РУС БЕЛ ENG 中文

100 радкоў пра калегу. Алена Іосіфаўна Пазнанская ў кожную справу ўносіць адметнасць, усяляе ўпэўненасць у поспеху

21.02.2025

Добраму педагогу ўласцівы дзве якасці — добрыя веды і добрае сэрца. Менавіта такім настаўнікам з’яўляецца Алена Іосіфаўна Пазнанская, з якой мне пашчасціла працаваць побач, пераймаючы яе вопыт і захапляючыся душэўнай шчодрасцю і чалавечай мудрасцю.

Алена Іосіфаўна — выдатны педагог, які аддае вучням усе свае веды, укладвае ў іх душу. З вялікай удзячнасцю выпускнікі ўспамінаюць урокі матэматыкі, з якіх не хацелася сыходзіць, бо яны заўсёды былі цікавымі і займальнымі, спакойны голас настаўніцы, прыгожую, чыстую беларускую мову.

Нарадзілася Алена Іосіфаўна ў вёсцы Лявонавічы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Вялікую ролю ў яе паступленні ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага адыграла настаўніца матэматыкі Ганна Станіславаўна Урбан, якая працавала ў Лявонавіцкай сярэдняй школе, дзе вучылася наша гераіня.

Хачу адзначыць, што Алена Іосіфаўна свой працоўны шлях пачала ў нашай Гара­дзечненскай сярэдняй школе Навагрудскага раёна і мае адзіны запіс у працоўнай кніжцы, які датуецца 1989 годам: “Прынята настаўнікам матэматыкі”. Адно месца працы ад пачатку педагагічнай дзейнасці і да дасягнення пенсіённага ўзросту (у снежні 2024 года настаўніцы споўнілася 58 гадоў). Думаю, што гэтым можа пахваліцца не кожны.

У Алены Іосіфаўны з лёгкасцю атрымліваецца ўсё, за што яна бярэцца, ці то гэта ўрокі, ці то пазакласная дзейнасць. Яна ўсё паспявае, у кожную справу ўносіць адметнасць, усяляе ў калег упэўненасць у поспеху. Алена Іосіфаўна — педагог вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Пятнаццаць гадоў яна з’яўлялася кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў матэматыкі. Яна заўсёды ў курсе ўсіх педагагічных навінак, шчодра дзеліцца з калегамі сваім вопытам, асабліва з маладымі, умее прыцягнуць і ўтрымаць увагу калег, таму што размаўляе з імі на роўных, заўсёды сумленна і шчыра. Побач з ёй зараджаешся энергіяй і атрымліваеш каласальны зарад ба­дзёрасці.

Вучні Алены Іосіфаўны пастаянна ўваходзяць у лік пераможцаў і прызёраў прадметных алімпіяд, навукова-даследчых канферэнцый, творчых конкурсаў. Яна пад­рыхтавала да самастойнага, дарослага жыцця не адно пакаленне дзяцей. Яе выпускнікі паспяхова працуюць у самых розных сферах дзейнасці.

Алена Іосіфаўна — не толькі высакакласны педагог, але і цудоўная жанчына, якая выпраменьвае энергію і дабрыню, любячая, клапатлівая маці і бабуля, гасцінная гаспадыня.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: