РУС БЕЛ ENG 中文

Как развивается волонтерское движение в средней школе г.п. Мир имени А.И. Сташевской

10.02.2025

Валанцёрства — выдатная магчымасць праявіць дабрыню, спачуванне і адказнасць, а таксама навучыцца працаваць у камандзе. Каманда валанцёраў “Міласэрнасць” з сярэдняй школы г.п. Мір імя Г.І. Сташэўскай аб’ядноўвае рабят розных узростаў, захапленняў і інтарэсаў. У студзені па выніках рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года — Добрае Сэрца” мірскія валанцёры атрымалі Падзяку Міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь як актыўны атрад, які прыняў удзел у рэспубліканскай акцыі для людзей залатога ўзросту “Ад усёй душы”. Карэспандэнт “Полымя” накіраваўся ў Мір і пагутарыў з педагогам-арганізатарам Таццянай Пілецкай, якая і ўзначальвае атрады валанцёраў і цімураўцаў.

Валанцёрскі атрад «Міласэрнасць» заўжды гатовы прыйсці на дапамогу

— У атрад цімураўцаў уваходзяць дзеці, якія вучацца ў пятым-восьмым класах, — расказвае Таццяна Андрэеўна. — Больш старэйшыя дзеці становяцца валанцёрамі. Нягледзячы на тое, што наш пасёлак невялікі, у ім — вялікі фронт работы. Нашы падшэфныя — гэта састарэлыя і адзінокія людзі, пастаяльцы аддзялення сястрынскага догляду ў Мірскай гарпасялковай бальніцы, дзеткі з інваліднасцю, ветэраны педагагічнай дзейнасці. Усім патрэбна дапамога і, самае галоўнае, — увага.

Валанцёры гатовы прыйсці на выручку ў любы момант. Звычайна за кожным пажылым чалавекам замацаваны асобныя рабяты, і ў іх падшэфнага ёсць нумар тэлефона гэтых дзяцей, ім могуць патэлефанаваць і папрасіць нешта зрабіць, да прыкладу, схадзіць у аптэку па лекі альбо пачысціць сцежкі ад снегу. Валанцёры з задавальненнем гэта робяць у вольны ад заняткаў час.

Цікаўлюся, што прыцягвае дзяцей да валанцёрскага руху.

— Гэта вельмі прыемна — рабіць людзям дабро, — адказвае адзінаццацікласніца Арына Мікула. — Да таго ж, калі бачыш агеньчыкі ў вачах людзей, якім дапамагаеш, атрымліваеш зарад добрага настрою. Вельмі часта нашым падапечным, асабліва тым, хто пражывае адзін, неабходна простая чалавечая ўвага. У знак падзякі яны расказваюць цікавыя гісторыі аб сваім жыцці, даюць карысныя парады.

Збор падарункаў для падшэфных

У рамках акцыі “Ад усёй душы” валанцёры наведвалі аддзяленне сястрынскага догляду Мірскай гарпасялковай бальніцы, падрыхтавалі канцэрт, прынеслі для наведвальнікаў аддзялення падарункі — самае неабходнае, аб чым прасілі медыцынскія работнікі. Перад гэтым рабяты з малодшых класаў рабілі сваімі рукамі навагоднія цацкі, якія былі перададзены работнікам бальніцы і ўпрыгожылі калідоры і фае ўстановы аховы здароўя. Кожнага наведвальніка аддзялення павіншавалі з навагоднімі святамі і Калядамі, а тых, хто па стане здароўя не змог выйсці да валанцёраў, павіншавалі асобна ў палатах.

— Загадчыца нашай бальніцы Жанна Брант ужо ведае, калі нешта неабходна зрабіць для пастаяльцаў аддзялення, мы заўжды гатовы прыйсці на дапамогу, — кажа Таццяна Пілецкая.

Разам з педагогам-арганізатарам Таццянай Пілецкай абмяркоўваюць добрыя справы

У школе наладжана сістэма перадачы вопыту. Калі цімуравец падрастае, ён становіцца валанцёрам. Праводзяцца спецыяльныя заняткі, дзе рабят вучаць, як працаваць з малодшымі дзеткамі і пажылымі людзьмі, расказваюць гісторыю валанцёрскага руху ў Беларусі, знаёмяць з відамі валанцёрства. Добраахвотнікі бяруцца за любую справу. Так, напрыклад, ужо традыцыйнай стала акцыя “Памяняй цыгарэту на цукерку”, падчас якой рабяты выходзяць на вуліцы пасёлка і прапануюць яго жыхарам адзін са спосабаў пазбавіцца ад шкоднай звычкі. Разам са сваімі класнымі кіраўнікамі дзеці ідуць да тых, каму неабходна дапамога і робяць любую работу — могуць замяніць батарэйкі ў пульце ад тэлевізара і прыбраць галлё, якое засталося ў двары пасля таго, як спілавалі дрэва.

Яшчэ адным плюсам для ўдзельнікаў валанцёрскага руху з’яўляецца тое, што дзеці, выконваючы разам нейкую работу, вучацца працаваць у камандзе і становяцца добрымі сябрамі. Да таго ж у іх фарміруецца важны сацыяльны навык камунікацыі з людзьмі. А падшэфныя добраахвотнікаў ужо добра ведаюць, давяраюць ім і заўсёды рады бачыць іх у сваёй хаце.

Таццяна Пілецкая курыруе валанцёрскую работу ў школе амаль 30 гадоў. За гэты час выпрацавалася добрая сістэма: добраахвотнікам не трэба нагадваць аб тым, што неабходна падрыхтаваць віншавальныя паштоўкі да святаў, яны добра ведаюць сваю работу ў парках і каля помнікаў, на падворках падшэфных і ў бальніцы.

За размовай незаўважна праляцеў час, празвінеў званок на перапынак. У кабінет, дзе мы гутарым з Таццянай Андрэеўнай, зайшлі валанцёры, абляпілі настаўніцу і зашчабяталі аб нечым сваім. У вачах дзяцей гарэлі тыя самыя агеньчыкі, пра якія і расказвала Арына Мікула. Агеньчыкі дабра.

Источник: https://www.polymia.by

поделиться в: