РУС БЕЛ ENG 中文

Двайны юбілей адзначыла Гудагайская школа

01.04.2025


На мінулым тыдні ў Гудагаі адзначылі значную падзею ў гісторыі пасёлка: роўна 100 гадоў назад тут была заснавана школа, а ў 1990 годзе на станцыі ўвялі ў эксплуатацыю новы будынак установы адукацыі. Павіншаваць навучальную ўстанову, яе педагогаў і вучняў прыехала шмат ганаровых гасцей, прыйшлі настаўнікі-ветэраны, былыя дырэктары і іх намеснікі, выпускнікі, сённяшнія вучні і іх бацькі – свята атрымалася багатым на ўспаміны і па-сапраўднаму прыгожым і цёплым.

На ўваходзе ўсіх віталі старшакласнікі, якія запрашалі пакінуць школе віншаванні з нагоды юбілею; побач разгарнуліся выставы з гісторыі школы; зрабіць прыгожыя здымкі запрашалі фотазоны. Само ж дзейства прайшло ў актавай зале.

– Пяты дзень як я з’яўляюся дырэктарам Гудагайскай школы. Але маё жыццё з гэтай установай звязана амаль 20 гадоў. Для мяне школа – гэта месца, напоўненае дзіцячым смехам, гэта пастаяннае самаразвіццё і каштоўны вопыт, які атрымала ад нашых настаўнікаў. Вядома, яна дае не толькі веды, але і ўрокі жыцця. І сёння мы запрашаем вас на ўрок даўжынёй у век і ўрок даўжынёй у 35 гадоў. У чым асаблівасць нашай установы, вы даведаецеся, калі адправіцеся ў падарожжа па старонках гісторыі,  запрасіла напачатку ўсіх у вандроўку дырэктар Гражына Шоцік.


А пачалася яна з экскурсу ў мінулае навучальнай установы, якая вядзе свой адлік з 1925 года – тады ў Гудагаі адкрылася сямігадовая школа. Дзеці вучыліся тут да 1933 года, калі настаўнік Лявон Кавалеўскі пабудаваў новую школу. Гэты будынак бачыў шмат добрых і сумных падзей. Вядома, што ў вайну ў ім размяшчаўся лагер ваеннапалонных. А ў мірны час школьнае жыццё зноў было напоўнена радасцямі і святамі. Але найбольш гудагайцам запомніўся 1990 год – тады дзеці і педагогі пераехалі ў сучасны двухпавярховы будынак. І пачалася новая старонка навучальнай установы.

…Таленавітая, гасцінная, добрая, любімая – так ахарактарызавалі сваю школу вядучыя – былыя выпускнікі, а цяпер настаўнікі; і самая лепшая ў свеце – дадалі ў песні малодшыя школьнікі. І пачаліся віншаванні, ўзнагароджанні, успаміны – кожны адрасаваў установе і яе “жыхарам” нямала пажаданняў.




Слова гасцям

Павел Міхалюк, намеснік старшыні райвыканкама:


– 100-гадовы юбілей – значная нагода, каб павіншаваць школу, бо не кожная ўстанова мае такую доўгую гісторыю і можа сказаць, што вучыла і вучыць дзяцей, якія сваёй вучобай і работай праслаўляюць і гудагайскую зямлю, і Астравеччыну. Ведаю, што са сцен Гудагайскай школы выйшла шмат вядомых людзей. І я ўпэўнены, што адсюль такіх выйдзе яшчэ больш. За 100 гадоў тут было закладзена шмат добрых традыцый – многія з іх працягваюцца і цяпер. Я жадаю, каб школа квітнела і сваёй працай адкрывала новыя таленты. Тым больш што сёння тут праведзена шмат работы, установа выглядае як новая -- і важна і далей падтрымліваць яе ў добрым стане.

У падарунак школе Павел Міхалюк уручыў сертыфікат на камп’ютарны клас.

Уладзімір Барысевіч, старшыня Гудагайскага сельвыканкама:


– 35 гадоў назад менавіта ў Гудагайскай школе я пачынаў працоўную дзейнасць і таму лічу, што маю да яе дачыненне.

Тады гэта была толькі ўзведзеная ўстанова, якая пачынала жыць новым жыццём. Прайшло 35 гадоў – і сёння нашу школу не пазнаць. Гэта добрая квітнеючая ўстанова, дзе закладваюцца веды і любоў да Радзімы, што вельмі важна ў сучасны час.

Ад раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Барысевіч узнагародзіў Ганаровай граматай настаўніка гісторыі Галіну Шлыковіч, Падзякай старшыні райсавета дэпутатаў – настаўніка пачатковых класаў Ірыну Шукель; ад сельвыканкама ўручыў падарунак дырэктару ўстановы.

Вольга Дэмбоўская, намеснік начальніка аддзела адукацыі:


 Паважаныя ўдзельнікі адукацыйнага працэсу, жадаю, каб вы ўпэўнена і мэтанакіравана рухаліся па акіяне ведаў. І няхай вецер дзме вам толькі ў спіну, а наперадзе чакае сонца, якое складаецца з перамог, узнагарод і ўражанняў ад часу, які вы праводзіце разам.

У падарунак школе Вольга Дэмбоўская ўручыла сертыфікат на персанальны камп’ютар.

Марына Кутовіч, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі:

 Шосты год я працую старшынёй прафсаюза, але першы раз удзельнічаю ў юбілейным мерапрыемстве, прымеркаваным стагоддзю ўстановы. Гэта значная падзея, якая сведчыць, што вы ведаеце сваю гісторыю і захоўваеце яе.

Пяты год разам з рэдакцыяй мы рэалізуем праект “Сцяжынка да школьнага парога”, прысвечаны закрытым школам, але я ўпэўнена, што Гудагайская школа ніколі не стане ўдзельнікам гэтага праекта. Усё, што сёння вы маеце, зроблена вамі – беражыце гэта. І няхай школа жыве і квітнее яшчэ шмат соцен гадоў!

Сертыфікат на 1 000 рублёў Марына Кутовіч уручыла школе.

Дзмітрый Пугач, намеснік каменданта пагранкамендатуры “Гудагай”:


 Калі мы вучымся ў школе, марым хутчэй пакінуць яе сцены. Але чым старэй становімся, тым больш цёпла ўспамінаем гэтыя гады.

Гудагайская школа знаходзіцца на краі нашай Беларусі, і мы разам з вамі аберагаем Радзіму, разам выхоўваем будучыя пакаленні. Сёння я ўспамінаю словы Прэзідэнта, які адзначыў, што “школа – гэта храм”. У гэтым ісціна ідэалогіі адукацыі. Думаю, гэта разумее кожны. Настаўнік – гэта чалавек, якога трэба паважаць, помніць, што ён прыкладае шмат намаганняў для навучання і выхавання дзяцей. Калі падумаць, то дзеці больш праводзяць часу ў школе, чым у сям’і, а настаўнікі ведаюць часам больш пра іх, чым бацькі. Вялікі вам дзякуй за працу. Спакойна вучыце будучыя пакаленні, а мы будзем ахоўваць межы нашай краіны.

Ад пагранічнай камендатуры “Гудагай” Дзмітрый Пугач уручыў Віншавальны адрас і грашовы сертыфікат на абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Віншаванні школе і педагогам адрасавалі таксама былы дырэктар школы, старшыня раённай арганізацыі партыі “Белая Русь” Уладзімір Крывец, былыя намеснікі дырэктара Жанна Янцэвіч і Марына Барысевіч, галоўны рэдактар “Астравецкай праўды” Алена Ярашэвіч.

Прыемна было пачуць відэавіншаванні і пісьмы ад былых выпускнікоў, тых, каго лёс раскінуў па розных краінах і гарадах, але якія сваёй працай славяць нашу рэспубліку і родную Гудагайскую школу.

Радасна, што музычныя і танцавальныя нумары дарылі не толькі сённяшнія вучні, але і былыя выпускнікі, што яшчэ раз пацвердзіла: Гудагайская школа багатая на таленты і ўсе ўдзячны педагогам за веды і выхаванне.

З першых вуснаў

Яна Алёкса, выпускніца школы:


 Школа – гэта першыя крокі ў навуку, гэта першае каханне, гэта сябры, якія і сёння са мной. Гудагайская школа прайшла вялікі шлях, не кожная ўстанова можа пахваліцца такой багатай гісторыяй. І важна, што яе ведаюць і захоўваюць.

Для мяне школа – яшчэ і першыя крокі да настаўніцтва. Я выбрала гэтую прафесію, таму што менавіта гудагайскія педагогі сталі для мяне прыкладам да пераймання.

Таццяна Азацян, настаўнік школы:

 Сённяшняе 100-годдзе – для мяне значная падзея. Гэта месца, дзе я працую, дзе вучыліся мае дзеці і дзе цяпер вучыцца мая ўнучка. У нас вельмі добры калектыў, які славіцца сваімі традыцыямі і напрацоўкамі. Нашых навучэнцаў ведаюць не толькі ў раёне, але і ў вобласці, і ў рэспубліцы. І ўсё гэта дзякуючы зладжанай працы.

Я ўдзячна ўсім педагогам, якія ў розныя гады сустракаліся на маім жыцці: былому дырэктару Ігару Рыгоравічу Клімянку, які прымаў мяне на работу; Людміле Браніславаўне Мацкевіч, якая была маім класным кіраўніком, калі я вучылася, і завучам, калі стала працаваць; Яўгеніі Міхайлаўне Літвіновіч – настаўніку ад бога, урокі рускай мовы і літаратуры якой мы чакалі больш за іншыя; нашаму фізіку Аляксандру Іванавічу Цішкову, які рана пайшоў з жыцця.

Усім калегам хачу пажадаць моцнага здароўя і новых дасягненняў; каб нашы вучні выбіралі прафесіі, патрэбныя грамадству і былі задаволены працай; каб дзеці не забывалі, дзе выраслі, і заставаліся патрыётамі нашай краіны!

Источник: https://www.ostrovets.by

поделиться в: