Выйшаў у пракат анімацыйны фільм аб дзяржаўных сімвалах і святах
28.02.2025У мінскім кінатэатры «Піянер» адбылася прэм’ера анімацыйнага фільма «Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. Каляндар свят». Адначасова паказ мультфільма стартаваў па ўсёй краіне, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Прэзентуючы стужку, рэжысёр ігравога і анімацыйнага кіно Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Алена Турава расказала, што над праектам на працягу года працавала вялікая творчая каманда. У ліку рэжысёраў-пастаноўшчыкаў — Канстанцін Андрушачкін, Ірына Тарасава, Таццяна Нагорская, Наталля Касцючэнка. У 2024 г. на ХХХ Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад» карціна была ўдастоена дыплома «За адкрытую і патрэбную размову з падрастаючым пакаленнем».
Фільм прызначаны для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, складаецца з шасці эпізодаў. У іх проста і даступна на мове анімацыі расказваецца пра дзяржаўныя святы, а таксама тлумачыцца значэнне дзяржаўных сімвалаў нашай краіны. Аўтары праекта даносяць інфармацыю ад імя галоўных герояў стужкі — прадстаўнікоў старэйшых пакаленняў мнагадзетнай сям’і. Бацькі і дзядуля расказваюць дзецям і ўнукам аб значэнні і важнасці такіх свят, як Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці, Дзень народнага адзінства. Падчас прагляду карціны маленькія гледачы могуць азнаёміцца з новымі фактамі пра сцяг, герб і гімн нашай краіны. У мультфільме проста і зразумела расказваецца, чаму наш сцяг мае такія колеры і такі арнамент. Дзеці даведаюцца пра вядомыя мясціны сталіцы і рэгіёнаў, азнаёмяцца з культурай брацкіх народаў Расіі і Беларусі. Асноўныя акцэнты ў анімацыйнай карціне зроблены на дружалюбнасці, захаванні гістарычнай праўды, зберажэнні традыцый.
Начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірына Дрыга выказала спадзяванне, што мультфільму наканавана доўгае і паспяховае пракатнае жыццё. Спачатку навінку пакажуць кінатэатры і кінаперасоўкі. У далейшым ёсць задума падзяліць стужку на часткі і паказваць фрагменты перад кінасеансамі з нагоды значных дат.
Эпізод фільма, прысвечаны Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які адзначаецца 15 сакавіка, будзе запатрабаваны ўжо ў самым хуткім часе. Дзякуючы яму маленькія гледачы ў даступнай і займальнай форме даведваюцца, што Канстытуцыя — галоўны дакумент краіны, у якім прапісаны ўсе правы і абавязкі, ускладзеныя на кожнага грамадзяніна. Такім чынам у педагогаў ёсць добрая магчымасць праз фільм пагаварыць з дзецьмі аб значэнні аднаго з найважнейшых дзяржыўных свят.