Навучэнцы Ашмянскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі сталі пераможцамі “Каляднай зоркі”
11.02.2025З чарговай перамогай вярнуліся навучэнцы Ашмянскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі з рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Калядная зорка”.
Наведвальніцы ўзорнай студыі “Чароўны куфэрак” аб’яднання па інтарэсах “Дызайн адзення” Яўгенія Палсцюк і Паліна Селятыцкая атрымалі дыплом другой ступені ў намінацыі “Навагодні касцюм”. Сваю задуму – касцюм Казы – дзяўчынкі ажыццявілі пад кіраўніцтвам педагогаў Наталлі Вайцяхоўскай і Тамары Кетрыс.
На гэтым прэстыжным рэспубліканс-кім конкурсе Ашмянскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі паспяхова заяўляе аб сабе на працягу адзінаццаці год. Фіналу творчага іспыту папярэднічае абласны этап, адкуль ашмянцы заўсёды вяртаюцца з дыпломамі. На гэты раз юныя творцы занялі на ўзроўні вобласці тры першыя месцы і тры — другія.
У намінацыі “Жывёльны свет Беларусі” першае месца прысуджана навучэнцы ўзорнай студыі “Чароўны куфэрак” Ксеніі Міхневіч. Яшчэ адну перамогу атрымала таленавітая вучаніца педагога Наталлі Ромаш у намінацыі “Навагодні персанаж”. Дыпломам першай ступені адзначана навагодняя цацка “Касманаўты” Арцёма Суровіча і Аляксандра Міхневіча, якія з вялікім задавальненнем наведваюць заняткі Наталлі Вайцяхоўскай.
Другое месца на абласным этапе заваяваў вышэйзгаданы касцюм Казы. Яшчэ адзін дыплом другой ступені атрымалі Арына Літвіновіч і Дар’я Міхайлоўская, якія наведваюць аб’яднанне па інтарэсах “Дызайн цацкі”. Пад кіраўніцтвам Ірыны Юнашкі дзяўчынкі не толькі асвойваюць розныя тэхнікі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, але і знаёмяцца з абрадамі і традыцыямі сваіх продкаў. Сёлета дзяўчынкі сталі прызёрамі ў намінацыі “Зімовыя святы”, выканаўшы работу пад назвай “Каляды”. Яшчэ адзін дыплом другой ступені ў намінацыі “Беларуская зіма” дастаўся Маргарыце Патрэпцы, якая ва ўзорнай студыі “АртМір” разам з педагогам Наталляй Шыдлоўскай паглыбляецца ў рознакаляровыя фантазіі баціка. Работа “Зімовая раніца” таму пацвярджэнне.
Источник: https://www.osh.by