Юныя ўдзельнікі тэатра «Благаславенне» з Красненскай сярэдняй школы ставяць спектаклі пра вечныя каштоўнасці
03.03.2025Батлеечны тэатр «Благаславенне» Красненскай сярэдняй школы Карэліцкага раёна адыгрывае важную ролю ў духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Батлеечны тэатр дзейнічае ў школе даўно. Новы імпульс ён атрымаў тры гады назад, калі кіраўніком стала выхавальніца Валянціна Арабей. Чалавек творчы, яна захапіла дзяцей. Стварэнне лялек сваімі рукамі, напісанне сцэнарыяў і рэпетыцыі п’ес — усё гэта захапляе хлопчыкаў і дзяўчынак. А якія эмоцыі яны адчуваюць падчас паказу! Асабліва калі бачаць захопленыя вочы гледачоў, іх шчырыя апладысменты, чуюць удзячныя словы пасля спектакля.
— Калі дырэктар школы прапанавала стаць кіраўніком тэатра, з радасцю ўзялася за справу, бо мне гэта вельмі блізка, я вырасла ў рэлігійнай сям’і, — расказвае Валянціна Аляксандраўна. — І ўсё неяк адразу атрымалася. Пашыла лялькі, а ў тэатральную трупу запрасіла дзяцей, якія былі ў маёй групе прадоўжанага дня. Пачалі рэпеціраваць, дзецям падабаецца сюды хадзіць, і бацькі дапамагаюць. Ды і я ад гэтай работы атрымліваю вялікае задавальненне. Калісьці ў дзяцінстве марыла стаць актрысай, цяпер праявіла сябе як кіраўнік школьнага тэатра. Зараз у тэатральнай трупе 7 чалавек — навучэнцы 5—7-х класаў. Мае першыя выхаванцы выраслі, на змену ім прыйшлі іншыя.
Першапачаткова традыцыйныя батлеечныя п’есы былі пастаўлены ў цеснай узаемасувязі з Беларускай Праваслаўнай Царквой. Склалася добрая традыцыя ставіць такія спектаклі да свята Нараджэння Хрыстова. З часам сумесна з настаяцелем храма Святых апосталаў Пятра і Паўла Карэліч сталі арганізоўваць выязныя калядныя пастаноўкі.
— Станоўчы вопыт работы педагагічнага калектыву па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў дазволіў нам паспяхова ўключыцца ў рэалізацыю рэспубліканскага інавацыйнага праекта «Укараненне мадэлі выкарыстання драматызацыі як сродку духоўна-маральнага развіцця вучняў (на прыкладзе традыцыйнага беларускага тэатра «Батлейка»)». У рамках праекта працуем другі год, — расказала дырэктар Красненскай сярэдняй школы Наталля Бурак.
У першы год вырашылі даць батлеечнаму тэатру назву «Благаславенне». Тады і была сабрана пастаянная трупа акцёраў. Да рэпертуару батлейкі дабавіліся спектаклі «Гісторыя каляднай ялінкі», «Любоў мацнейшая за ўсё», «Дабравешчанне Прасвятой Багародзіцы», «Велікодная гісторыя пра Уваскрэсенне Хрыстова». Пастаноўкі сталі прысвячаць розным праваслаўным святам, ставіць п’есы са свецкай духоўна-маральнай праблематыкай.
У работу тэатра актыўна ўключыліся бацькі дзяцей і настаяцель храма в. Шчорсы Навагрудскага раёна айцец Дзімітрый Пачобут. У сумеснай дзейнасці дзяцей і дарослых ствараюцца лялькі для спектакляў, дэкарацыі, вызначаецца рэпертуар, наладжваюцца кантакты з сацыяльнымі партнёрамі. Традыцыйным стала правядзенне выязных калядных сустрэч з прыхаджанамі цэркваў у в. Заполле і ў г. п. Карэлічы. Штогод тэатр прымае ўдзел у рэспубліканскіх дабрачынных акцыях «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы», у раённым конкурсе «Хрыстаславы». З 2024 г. наладжана цеснае супрацоўніцтва з Навагрудскім сястрыцтвам у гонар святога Іаана Багаслова.
— З дапамогай «Батлейкі» нам удалося далучыць навучэнцаў да актыўнай сацыяльнай і валанцёрскай дзейнасці, удзелу ў мерапрыемствах сумесна з Беларускай Праваслаўнай Царквой. Да таго ж батлеечныя паказы падабаюцца як дзецям, так і дарослым. Не меншае задавальненне атрымліваюць і маленькія акцёры, усведамляючы, што яны дораць радасць людзям, — адзначыла Наталля Бурак.
Вопыт школы ў гэтым напрамку быў абагулены па тэме «Сістэмны падыход да духоўна-маральных каштоўнасцей». Яго аўтарамі выступілі дырэктар Красненскай сярэдняй школы Наталля Бурак, намеснік па выхаваўчай рабоце Юлія Скварада, педагог Валянціна Арабей і іерэй Дзімітрый Пачобут. Гэтая работа ў 2024 г. была намінавана на прэмію імя Героя Беларусі мітрапаліта Філарэта і ўдастоена дыплома I ступені.
Источник: https://nastgaz.by