На другой пазіцыі ў вобласці
05.03.2025
Дзятлаўскі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па выніках конкурсу на лепшую арганізацыю работы ў 2024 годзе стаў другім сярод установаў дадатковай адукацыі Гродзеншчыны.
Як удалося ўвайсці ў тройку абласных лідараў, расказала дырэктар установы Таццяна Ваніслаўчык:
– Калектывам ажыццяўляецца пастаянная работа па абнаўленні зместу адукацыйнай прасторы, яе трансфармацыі і развіцці. Трымаем курс на высокую якасць і эфектыўнасць дадатковай адукацыі, яе даступнасць для ўсіх катэгорый навучэнцаў. У сувязі з гэтым сістэматычна абнаўляем спектр адукацыйных паслуг, пашыраем іх формы. Вынікова ўстанова працуе па напрамках патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі, развіцці творчых і інтэлектуальна-даследчых здольнасцяў навучэнцаў. Штогод функцыянуюць 80-90 аб’яднанняў па інтарэсах, дзе займаюцца каля 900 навучэнцаў, а масавыя мерапрыемствы нашай установы за год аб’ядноўваюць больш за паўтары тысячы школьнікаў і моладзі.
У ліку вядучых кірункаў дзейнасці – рознабаковае развіццё асобы, прафарыентацыя, добраахвотніцкі рух, інклюзіўныя працэсы ў дадатковай адукацыі. Запатрабаванымі з’яўляюцца такія аб’яднанні па інтарэсах, як робататэхніка, кіберспорт, камп’ютарная графіка і анімацыя, выяўленчае мастацтва, спорт, падрыхтоўка да ваеннай службы, творчая дзейнасць у асяроддзі праграмавання Scratch, арт-блогінг.
Навучэнцы цэнтра становяцца пераможцамі і прызёрамі конкурсаў, фестываляў, грамадска значных мерапрыемстваў рознага ўзроўню, сярод якіх – рэспубліканскія выставы-конкурсы “Калядная зорка”, “Прывітанне, свет!”, “АрхНавацыя”, рэспубліканскі агляд інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, абласныя этапы турніраў па робататэхніцы, іншыя. Нядаўна наша ўстанова стала пераможцай абласнога этапу конкурсу па распрацоўцы эмблемы прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у органах ЕАЭС.
З 2024 года ідзе актыўная работа па атрыманні аб’яднаннем па інтарэсах мастацкай творчасці “Перспектыва” звання ўзорнага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь. У снежні ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі была арганізавана выстава іх работ.
Свой вопыт работы наш цэнтр дэманстраваў на рэспубліканскіх метадычных пляцоўках, у “Настаўніцкай газеце”, на інфармацыйных тэлеканалах АНТ, “Беларусь-1”. У конкурсе прафмайстэрства сярод педагогаў установаў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Гродзенскай вобласці “Якасць – шлях да поспеху” дыпломам другой ступені адзначаны педагог Роберт Асіпук.
На працягу многіх гадоў наш цэнтр з’яўляецца рэсурснай базай для паспяховай работы вучнёўскай палаты моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў і раённага савета ГА “БРПА”. Апошні неаднаразова прызнаваўся адным з лепшых на абласным і рэспубліканскім узроўнях, моладзевы парламент дзяліўся эфектыўным вопытам работы на сёмай сесіі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў 28-га склікання. Каардынатар іх дзейнасці Ірына Мішчанка летась адзначана нагрудным знакам “Ганаровы піянер Беларусі”.
Ініцыятыва па стварэнні на базе Дзятлаўскага раённага ЦДАДіМ музея дадатковай адукацыі і дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў стала пераможцам ІІ сезона Рэспубліканскага конкурсу моладзевых ініцыятыў і атрымала грант на рэалізацыю.
Цяпер мы паспяхова рэалізуем такія маштабныя праекты, як “Цяпліца” моладзевых ініцыятыў”, “Моладзевы медыяцэнтр “КУБ”, вопыт работы якіх прадстаўлялі на абласным этапе ХХІ рэспубліканскай навукова-метадычнай выставы, а таксама – інавацыйны праект “Укараненне мадэлі развіцця кампетэнтнасці педагогаў у фарміраванні нацыянальнай ідэнтычнасці навучэнцаў”.
Згодна з рашэннем рэспубліканскай навукова-метадычнай секцыі, з 2025 года нашай установе прысвоены статус апорнай пляцоўкі Рэспубліканскага метадычнага кластара ў інавацыйнай галіне “Падтрымка дзіцячых і моладзевых ініцыятыў”.
Источник: https://diatlovonews.by