РУС БЕЛ ENG 中文

Дапаможнікі «Прыродныя супольнасці Беларусі» і «Гадзіннічак»: як у садзіку №6 Навагрудка прымяняюць ТРВЗ-тэхналогію

12.03.2025

Дзіцячы сад № 6 Навагрудка — сучасная дашкольная ўстанова з трывалымі выхаваўчымі і вучэбнымі традыцыямі. А ўсё таму, што тут працуе перадавы педагагічны калектыў, нацэлены на развіццё. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Нашай установе больш за 50 гадоў. Тройчы ёй уручалі дыплом як установе ўзорнай якасці і парадку. На рахунку нашых педагогаў — вялікая колькасць дыпломаў і грамат. Мы не стаім на месцы, бо хочам адпавядаць сучасным запытам грамадства і дзяржавы, — адзначыла загадчыца дзіцячага сада Таццяна Радзіеўская.

З 2021 года ва ўстанове выкарыстоўваецца ТРВЗ-тэхналогія, накіраваная на развіццё ў выхаванцаў мыслення, творчага ўяўлення, пошукавай актыўнасці. Развіваюць гэты кірунак Алена Амелька і Алена Шынтар — педагогі з вялікім вопытам работы. Алена Уладзіміраўна і Алена Аляксандраўна не толькі змаглі гульні ТРВЗ гарманічна ўпісаць у дзейнасць выхаванцаў, але і стварылі адпаведныя дапаможнікі для дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту.

— Дапаможнік “Гадзіннічак” накіраваны на развіццё творчага ўяўлення, мыслення, фантазіі, камбінаторных уменняў. Дыдактычны дапаможнік быў прадстаўлены на кірмашы педагагічных ідэй у Гродне і размешчаны на сайце Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Шматфунк­цыянальны дыдактычны дапаможнік са зменнымі палямі “Падарожжа па дарожцы ведаў” спрыяе фарміраванню ўстойлівага ўспрымання пэўных паняццяў, развівае ўменні атрымліваць і ўспрымаць розныя варыянты адказу ў рамках зададзенай тэмы. Гэты дапаможнік мы прадстаўлялі на абласным пасяджэнні клуба педагагічных сустрэч у Слоніме. Дыдактычны дапаможнік “Мая радзіма Беларусь” дапамагае фарміраваць уяўленне дзяцей аб нашай краіне і аб родным населеным пункце, — расказалі педагогі.

Дыдактычны дапаможнік “Прыродныя супольнасці Беларусі” прэзентавала выхавальніца Іна Вінаградава. Іна Васільеўна звярнула ўвагу, што ён складаецца з 6 макетаў, кожны з якіх адпавядае пэўнай прыроднай супольнасці: лес, поле, агарод, сад, вадаём, луг.

— Да кожнага макета ёсць набор плоскіх прадметных сілуэтаў раслін і жывёл, якія характарызуюць пэўную супольнасць. Гэтыя дэталі лёгка знімаюцца, што дае магчымасць дзіцяці самому іх перамяшчаць у патрэбнае месца. Унікальнасць і эфектыў­насць гэтага дапаможніка заключаецца ў тым, што ён не толькі ўвасабляе прынцып нагляднасці, згодна з якім навучанне будуецца на канкрэтных вобразах, але і нясе ў сабе вялікі развіццёвы патэнцыял. Макеты ўстойлівыя, мабільныя, лёгка складаюцца і займаюць мала месца пры захоўванні, — заўважыла Іна Вінаградава.

Яркі і мабільны дапаможнік спрыяе фарміраванню асноў экалагічнай культуры, дапамагае развіваць цікавасць выхаванцаў да вызначэння патрэб раслін і жывёл. Яго сістэматычнае выкарыстанне актывізуе асноўныя разумовыя аперацыі: аналіз, сінтэз, супастаўленне, абагульненне, класіфікацыю. Акрамя таго, прадстаўлены візуальны ма­тэрыял спрыяе выхаванню адказнасці за стан навакольнага асяроддзя, выклікае па­чуцці патрыятызму і любові да прыроды роднага краю, вучыць правільнаму ўзаема­дзеянню чалавека са светам прыроды.

— Дапаможнік “Прыродныя супольнасці Беларусі” паспяхова выкарыстоўваецца ў арганізацыі сумеснай дзейнасці выхавальніка і дзяцей, у індывідуальнай і групавой рабоце з выхаванцамі як на занятках, так і ў нерэгламентаванай дзейнасці. Прыемна адзначыць, што дапаможнік быў прадстаўлены на метадычным аб’яднанні горада, а таксама на фестывалі “Кірмаш педагагічных ідэй” у Гродне, дзе атрымаў высокую ацэнку”, — падсумавала загадчыца дзіцячага сада.

Пытанне арганізацыі дзіцячай бяспекі таксама знаходзіцца ў актуальным парадку дня ўстановы. Калектыў прыняў удзел у раённым конкурсе “Бяспечнае дзяцінства”, дзе быў узнагароджаны дыпломам ІІІ ступені за арганізацыю астраўка бяспекі. Выхавальніца Іна Бахар паведаміла, што на астраўку сканцэнтраваны правілы пажарнай бяспекі, бяс­пекі дарожнага руху і бяспекі ў побыце.

— Тут, як вы бачыце, прадстаўлены самыя розныя матэрыялы: дыдактычныя, развіццёвыя і настольна-друкаваныя гульні, дапаможнікі, наглядна-дэманстрацыйны матэрыял, лялькі, сюжэтныя цацкі, кубы з інфармацыйнымі знакамі, якія знаёмяць з прыстасаваннямі для перамяшчэння людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Аформлена выстава дзіцячых работ. Для гутарак з дзецьмі падабрана адпаведная мастацкая літаратура (апавяданні, казкі, вершы). Усё знахо­дзіцца ў свабодным доступе, — адзначыла Іна Генрыхаўна.

А розныя тэматычныя атрыбуты кутка бяспекі, касцюмы і камізэлькі службаў выратавання дазваляюць ажыццявіць любую гульнявую задуму па жаданні выхаванцаў. Кожнае дзіця можа прымераць на сябе ролю ратавальніка, урача, міліцыянера, пажарнага. На адной са сцен размешчаны выявы небяспечных сітуацый у побыце, дома, на вуліцы і нумары экстранных службаў. На другой — дарожныя знакі.

Астравок стаў месцам для правядзення тэматычных гутарак, заняткаў, хвілінак бяспекі, вучэбных гульняў. Астравок бяспекі — гэта не проста спецыяльна арганізаваная вучэбная лакацыя, а сапраўдны наглядны дапаможнік для навучання дашкольнікаў правілам бяспечных паводзін.

Прадметна-развіццёвае асяроддзе сада было б не поўным без спартыўнага інвентару і яго захавальніцы — кіраўніка фізічнага выхавання Вольгі Пулко. Заняткі па фізічным выхаванні ў дзіцячым садзе № 6 — гэта рухі, гульні, а таксама інтэрактыў і крэатыўнасць у падачы вучэбнага матэрыялу.

— Мне хочацца, каб дзеткі не толькі ўмелі правільна скакаць, бегаць і кі­даць, але і развіваліся інтэлектуальна, даведваліся пра віды спорту, яго напрамкі і значэнне ў жыцці чалавека. На ўзбраен­не бяру многае: казкі, квесты, гульні. А выкарыстанне інфармацыйна-камуні­кацыйных тэхналогій дадае інтэрактыву і робіць заняткі не толькі цікавымі, але і сучаснымі, — зазначыла Вольга Ана­тольеўна.

Дзецям, безумоўна, падабаюцца падыходы педагога, таму яны з задавальненнем уключаюцца ў прапанаваную дзейнасць.

Дарэчы, на сёння ў дзіцячым садзе № 6 Наварудка дзейнічаюць 10 груп для выхаванцаў дашкольнага ўзросту і 2 першыя класы.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: