“Мама” для дашкалят з важкім стажам
07.03.2025
Зразумела, што словы “вясна”, “жанчына” і “мама” па законах мовы не сінонімы. Аднак тры гэтыя цёплыя, шчырыя і важныя для кожнага чалавека паняцці цесна аб’яднала ўсімі намі любімае каляндарнае свята – 8 Сакавіка.
З самым светлым і вясновым настроем заўжды прыемна ўзгадваць дарагіх нашаму сэрцу людзей. Для многіх дзятлаўчан імя Ліліі Ваніслаўчык якраз асацыіруецца са святам, радасцю, дзяцінствам, а ўсё таму, што Лілія Іванаўна ўжо 44 гады працуе выхавальнікам у дзіцячым садзе № 1 горада Дзятлава.
Як прызнаецца наша зямлячка, за чатыры дзесяцігоддзі ў яе было 10 выпускаў дзетак. Больш за дзве сотні маленькіх гарэзаў падраслі і сталі школьнікамі. Час ляціць хутка: некаторыя былыя выхаванцы потым прыводзілі ў групу і сваіх сыноў і дачок. Ідучы па горадзе, Лілія Іванаўна нярэдка сустракае ўжо дарослых выпускнікоў, якія з радасцю вітаюцца з “другой мамай”, а педагогу так прыемна бачыць, што яе маленькія Дашы, Наташы, Паўлікі і Андрэі сталі годнымі людзьмі, знайшлі сваю дарогу ў жыцці.

– Настаўніцай я марыла стаць яшчэ ў школьныя гады, – прызнаецца Лілія Ваніслаўчык. – Лёс склаўся так, што стала педагогам дашкольнай адукацыі, аб чым ні разу не пашкадавала. У 1980 годзе пасля заканчэння Гродзенскага педагагічнага вучылішча прыехала працаваць на малую радзіму, трапіла ў калектыў дзіцячага сада № 1 горада Дзятлава і засталася тут на многія гады. У 1986-м скончыла завочнае аддзяленне Мінскага дзяржаўнага педагагічнага на той час інстытута імя Максіма Горкага (цяпер – універсітэт імя Максіма Танка). Побач з дзецьмі час ляціць хутка і непрыкметна, з імі назаўсёды застаешся маладым душой, ёсць магчымаць сябе рэалізаваць, перадаючы гэтым маленькім чамучкам веды, уменні, вопыт.
Упэўнена, што гэта сапраўды так, бо застала Лілію Іванаўну за заняткамі з групай: разам з дзецьмі яны вывучалі пароды дрэваў, іх прыкметы і адрозненні, практыкаваліся ў сшытках-дапаможніках. Перад выхавальніцай і яе старэйшай дзясятай групай сёлета стаіць важная і адказная задача – падрыхтавацца да школы. Усе хлопчыкі і дзяўчынкі гэтым летам “вылецяць з-пад крыла” Ліліі Іванаўны і 1 верасня сядуць за школьныя парты. Зразумела, што педагог вельмі хвалюецца і жадае, каб кожны з іх стаў кемлівым і старанным вучнем, а ў далейшым – прафесіяналам сваёй справы, шчаслівым сем’янінам.
– Мы ўжо пачалі супрацоўніцтва са школай, старанна рыхтуемся па праграме дашкольнай адукацыі. Калі хто хварэе і прапускае тэмы, займаемся індывідуальна. Дзеці ведаюць, што ніводная старонка рабочых сшыткаў не павінна застацца пустой, таму з гатоўнасцю адгукаюцца на мае заклікі павучыцца, пакуль сябры захоплены цікавай гульнёй. Увогуле, наша група старанная, кемлівая, працавітая. Дзеці займаюцца канструяваннем, ручной працай, калі дзяжураць, дапамагаюць накрываць і ўбіраць са стала, вельмі любяць маляваць. У іх атрымліваюцца цікавыя творчыя работы. Нярэдка яны і мне дораць свае малюнкі. Вельмі хочацца, каб у школе яны прадаўжалі заставацца стараннымі і паслухмянымі, мелі цікавасць да вучобы, імкнуліся спасцігаць новае і выраслі добрымі грамадзянамі нашай краіны.

Лілія Іванаўна ўпэўнена, што быць паспяховай у прафесіі ёй дапамагае мяккі характар, любоў да дзяцей, жаданне дарыць ім веды і хвілінкі радасці, размаўляць, дзяліцца ўражаннямі, разам гуляць, бо менавіта праз гульню маленькія людзі пазнаюць навакольны свет і жыццё. Цікава ў групы праходзяць святы і ранішнікі: Новы год, Дзень абаронцаў Айчыны. Цяпер хлопчыкі і дзяўчынкі актыўна рыхтуюцца да 8 Сакавіка. Для матуляў кожны з выхаванцаў ужо сам зрабіў святочную віншавальную паштоўку.
Вольны ад работы час Лілія Іванаўна любіць праводзіць з унукамі і блізкімі. У іх сям’і склалася цудоўная традыцыя падарожнічаць і назапашваць прыемныя ўражанні ад наведвання славутых мясцін Беларусі. Часцей за ўсё ў вандроўкі накіроўваюцца летам. Ужо пабывалі ў Хатыні, музеі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнай бібліятэцы, у Мірскім, Нясвіжскім замках, Косаўскім палацы, на многіх іншых аб’ектах. Цяпер думаюць, які маршрут ім пракласці на новы сезон. Наша зямлячка ўпэўнена, што ў Беларусі нямала цікавых мясцін, дзе абавязкова варта пабываць.
На пытанне, які падарунак чакае на 8 Сакавіка, Лілія Ваніслаўчык мудра і па-філасофску адказвае:
– Галоўнае – здароўя для сябе, блізкіх і знаёмых, каб усе былі шчаслівымі, а ў роднай краіне панавалі мір і спакой.
Жанчынам Дзятлаўшчыны Лілія Іванаўна таксама зычыць здароўя, дабрабыту, любові, усяго чыстага, добрага, светлага і простага чалавечага шчасця.
Источник: https://diatlovonews.by