РУС БЕЛ ENG 中文

Спадчына ў мініяцюры. Як макеты храмаў дапамагаюць педагогам Мастоўшчыны выхоўваць у дзяцей павагу да мінулага

07.03.2025

Створаныя педагогамі і навучэнцамі Мастоўшчыны макеты праваслаўных храмаў дапамагаюць вывучаць архітэктурную спадчыну малой радзімы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Галоўная асаблівасць

Мінулае шчодра надзя­ліла гэты куточак Панямоння помнікамі архітэктуры. Палацы, млыны, мемарыяльныя калоны, прыдарожныя капліцы… Але больш за ўсё тут храмаў. Практычна над кожным населеным пунктам не адно стагоддзе ўзвышаюцца купалы цэркваў і вежы касцёлаў.

Калі ўважліва прыгледзецца да культавых будынкаў, можна заўважыць адну асаблі­васць: нягледзячы на архітэктурную адметнасць практычна ўсе яны ўзведзены з бутавага каменю — колатых валуноў, якія калісьці пакінуў на гэтай зямлі ледавік. Дзесьці валуны добра відаць, дзесьці атынкаваны, аднак края­знаўчыя даследаванні педагогаў паказваюць, што менавіта мясцовы камень стаў асновай для будаўніцтва.

Цікавыя факты ў старых дакументах знайшла Рэгіна Вялічка, кіраўнік музея Пескаўскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Віктара Іванавіча Яронькі. Па яе словах, на пабудову мясцовага храма пайшло амаль 30 кубоў буйнога каменю, не ўлічваючы шчэбню, цэглы, гліны.

— Ужо 154 гады стаіць у цэнтры сённяшняга аграгарадка Пескі Свята-Мікалаеўская царква. Яна радуе вока і душу, сустракае і праводзіць прыхаджан і гасцей сваімі купаламі. Царква — гэта наша святыня, наша каштоў­насць, наша спадчына, — лірычна пачала аповед Рэгіна Станіславаўна.

З любоўю і павагай

Настаўніца хоць і з’яўляецца прыхаджанкай струбніцкага касцёла Святой Тройцы, але пра пескаўскую царкву расказала з любоўю і павагай:

— Гісторыя праваслаўнага храма ў Песках адлюстроўвае сувязі паміж мінулым і сучаснасцю. У жыцці ўсё ўзаемазвязана. Раней частка Песак з боку вёскі Выгода называлася Туры і тут размяшчаўся ўтульны храм Святога Іаана Багаслова, які пазней прыйшоў у заняпад. У 1868 годзе на гандлё­вай плошчы пачалося будаўніцтва новай каменнай царквы. Агульнае кіраўніцтва ажыццяўлялася Гродзенскай губернскай царкоўна-будаўнічай прысутнасцю. Непасрэдна на месцы быў створаны прыходскі апякунскі царкоўны савет.

Рэгіна Станіславаўна даведалася імёны тых, хто кіраваў праектам, удзельнічаў ва ўзвядзенні храма, святароў, якія служылі тут у розныя часы, і нават імёны псаломшчыкаў, старастаў храма.

Звязана гісторыя храма і з этапамі развіцця адукацыі ў гэтым краі. Па словах настаўніцы, у 1862 годзе ў Песках было адкрыта народнае вучылішча, у якім працавалі два настаўнікі, а таксама праваслаўны святар Мікалай Смірноў, які выкладаў Закон Божы.

— 16 кастрычніка 1919 года на пескаўскі прыход быў прызначаны айцец Васілій Іванюк, паміж пастырам і прыхаджанамі не было ніякіх непаразуменняў. Асаблівую пашану сярод праваслаўных пескаўчан, ды і каталікоў таксама, заслужыў айцец Канстанцін Краскоўскі. Ён прыехаў у Пескі ў 1931 годзе адзін, без сям’і. Яго каханая памерла за два дні да вянчання ад менінгіту. Святар вырашыў прыняць цэлібат. На перыяд яго служэння выпалі няпростыя выпрабаванні: Вялікая Айчынная вайна, пасляваенныя гады. З цвёрдай верай і любоўю да сваіх прыха­джан ён пераадольваў усе цяжкасці, паказваў землякам прыклад.

Рэдкі выпадак: пескаўская царква ў пасляваенныя гады не была закрыта, нават дазвалялася званіць у званы. Праўда тое ці не, аднак мясцовыя жыхары расказвалі, што айцец Канстанцін напісаў ліст самому Сталіну, з якім вучыўся калісьці ў духоўнай семінарыі і нават жыў у адным пакоі. Як бы там ні было, але, дзякуючы намаганням айца Канстанціна, святло веры ў Песках не згасала.

Сёння праваслаўныя традыцыі працягваюцца дзякуючы настаяцелю храма айцу Віктару Шнайдару. Святар часта прыходзіць у школу на выхаваўчыя мерапрыемствы, выступае перад настаўнікамі і вучнямі — у першую чаргу на тэму духоўна-маральнага выхавання.

Карыснае супрацоўніцтва

Падобнае ўзаемадзеянне наладжана ва ўсіх установах адукацыі Мастоўскага раёна. Як паведаміла метадыст Мастоўскага РВМК Дар’я Анатольеўна Сцяпура, яно вядзецца ў рамках праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквой.

У Мастоўскім раёне склаліся свае традыцыі. З удзелам святароў рэгулярна праводзіцца цыкл класных гадзін “Духоўнае разуменне сэнсу жыцця”, “Айчына як свяшчэннае паняцце”, дабрачынныя акцыі “Анёл у тваім сэрцы”, “Дзеці — дзецям”, “У школу з добрым сэрцам”, мерапрыемствы ў рамках Тыдня бацькоўскай любові і Тыдня сям’і, асветніцкія мерапрыемствы па папярэджанні сярод падлеткаў шкодных звычак. Настаяцелі храмаў прымаюць удзел у рабоце бацькоўскага ўніверсітэта, агульнашкольных бацькоўскіх сходах, дзеляцца сваімі думкамі наконт прыкладу бацькоў у развіцці асобы дзіцяці.

Праект з працягам

Раённы праект па стварэнні макетаў праваслаўных храмаў рэалізоўваўся ў 2022 годзе пад кіраўніцтвам сённяшняга намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 5 Мастоў імя Васілія Лявонцьевіча Валадося, а на той час загадчыцы РВМК Наталлі Пятроўны Палубятка. Творчыя групы настаўнікаў і вучняў працавалі ў кожнай установе адукацыі. Перад тым як стварыць макет, яны вывучалі гісторыю царквы, праводзілі грунтоўнае краязнаўчае даследаванне. У выніку праект быў удастоены прэміі імя Героя Беларусі Мітрапаліта Філарэта.

— Сёння макеты храмаў актыўна выкарыстоўваюцца ў выхаваўчай рабоце. У найбліжэйшы час працягнем праект і прымяркуем яго да наступнага, 85-гадовага юбілею Перамогі. Гэтым разам у цэнтры ўвагі будуць помнікі і абеліскі, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной. Іх макеты таксама ўпрыгожаць школьныя музеі і кабінеты гісторыі, — паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Мастоўскага райвыканкама Іна Васільеўна Навіцкая.

Цвёрдыя як камень

Менавіта так можна сказаць пра храмы Мастоўшчыны ў прамым і пераносным сэнсе. Ніякія стыхіі і ліхалецці не змаглі знішчыць святыні. Магчыма, таму ў наш час, калі кожны можа спакойна прыйсці ў храм і ўзнесці малітвы, яны выглядаюць асабліва велічна і ўрачыста.

Прыгожа глядзеліся храмы і ў дзень маёй камандзіроўкі. Надвор’е было пераменлівым, таму ў Гудзевічах удалося зрабіць здымкі стромкай белай званіцы на фоне заснежаных прастораў пад белымі аблокамі, а ў Лунне — залітай сонцам царквы на фоне блакітнага неба. Аднак найбольш атмасферным атрымаўся здымак царквы ў Бялавічах. На фоне шэрага неба і пакрытых мохам валуноў яна выглядала задуменна і па-свойму прыцягальна. Здавалася, белымі вокнамі яна ўглядалася ўдалячынь, у мінулае…

Сямейная рэліквія

Цікавае падарожжа ў часе здзей­снім разам з бібліятэкарам з аграгарадка Зарудаўе Марыяй Рахунок.

Сустрэцца з ёй галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Мастоўскага райвыканкама Іна Васільеўна Навіцкая прапанавала па некалькіх прычынах. Па-першае, Марыя Уладзіміраўна хоць і не мае педагагічнай адукацыі, але цесна супрацоўнічае з настаўнікамі, дапамагае фарміраваць у вучняў ціка­васць да гісторыі роднага краю. Па-другое, яе краязнаўчыя напрацоўкі актыўна выкарыстоўваюцца педагогамі раёна. Па-трэцяе, за складанне летапісу Свята-Пакроўскай царквы і 1-е месца ў ІХ Рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання” яна ў 2023 годзе была ўдастоена Граматы Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веньяміна.

Фота з архіва Марыі Рахунок

— Гісторыя праваслаўя роднага краю непарыўна звязана з гісторыяй малой радзімы, вывучэнне якой дазваляе больш поўна адчуваць сувязь мінулага і сучаснасці, ствараць будучыню, захоўваючы традыцыі. Складзены мной летапіс Свята-Пакроўскай царквы — толькі невялікі ўклад у вывучэнне і аднаўленне страчаных старонак гісторыі праваслаўя на мастоўскай зямлі, — паведаміла жанчына.

Марыя Уладзіміраўна не захацела сябе хваліць, аднак праведзеная ёй работа па вывучэнні гісторыі храма мае вялікае значэнне. Дзякуючы яе зацікаўленасці, а таксама дапамозе калег, былі адноўлены многія, здавалася б, назаўсёды страчаныя старонкі мінулага.

На нашу сустрэчу, якая адбылася ў будынку храма, Марыя Уладзіміраўна прынесла не толькі грамату і саму конкурсную работу з арыгінальнай, нібыта ў сярэдневяковых летапісах, вокладкай, але і цэлы стос дакументаў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Гэтыя рарытэты былі знойдзены выпадкова на падстрэшшы храма падчас рамонту даху. Бібліятэкар спачатку ўзрадавалася такой знаходцы, аднак, калі паперы апынуліся ў цяпле, яны пачалі літаральна на вачах рассыпацца.

Каб спыніць гэты працэс, яна папрасавала старыя дакументы праз паперу. Так каштоўныя матэрыялы былі выратаваны. Калегі дапамаглі перакласці тэкст на сучасную мову, а Вольга Анатольеўна Коршун яшчэ і рэдагавала матэрыял для кнігі і конкурснай работы. Наталля Юр’еўна Кісялеўская дапамагла ў афармленні. А вось старыя фотаздымкі Марыі Уладзіміраўне падарыла Ніна Іванаўна Жарабіла з вёскі Старына. Яе тата калісьці быў фатографам і не толькі фіксаваў на стужку моманты даваеннага жыцця прыхаджан, але і рабіў здымкі святароў. Сёння яго фотаспадчына асаб­ліва каштоўная.

— Цікава, што першапачаткова храм узводзіўся як касцёл, але пасля пачатку будаўніцтва быў перададзены Праваслаўнай царкве. І гэта справядліва, паколькі на месцы каменнага храма яшчэ ў XVI стагоддзі стаяў праваслаўны Свята-Георгіеўскі, таму ў нас два галоўныя святы — Пакровы і Юр’я. Гэты храм узве­дзены ў 1822 годзе ў стылі ампір і мае абарончы выгляд. Сцены выкладзены часткова з цэглы, але ў асноўным з палявога колатага каменю, — адзначыла Марыя Рахунок.

Падрабязна жанчына паведаміла і пра святыні храма. З асаблівай цеплынёй расказала пра сямейную рэліквію, ікону “Малітва ў Гефсіманіі”, напісаную яе свёкрам Мікалаем Іванавічам Рахунком.

Па словах Марыі Уладзіміраўны, ён быў іканапісцам-самавучкам.

— А гэта фотаздымак айца Васілія Рынкевіча. 45 гадоў ён служыў у нашым храме, многіх людзей прывёў да веры. Спачыў у 2021 годзе і пахаваны каля царквы. Сёння ў храме служыць айцец Іаан Аўсіевіч. Вы б бачылі, як урачыста мы адзначалі 200-годдзе храма. Сярод гасцей былі не толькі святары, але і настаўнікі, вучні з навакольных вёсак, Мастоў. Спадзяюся, што да 210-гадовага юбілею храма яго летапіс будзе дапоўнены, — адзначыла жанчына.

Над белым прасторам

— Мае родныя Гудзевічы маюць багатую гісторыю. Упершыню яны згадваюцца ў грамаце, якая датуецца 4 ліпеня 1539 года. Гэтая згадка, дарэчы, звязана з царквой, — адзначыла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Гудзевіцкай сярэдняй школы Наталля Ула­дзіміраўна Дзямбіцкая, а потым пачала павольна дэклараваць гістарычны тэкст: — “Мы, князь Павел Ке­­жан з ласкі Божай Віленскі епіскап, адзначаем гэтым нашым лістом, што царкву Святой Прачыстай у нашым панстве ў Гудзевічах з належачымі да яе здаўна землямі, сенажацямі, лясамі, гаямі, дубровамі, з рэкамі і з усімі даходамі і вольнасцямі Іосіфу Пятровічу, яго жонцы і сынам далі на вечнасць”. Як бачым, гісторыя царквы і праваслаўя непарыўна звязана з гісторыяй саміх Гудзевіч.

Наталля Дзямбіцкая не толькі займаецца краязнаўствам, але і стварае арыгінальныя карціны

Храм Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, па словах настаўніцы, быў узведзены ў 1852 годзе ў выглядзе крыжа часткова з камянёў, часткова з цэглы, атынкаваны і пабелены вапнай. Як і ў выпадку з Пескамі, дзякуючы краязнаўчым пошукам Наталлі Уладзіміраўны, сёння вядомы імёны будаўнікоў і святароў гудзевіцкага храма, якія служылі ў розныя часы. Даследавала настаўніца і пахаванні каля храма, лёс яго святынь, сярод якіх ікона Жыровіцкай Божай Маці, напісаная ў 1883 годзе.

Што тычыцца знешняга выгляду храма, то ў 1909 годзе над яго прытворам была ўзведзена высокая вежа-званіца. Царква стала выглядаць яшчэ больш велічнай, асабліва ў зімовы дзень на фоне заснежанага наваколля і белых аблокаў. Не менш велічным з’яўляецца і макет храма, створаны ў рамках раённага праекта. У школьным музеі яму адведзена важнае месца. Падчас аповеду пра гісторыю ўстановы адукацыі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Анатольеўна Шчарбіна на прыкладзе макета знаёміць вучняў з архітэктурнымі асаблівасцямі храма, яго гісторыяй.

— Што тычыцца супрацоўніц­тва з праваслаўным прыходам, то з 2013 года ў нас рэалізоўваўся праект па выхаванні вучняў на аснове праваслаўных традыцый і каштоўнасцей беларускага народа, мы збіралі абрады нашай мясцовасці, а хрэсьбіны ў нашым выкананні нават занялі 2-е месца на рэспубліцы. Настаяцель храма айцец Мікалай Сень для нас ужо як родны. Ён часта прыхо­дзіць у школу, а два разы на месяц праводзіць гутаркі з навучэнцамі на тэму духоўна-маральнага выхавання, — адзначыла Святлана Анатольеўна.

Каларытнае мястэчка

Храмы ва ўсе часы былі не толькі месцам духоўнага жыцця. Каля цэркваў, касцёлаў рэгулярна праводзіліся кірмашы, вясковыя фэсты. Так калісьці было і ў Лунне.

Калі ўязджаеш у колішняе мястэчка, то адразу заўважаеш не толькі двухпавярховыя цагляныя дамы, узведзеныя ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Увагу прыцягвае і белая царква Нараджэння Іаана Прадцечы. Хоць яна і пабудавана ў 1889 годзе, аднак адрозніваецца ад большасці праваслаўных храмаў таго часу. Магутныя сцены, кампакт­насць робяць яе нечым падобнай на сярэдневяковы замак — сапраўдную хрысціянскую цвярдыню. Адметным стала і месца будаўніцтва храма.

— Калісьці тут праводзіліся кірмашы. Яны былі вялізныя, з багатым выбарам тавараў, на іх з’язджаліся жыхары не толькі навакольных вёсак, але і Гродна. Тут, у цэнтры мястэчка, дзе бурліла жыццё, і вырашылі ў 1878 годзе пабудаваць праваслаўны храм, — паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Лунненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета Ларыса Эйсмант.

Па словах Ларысы Уладзі­міраўны, нават пасля Вялікай Айчыннай вайны, калі ў лістапа­дзе 1942 года амаль усё яўрэйскае насельніцтва Лунна было знішчана (дарэчы, тэме генацыду беларускага народа на тэрыторыі Лунненскага краю прысвечаны праект педагогаў школы “Нельга забыць, нельга маўчаць”, які ў 2023 годзе заняў 1-е месца на рэс­публіканскім конкурсе на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня), традыцыя правядзення кірмашоў не знікла. Намеснік дырэктара ўспомніла свае школьныя гады, калі разам з баць­камі прыязджала з суседняй вёскі Пілкі набываць тавары.

— Для савецкага часу ў нас быў проста шыкоўны выбар. Мае родзічы з Калінінграда рэгулярна прыязджалі ў Лунна, закупляліся. Што запомнілася з дзяцінства, дык гэта ў першую чаргу цагляныя дамы (у Пілках былі ў асноўным драўляныя), а таксама храмы — касцёл Святой Ганны і царква Нараджэння Іаана Прадцечы. Каля царквы тады была плошча сямі герояў, на якой знаходзіліся банеры з выявай Герояў Савецкага Саюза, удастоеных высокага звання пры вызваленні Мастоўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сярод іх і Іван Шарамет, імя якога наша школа носіць з 1964 года, — паведаміла Ларыса Уладзімі­раўна.

Прыгадаў свае першыя ўражанні ад Лунна і дырэктар школы Віктар Мечыслававіч Чэрнік:

— Калі прыехаў у Лунна ў 1988 годзе, то адразу адзначыў для сябе, што гэта адметны для сельскай мясцовасці населены пункт. Было сельпо, 13 розных магазінаў (кніжны, прадуктовы, гаспадарчы, галантарэйны), малочны завод і хлебазавод, сельгасхімія, дарожнае ўпраўленне, кантора саўгаса, уся сацыяльная інфраструктура (дзіцячы сад, школа, бальніца, аптэка, пошта), плюс чатыры разы на дзень ха­дзіў аўтобус у Гродна. А кірмаш які быў вялікі! Канечне, архітэктурнымі дамінантамі былі царква і касцёл. Першапачаткова не планаваў тут заставацца, а ў выніку ўжо 37 гадоў жыву, працую і з’язджаць з Лунна не планую.

Ганарацца малой радзімай і луннескія вучні. Яны адзнача­юць не толькі каларытнасць населенага пункта, але і яго багатую гісторыю. Са старонкамі мінулага іх рэгулярна знаёмяць педагогі на класных гадзінах, падчас экскурсій у школьным музеі і па вуліцах Лунна. А больш цікавымі, інфарматыўнымі гэтыя экскурсіі робяць звесткі з грунтоўнага краязнаўчага даследавання “Лунна і ваколіцы са старажытных часоў да нашых дзён”, праведзенага сямейнай парай педагогаў — намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Лунненскай школы Ірыны Мікалаеўны і выкладчыка Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Станіслава Алёйзавіча Сільвановічаў. Любоў да малой радзімы, павага да Айчыны часта становяцца тэмамі сустрэч настаяцеля праваслаўнага храма айца Аляксандра Свістуна з настаўнікамі, вучнямі і бацькамі.

Непарыўная сувязь

Як справядліва адзначылі падчас нашай размовы педагогі-края­знаўцы, гісторыя праваслаўя непарыўна звязана з гісторыяй малой радзімы. Сапраўды, вывучэнне храмаў, жыцця прыходаў дазваляе лепш зразумець мінулае і паспяхова ствараць будучыню.

 

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: