У чым слабыя і моцныя бакі жанчыны-кіраўніка? Спыталіся ў педагогаў
10.03.2025Сёння ўжо нікога не здзівіш тым, што сучасныя жанчыны ўсё часцей прыходзяць на кіруючыя пасады. Іх абавязкі і магчымасці даўно не абмяжоўваюцца толькі дамашнімі клопатамі. Яны ўпэўненыя, мэтанакіраваныя, паспяховыя. Як жа спалучаць у сабе мілую, пяшчотную, клапатлівую жанчыну і якасці, якія характэрны кіраўніку? У чым слабыя і моцныя бакі жанчыны-кіраўніка? Што робіць жанчыну жанчынай? Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” спыталася ў педагогаў-кіраўнікоў.
Жаночая сіла ў мудрасці
Ірына Сяргейчык, начальнік аддзела па адукацыі Асіповіцкага райвыканкама:
— Мой шлях у прафесію пачаўся са шчырага жадання дзяліцца ведамі. З цягам часу я зразумела, што хачу не толькі выкладаць, але і кіраваць працэсамі, натхняць калег, укараняць новыя падыходы, рабіць адукацыю больш якаснай і камфортнай.
Жанчыны-кіраўнікі схільны да дысцыпліны, умення планаваць, пралічваць стратэгію на некалькі крокаў наперад. Мы больш уважлівыя да дэталей, але часам можам вельмі перажываць за калектыў. Слабым бокам можа быць залішняя эмацыянальнасць, але я імкнуся захоўваць баланс. У сваёй рабоце прытрымліваюся прынцыпаў адкрытасці, справядлівасці і павагі. Лічу, што трэба ставіцца да людзей так, як ты хацеў бы, каб ставіліся да цябе. Галоўнае — давер у калектыве, у якім кожны адчувае сябе часткай каманды. Кіраваць людзьмі незалежна ад полу — гэта перш за ўсё работа з асобамі, характарамі, таму важна знаходзіць індывідуальны падыход.
Безумоўна, прафесія ўплывае на характар. Яна вучыць цярпенню, мнагазадачнасці, уменню хутка рэагаваць на складаную сітуацыю. Работа ў адукацыі робіць нас больш чулымі, уважлівымі. Але ў той жа час больш патрабавальнымі да сябе і навакольных. Лічу, што жаночая сіла — у мудрасці, ва ўменні спалучаць мяккасць і рашучасць, клопат і мэтанакіраванасць.
Для мяне 8 Сакавіка — гэта свята вясны, прыгажосці, натхнення. У нашай установе ў гэты дзень ствараецца асаблівая атмасфера, арганізоўваем віншаванні, невялікія сюрпрызы. Самы запамінальны падарунак, які мне дарылі ў гэты дзень, — кніга з рукапіснымі пажаданнямі ад маіх вучняў. У гэтых радках была такая шчырасць і цеплыня, што я зразумела: галоўны сэнс работы ў адукацыі — уплываць на жыццё людзей.
Адукацыя — гэта не проста работа, а стыль жыцця. Нават у выхадныя ці на адпачынку я думаю пра новыя планы, праекты. Але адпачынак вельмі важны для захавання ўнутранага балансу. Люблю праводзіць час на прыродзе, чытаць кнігі, займацца спортам. Важна пераключацца, знаходзіць час на сябе, каб потым з новымі сіламі вяртацца на работу.
Дарагія калегі! Гэты святочны дзень — яшчэ адна нагода сказаць вам дзякуй за вашу працу, за цеплыню, якую вы дорыце навучэнцам. Няхай кожны дзень прыносіць радасць і задавальненне, няхай вашы намаганні будуць ацэнены. Будзьце натхнёнымі, любімымі, шчаслівымі і паспяховымі!
Заўсёды з песняй
Ала Валінская, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 імя У.У.Гука Івацэвіч:
— З самага дзяцінства вобраз педагога быў для мяне прыкладам чалавека з вялікай літары: адукаванага, мэтанакіраванага, творчага, які любіць дзяцей, прафесіянала сваёй справы і проста добрага чалавека. Вось і вырашыла ўсё гэта рэалізаваць у сабе: злучыць любоў да справы і да вучняў. А праз стараннасць, добрасумленнасць і адказнае стаўленне да работы, а таксама праз наяўнасць камунікатыўных і арганізатарскіх здольнасцей прыйшла да сваёй пасады.
На мой погляд, моцныя бакі жанчыны-кіраўніка — гэта камунікатыўныя здольнасці (адкрытасць у зносінах), арганізаванасць, цярпенне, уменне бачыць патэнцыял іншых людзей, знаходзіць кампраміс. А вось слабыя — залішняя эмацыянальнасць і спачуванне, а таксама недахоп часу для сваіх родных і блізкіх.
Пастаянна рухацца наперад, ніколі не баяцца вучыцца новаму, быць прыкладам ва ўсім — прынцыпы маёй работы з калектывам. А таксама ўменне працаваць у камандзе і супрацоўнічаць з калегамі.
Як да майго кіраўніцтва ставяцца навакольныя мужчыны? У першую чаргу з павагай і разуменнем, у другую — з даверам і падтрымкай, а ў трэцюю — як да жанчыны.
8 Сакавіка для мяне — гэта выхадны дзень, які я імкнуся праводзіць разам са сваімі роднымі і блізкімі. Прыемна атрымліваць шчырыя ўсмешкі, віншаванні і кветкі ад вучняў, іх бацькоў, родных. Самы дзівосны прэзент у гэты дзень — падарунак ад маіх 11-класнікаў-філолагаў: прыгожа перавязаны стужачкай блок паперы.
У нашай школе склаліся традыцыі святкавання 8 Сакавіка. З самай раніцы ў фае ўстановы пад музычнае суправаджэнне члены вучнёўскай рады (хлопчыкі) сустракаюць жаночую палову нашага калектыву з усмешкамі, паштоўкамі і кветкамі. Пасля вучэбных заняткаў у актавай зале праходзіць святочны канцэрт, падрыхтаваны навучэнцамі школы і мужчынскай паловай нашага калектыву. Пасля віншаванняў на сцэне ў настаўніцкай для педагогаў і ветэранаў прафсаюзным камітэтам арганізуецца чаяванне.
Пераканана, што жанчыну жанчынай робіць найперш элегантная паходка, упэўнены погляд і шчаслівая ўсмешка. На жаль, работа (а яна не проста работа, а лад жыцця) займае ў мяне вельмі шмат часу, але, нягледзячы ні на што, стараюся знайсці вольны час, каб адпачыць з сям’ёй і адвесці душу на рэпетыцыях у гарадскім Доме культуры ў складзе народнага жаночага вакальнага калектыву “Сяброўкі”. Бо нездарма ж кажуць, што “нам песня строить и жить помогает”.
Настаўніка пазнаеш здалёк: па поглядзе, жэстах, тэмбры голасу. Як гаворыць мой муж, “у цябе на твары напісана, што ты настаўнік”.
Сваім калегам хачу пажадаць здароўя, прыгажосці, жаноцкасці, упэўненасці ў сабе, міру ў краіне, кахаць і быць каханымі.
Падзяліся ўсмешкай
Вольга Саванец, дырэктар гімназіі № 1 Ашмян:
— Ужо дзясяты год я ўзначальваю гімназію. Да гэтага працавала 18 гадоў у якасці настаўніцы пачатковых класаў. Педагогіку выбрала дзякуючы дырэктару школы ў Наваельні Аляксандру Станіслававічу Бараноўскаму. Менавіта ён убачыў ува мне педагога і прапанаваў дзесяцікласніцы правесці шэраг урокаў. І мне гэта спадабалася.
Моцны і адначасова слабы бок жанчыны-кіраўніка — чалавечнасць. Да кожнага я імкнуся знайсці падыход, час, каб удзяліць увагу і прыняць яго праблему, падбадзёрыць, падтрымаць, але разумею, што часам неабходна мець волю, каб не праявіць слабасць у характары. Моцным жа бокам жанчыны-кіраўніка з’яўляецца працаздольнасць, працаваць яна можа 24/7.
У рабоце са сваім калектывам прытрымліваюся дэмакратычнага стылю кіравання, заснаванага на даверы. Мне важна быць у курсе ўсіх падзей, якія адбываюцца ў гімназіі. Мне камфортна працаваць як з жанчынамі, так і з мужчынамі, якіх у калектыве каля 35%. Лічу, што з мужчынамі прасцей дамовіцца, ім можна акрэсліць задачу, і яны яе выконваюць не разважаючы. Жанчыны пачынаюць думаць, а навошта гэта трэба, як гэта зрабіць і г.д.
Навакольныя мужчыны ставяцца да майго кіраўніцтва паважліва. Я з’яўляюся дэпутатам раённага Савета, і калі да мяне звяртаюцца людзі, адкладваю ўсе справы і імкнуся дапамагчы ім. Што тычыцца мужчын у калектыве, то яны ведаюць, што ў аснову я стаўлю выкананую задачу, буду імкнуцца зрабіць яе дастойна, на высокім узроўні, калі трэба, то папрашу парады, прыслухаюся да меркавання.
8 Сакавіка для мяне, як, мабыць, для любой жанчыны, гэта свята ўвагі. Усе ва ўстанове ведаюць, што я вельмі люблю цукеркі “Сталічныя”, і ў мяне на стале абавязкова аказваецца вазачка з імі. Я нават не ведаю, ад каго яна, але заўсёды гэта вельмі прыемна. Прыемна атрымліваць у гэты дзень кветкі — цюльпаны розных колераў радуюць вока і душу, прыўносяць вясновы настрой, надзею на абуджэнне прыроды. Я іх даглядаю, бо хочацца захаваць гэтыя знакі ўвагі надоўга.
Самы дзівосны падарунак, які атрымлівала на жаночае свята, — лялька-дырэктар, якая вельмі нагадвае мяне.
Што тычыцца традыцый святкавання 8 Сакавіка, то ў нас заўсёды праводзіцца ранішняя сустрэча, якую рыхтуюць дзеці, прафсаюзны камітэт. Мы віншуем усіх жанчын у нашым калектыве. Кожны год гэтая сустрэча асаблівая. Калі-нікалі гэта палёт на касмічным караблі, кругасветнае плаванне, праходжанне квеста, фотазоны. Гэта знакі ўвагі ў выглядзе паштоўкі з пажаданнямі, шчаслівыя прадказанні, плітка шакаладу з фотаздымкам і словамі пра тое, як цябе любяць і цэняць. Я з нецярпеннем чакаю пятніцы… Нязменна гэта канцэртная праграма, на якую запрашаюцца ветэраны педпрацы, бацькі.
Жанчыну жанчынай робіць вытанчанасць, элегантнасць, інтэлігентнасць, уменне падтрымаць размову. Жанчына прызвана любіць і клапаціцца, а яе ўнутраная прыгажосць перадаецца праз усмешку. “Улыбайтесь, господа, улыбайтесь”— каронная фраза барона Мюнхгаўзена і мой дэвіз па жыцці. Кожную раніцу я сустракаю сваіх падначаленых і дзяцей усмешкай і добрым словам.
Я люблю жыццё ва ўсіх яго праяўленнях. У мяне цудоўная сям’я — муж і дзеці, я чэрпаю сілы ў ёй. Люблю бываць у новых мясцінах, падарожнічаць.
Напярэдадні свята хочацца пажадаць, каб кожная жанчына атрымала знак павагі. Няхай яна будзе ахутана вясенняй прыгажосцю, няхай атрымае той падарунак, які зробіць яе больш шчаслівай!
Источник: https://nastgaz.by