РУС БЕЛ ENG 中文

Урокі на экалагічнай сцежцы. Як у зэльвенскай школе № 3 фарміруюць экалагічнае мысленне навучэнцаў

06.03.2025

Яшчэ ў 2016 годзе, калі дырэктар сярэдняй школы № 3 Зэльвы Кацярына Ігнатавец працавала настаўніцай біялогіі, разам з калегамі арганізавала экалагічную сцежку. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Ужо на пасадзе кіраўніка ўстановы распрацавала два праекты, дзякуючы якім урокі, а таксама экскурсіі сталі больш актыўна праводзіцца на адкрытым паветры. Свае праекты Кацярына Вацлаваўна прадставіла ў снежні мінулага года на рэспубліканскім конкурсе творчых работ у НАН Беларусі. За стварэнне экалагічнай сцежкі “Дзівоснае побач”, распрацоўку і інфармацыйнае забеспячэнне экалагічных маршрутаў па тэрыторыі Зэльвенскага раёна атрымала дыплом фіналіста ў намінацыі “Беражлівыя адносіны да прыродных рэсурсаў і захаванне біялагічнай разнастайнасці”.

— Экалагічная сцежка — гэта вучэбна-эксперыментальная лабараторыя школы ў прыродных умовах. Яе стварэнне дазваляе арганізаваць сістэму экалагічнага выхавання навучэнцаў і павысіць якасць адукацыі. Уключаныя ў маршрут аб’екты ўяўляюць цікавасць у біялагічных і экалагічных адносінах дзякуючы разнастайнасці ландшафтаў, біяцэнозаў, наяўнасці некаторых рэдкіх відаў жывёл і раслін, — адзначыла Кацярына Вацлаваўна.

Дзівоснае сапраўды побач, трэба толькі звярнуць увагу і, што вельмі важна, прыцягнуць да гэтага хлопчыкаў і дзяўчынак.

Працягласць экасцежкі — 29 км. Яна выкарыстоўваецца для правядзення экскурсій, урокаў на адкрытым паветры, збору гербарыяў, пладоў і насення, грыбоў і лішайнікаў, насякомых, прэ­снаводных ракападобных, малюскаў і іншых бесхрыбетных. Сабраны матэрыял можа прымяняцца на ўроках і дадатковых занятках.

Педагог выбрала найбольш цікавыя 12 аб’ектаў раёна і спланавала чатыры экалагічныя маршруты, потым дабавіліся яшчэ два маршруты. Сярод аб’ектаў, якія школьнікі змо­гуць наведаць, — рэспубліканскі біялагічны заказнік “Медухава”, дзе прадстаўлена вялікая разнастайнасць птушак, тры помнікі прыроды. Жамчужына экскурсіі — Зэльвенскае вадасховішча, а таксама тры маляўнічыя возеры.

З планам экалагічнай сцежкі, размяшчэннем і назвамі станцый можна азнаёміцца ў кабінеце біялогіі. У планах — выраб дарожных знакаў для абазначэння сцежкі, а таксама стэндаў. Пішуцца тэксты экскурсій, разлічаных на розныя поры года і на розны ўзрост навучэнцаў.

— Разнастайнасць флоры і фаўны экалагічнай сцежкі дазваляе праводзіць тэматычныя экскурсіі практычна па любых тэмах біялогіі, а таксама геаграфіі. Стан жывой прыроды на станцыях мяняецца ў залежнасці ад пары года. Адны аб’екты расліннага і жывёльнага свету можна ўба­чыць вясной, іншыя — летам ці восенню, што ўлічана пры наведванні сцежкі дзецьмі. Рэалізацыя праекта дазво­ліць сфарміраваць у навучэнцаў экалагічны светапогляд, прыцягнуць іх да сацыяльнай актыўнасці ў вырашэнні пытанняў абароны навакольнага асяроддзя, экалагічна правільных паводзін, — расказала Кацярына Ігнатавец.

 У школе таксама аднавілі работу школьнага лясніцтва, якім кіруе настаўніца геаграфіі Таццяна Сцяпанаўна Бруй.

— Стваралася лясніцтва больш як 15 гадоў назад, — успамінае педагог. — З таго часу мы рэгулярна прымаем удзел у пасадцы саджанцаў, у акцыі “Чысты лес”, дапамагаем прыбіраць лесапаркавую зону каля Зэльвенскага вадасховішча. Удзельнічаем у конкурсах экалагічнай накіраванасці, абласным экалагічным злёце. У 2024 годзе занялі 1-е месца ў раённым конкурсе “Сцяжынкамі Бацькаўшчыны”. На канферэнцыі даследчых работ “Хрустальная Альфа” ў 2023 годзе атрымалі дыплом III ступені. У 2025 годзе — дыплом I ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу дзіцячых навукова-практычных праектаў эколага-біялагічнай тэматыкі “Празрыстыя хвалі Нарачы”. Наладжана цеснае супрацоўніцтва са Слонімскім лясгасам і Зэльвенскім лясніцтвам. Спецыялісты праводзяць для нашых навучэнцаў заняткі экалагічнай накіраванасці і прафарыентацыйныя экскурсіі, удзельнічаюць у школьных мерапрыемствах, экалагічным тыдні.

Ёсць ва ўстанове адукацыі і свой вучэбна-доследны прышкольны ўчастак, дзве цяпліцы. Створана вытворчая брыгада. А ў 2020 годзе пасадзілі яшчэ і сад.

Яблыні, грушы, персікі цяпер радуюць багатым ураджаем. Да таго ж сад упрыгожвае школьную тэрыторыю, як і вялікая колькасць кветак, вырашчаных сваімі сіламі.

— Участак — добрая дапамогаў у нашай дзейнасці, — адзначыла настаўніца біялогіі Святлана Аляксееўна Клімчук. — Вырошчваем не толькі расаду кветак і агародніны, але і лекавыя, дэкаратыўныя расліны. Усё гэта дапамагае пры правядзенні ўрокаў, дзеці могуць самі ўсё ўбачыць, далучыцца да прыроды. У маладым садзе асвойваем догляд пладовых дрэў. У зімовы перыяд не забываем пра птушак. Як класны кіраўнік імкнуся фарміраваць экалагічнае мысленне навучэнцаў у выхаваўчай рабоце і, безумоўна, на ўроках біялогіі. Важныя розныя віды дзейнасці: арганізацыя экскурсій, удзел у навукова-даследчых, у тым ліку эколага-біялагічных, канферэнцыях, акцыях.

У апошнія гады выпускнікі сярэдняй школы № 3 Зэльвы ўсё часцей выбіраюць эколага-біялагічны профіль, медыцынскія спецыяльнасці. Дзякуючы мэтанакіраванай рабоце педагогаў, у іх сфарміравалася экалагічнае мысленне.

 

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: