Як скарыстацца льготнай траекторыяй паступлення выпускнікам інжынерных класаў
19.03.2025Выпускнікі інжынерных класаў, якія збіраюцца паступаць ва ўніверсітэты без уступных экзаменаў, могуць пачынаць рыхтавацца да субяседавання па пытаннях, што з’явіліся на сайтах Мінадукацыі і УВА, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Сёлета адбудзецца першы выпуск навучэнцаў профільных класаў інжынернай накіраванасці. Ён складзе каля 2,4 тысячы чалавек. Калі яны па профільных прадметах маюць балы не ніжэйшыя за 8 і па ўсіх астатніх — не ніжэйшыя за 7, то змогуць паступаць у айчынныя УВА на шэраг запатрабаваных інжынерных спецыяльнасцей без уступных экзаменаў. Аднак будучым інжынерам давядзецца прайсці субяседаванне.
Добрая навіна ў тым, што пытанні да субяседавання ўжо размешчаны на сайце адукацыйнага ведамства, а таксама на інфармацыйных рэсурсах універсітэтаў, якія будуць прымаць абітурыентаў па гэтай траекторыі. Усяго ў спісе пытанняў 60 пунктаў. Яны закранаюць усе напрамкі інжынернай дзейнасці: прамысловасць, эканоміку, АПК, ІТ, будаўніцтва, экалогію і г.д. Напрыклад, уплыў якіх навуковых адкрыццяў і даследаванняў стаў вырашальным фактарам для пераходу да чацвёртай прамысловай рэвалюцыі; у чым падабенства і адрозненне паняццяў “аўтаматызацыя” і “робатызацыя” вытворчасці; якія элементы і функцыі абавязкова прысутнічаюць у беспілотным транспартным сродку; якія перспектывы развіцця энергетыкі ў Беларусі; з якіх вузлоў і сістэм складаецца легкавы аўтамабіль? Пры адказе на некаторыя пытанні можна проста паразважаць, аднак у большасці сваёй без канкрэтных ведаў не абысціся.
Пры вусным субяседаванні паступаючым будзе прапанавана выбраць білет з двума пытаннямі. Адно будзе закранаць змест вучэбнай праграмы факультатыўных заняткаў “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію”, другое — прадугледжваць кароткае матывацыйнае разважанне (памерам ад 0,5 да 1 старонкі тэксту) пра значнасць інжынернай дзейнасці, перавагі навучання па выбранай спецыяльнасці, уласную цікавасць абітурыента да інжынерыі. Пры адказе на другое пытанне вітаецца прадстаўленне партфоліа, апісанне найбольш значнага праекта, выкананага ў рамках факультатыву.
— Не першы год выпускнікі профільных класаў будуць паступаць па субяседаванні. Традыцыйна яго праходзяць выхадцы з педагагічных, спартыўна-педагагічных, аграрных класаў. Субяседаванне і прыём для будучых інжынераў будзе праводзіцца аналагічна — у першыя дні ўступнай кампаніі, да пачатку яе асноўнага этапу. Пасля таго як абітурыенты пададуць дакументы, будзе назначаны час правядзення субяседавання. Па яго выніках яны будуць рэкамендаваны да залічэння без уступных іспытаў, праўда, ім яшчэ трэба мець і рэкамендацыю педагагічнага савета школы або гімназіі, якую яны скончылі, — праінфармаваў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў.
Ён папярэджвае, што можа быць і конкурс сярод тых, хто паступае па льготнай траекторыі, бо дадатковыя магчымасці паступлення без уступных выпрабаванняў таксама маюць пераможцы алімпіяд па вучэбных прадметах, медалісты, выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка пры наяўнасці рэкамендацыі Назіральнага савета, выпускнікі-выдатнікі ўніверсітэцкіх ліцэяў пры паступленні ў свае УВА. А таму выпускнікам профільных класаў варта здаць ЦТ, каб мець дадатковую магчымасць паступлення на агульных умовах.
Источник: https://nastgaz.by