стала яшчэ і лідарам раённага этапу рэспубліканскага конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны”.

— Настаўнік — гэта чалавек, які павінен увесь час развівацца, — дзеліцца разважаннямі Надзея Красоўская. — Таму імкнёмся накіраваць сваіх вучняў на шлях пастаяннага самаразвіцця праз нязменную актыўнасць. Прапануем ім прымаць удзел у вялікай колькасці мерапрыемстваў.

У мінулым годзе, напрыклад, вучні педгрупы ўпершыню прынялі ўдзел у рэспуб­ліканскай алімпіядзе “Свет псіхалогіі” на базе Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Таксама яны дэбютавалі ў конкурсе праектаў “Адкрываю свет педагагічных прафесій” пры ГрДУ імя Янкі Купалы, для якога збіралі і аналізавалі звесткі пра педагогаў — ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія ў мірны час вялі вучняў Вялікабераставіцкай школы ў свет ведаў.

— Ужо сёння ведаю, што сярод нашых дзесяцікласнікаў педгрупы ёсць будучыя філолагі і лінгвісты. Зразумела, арыентуем іх на паступленне па мэтавым накіраванні, — гаворыць Надзея Леанідаўна.

Сваім вопытам работы з педгрупамі ў Вялікабераставіцкай сярэдняй школе актыўна дзеляцца з калегамі падчас штогадовага педагагічнага форуму “ПедСТАРТ”.

Дарэчы, у гэтым годзе двое з пяці выпускнікоў профільнай групы вырашылі стаць лагапедамі.

— Для тых, хто выбраў напрамак лагапедычнай дзейнасці, арганізавалі прадметную экскурсію ў карэкцыйны цэнтр. Для гэтага і ствараюцца профільныя групы і класы. Яны дапамагаюць маладым лю­дзям не зрабіць памылку ў адным з самых важных жыццёвых выбараў, — рэзюмуе Надзея Красоўская.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: