Тыдзень Роднай мовы ў Дзіцячым садзе г.п.Мір
21.02.2025Тыдзень Роднай мовы ў Дзіцячым садзе г.п.Мір заўсёды з’яўляецца яркай і запамінальнай падзеяй. Не стаў выключэннем і гэты, які прайшоў з 17 па 21 лютага 2025 года.
Агульны цёплы, душэўны настрой надаў усяму Тыдню першы дзень, які прайшоў пад назвай «Беларусь літаратурная». Увесь дзень праходзіла акцыя «Маё любімае слова па-беларуску». Самымі папулярнымі словамі, якімі падзяліліся ўдзельнікі, былі: матуля, бацька, краіна, шчасце, суніцы, валошкі. У другой палове дня было арганізавана мерапрыемства «Літаратурнае падарожжа». Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем слухалі на роднай мове забаўлянкі, вершы, беларускiя народныя казкі. У кожнай групе выхавальнікі дашкольнай адукацыі арганiзавалі для дзяцей мiнi-выставы ў кнiжным кутку «Беларускiя народныя казкi».
Тэма другога дня «Беларусь культурная». У гэты дзень выхавальнік дашкольнай адукацыі Піскун В.А. падрыхтавала для дзяцей сярэдняй групы інтэграванага навучання і выхавання экскурсію ў этнаграфічны куток «Беларуская хатка». Дзеці пазнаёміліся з бытам, традыцыямі і культурай нашых продкаў. Самі паспрабавалі пакарыстацца рэчамі таго часу. Без мінулага няма будучыні, трэба захоўваць памяць аб прошлым, каб лепш цаніць цяперашні час.
Трэці дзень «Беларусь сінявокая» дадаў новых фарбаў Тыдню роднай мовы. У дзіцячым садзе адбылася цікавая квэст-гульня для дзяцей старэйшага ўзросту «Мая чароўная Беларусь!», якую падрыхтавалі выхавальнікі дашкольнай адукацыі Нарбутовіч Л.І. і Піскун В.А.
У ходзе мерапрыемства дзеці здзейснілі цікавае падарожжа па нашай краіне. На кожным прыпынку яны выконвалі розныя творчыя заданні, успомнілі дзяржаўныя і прыродныя сімвалы Рэспублікі Беларусь, прадэманстравалі веданне беларускіх казак. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненем адгадвалі загадкі, адказвалі на пытанні, гулялі ў гульні. Падарожжа па роднай зямлі дало магчымасць яшчэ раз адчуць і зразумець, што мы жывем у цудоўнай і непаўторнай краіне.
Чацвёрты дзень прайшоў пад назвай «Беларусь спартыўная». У ходзе інтэрактыўнай віктарыны «Беларусь алімпійская» дзеці пазнаёміліся з вядомымі беларускімі спартсменамі. Завяршэннем дня стаў «Вянок беларускіх гульняў». Выхаванцы з задавальненнем гулялі ў «Шэрага ката», «Змейку» і «Сляпога музыканта».
Своеасаблівым фіналам тыдня, які прайшоў пад назвай «Беларусь музычная», стаў музычны кактэйль: «Зайграй жа, дударочку», дзе дзеці малі магчымасць паіграць на народных музычных інструментах, «Карагод беларускіх танцаў» («Лянок», «Трасуха», «Весялуха»), «З вуснаў беларускага фальклору» у ходзе якога выхаванцы развучвалі творы беларускага фальклору.
Гучна, весела, цікава і пазнавальна прайшоў Тыдзень роднай мовы. Усе мерапрыемствы былі накіраваны на раскрыццё прыгажосці беларускага слова, багацця і разнастайнасці моўных сродкаў, выхаванне жадання карыстацца беларускай мовай.