У гімназіі № 1 Астраўца дзейнічае не проста медыяцэнтр, а сапраўдны медыяхолдынг
05.02.2025Юныя медыйшчыкі гімназіі № 1 Астраўца плануюць зняць сюжэты аб сваіх равесніках — пераможцах трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У гэтым годзе такіх тут адразу шасцёра. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Важна, каб у любым узросце чалавек бачыў перад сабой правільныя арыенціры, лепшыя вектары для работы над сабой. Якраз такімі з’яўляюцца нашы лідары алімпіяднага руху. Разам з удзельнікамі медыяцэнтра вырашылі акцэнтаваць на гэтым увагу ў тым ліку праз сумесны медыяпрадукт. Дзеці падрыхтавалі пытанні для нашых разумнікаў і разумніц і прадумваюць сцэнарыі невялікіх ролікаў, — адзначыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Лябецкая.
Стварэнне медыяцэнтра ў гімназіі № 1 Астраўца стала адным з вынікаў інавацыйнага праекта. У 2019—2022 гадах гімназія ўдзельнічала ў рэспубліканскай інавацыі па тэме “Мадэль фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў на аснове стварэння і рэалізацыі турыстычна-краязнаўчых медыяпадарожжаў”. Створаныя вучнямі сумесна з настаўнікамі медыяпадарожжы знаёмяць з каменнымі скульптурамі і святынямі Астраўца, вуліцамі райцэнтра, які актыўна развіваецца, і замкамі Гродзеншчыны, а таксама сядзібна-паркавымі комплексамі і культурна-гістарычнымі аб’ектамі, звязанымі з жыццём і дзейнасцю вядомых землякоў паўночнага раёна вобласці.
Пазней ініцыятыва гімназіі атрымала матэрыяльную падтрымку. З 2021 года ў арсенале юных медыйшчыкаў не толькі камеры і пятлічкі. Ва ўстанове адукацыі абсталявана свая тэлестудыя з храмакеем. Тут на пытанні навучэнцаў і педагогаў у розны час адказвалі госці са сталіцы, намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Пранюк і старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта.
У ліку апошніх актуальных сюжэтаў — развагі на тэму “Што я ведаю пра выбары” ў форме інтэрв’ю, дзе пытанні задае піянер гімназіі, а адказвае на іх акцябронак.
У гімназічнай відэастужцы сваё месца адведзена і важным для ўстановы адукацыі падзеям. Напрыклад, адзін з сюжэтаў прысвечаны прыёму гасцей у кастрычніку — вучняў 9 “Б” “Атамкласа” і педагогаў сярэдняй школы № 1 горада Сасновы Бор Расійскай Федэрацыі.
— Заўсёды дапамагае дзецям у ажыццяўленні іх задум ініцыятыўны і творчы педагог-арганізатар Настасся Валатоўская. А наш медыяцэнтр сёння — гэта фактычна гімназічны медыяхолдынг. Сумесна з дзецьмі мы не толькі здымаем відэасюжэты і ролікі, але і рыхтуем невялікія падкасты ў фармаце радыёвяшчання, штомесяц выпускаем газету, — дадае Вольга Тадэвушаўна.
У “Гімназічным весніку”, напрыклад, аўтарамі матэрыялаў выступаюць вучні і педагогі. Сярод пастаянных рубрык — парады школьнага псіхолага і публікацыі серыі “Аўтограф на карце малой радзімы” пра дасягненні гімназістаў і выпускнікоў. Прычым у дынамічнай вёрстцы выдання сур’ёзны падыход да справы праглядаецца ва ўсім. Нават выхадныя даныя аформлены як у сучаснай перыёдыцы — з указаннем адказных за выпуск.
— Друкаваны варыянт газеты заўсёды на вачах у вучняў. Акрамя таго, усе нумары нашага штомесячніка можна пагартаць у электроннай версіі на сайце ўстановы адукацыі, — звяртае ўвагу Вольга Лябецкая.
Асобны блок работы і разам з тым адметная рыса медыяцэнтра гімназіі — падкасты. Гэта спецыяльна зманціраваныя і аформленыя інтэрв’ю ці размова некалькіх чалавек. Аўдыязапісы такога фармату — вынік праекта “Гімназія ў патоку падзей”, які быў запушчаны тут яшчэ ў 2020 годзе.
— Непасрэднае ўвасабленне гэтай ідэі пачалося з сумеснага праекта БРСМ і радыё “Пілот FM”, у рамках якога нашу гімназію наведаў адзін з радыёвядучых сталіцы. Для гімназістаў тады правялі майстар-клас, падчас якога былі раскрыты сакрэты выпуску падкастаў. А важным вынікам той сустрэчы сталі падрыхтаваныя прафесіяналамі перабіўкі, на аснове якіх нашы юныя медыйшчыкі манціруюць запісы па сённяшні дзень, — расказвае Вольга Тадэвушаўна.
З дапамогай падкастаў у гімназіі інфармуюць навучэнцаў і іх бацькоў аб бяспечных і адказных паводзінах, праблемах выхавання і асаблівасцях канструктыўнага і гарманічнага ўзаемадзеяння паміж людзьмі. Героямі такіх запісаў станавіліся, напрыклад, педагог-псіхолаг, урач-нарколаг, прадстаўнікі РАУС. Невялікія па сваёй працягласці дыялогі са спецыялістамі — да дзесяці хвілін — распаўсюджваюцца ў школьных чатах, спасылка размяшчаецца і на сайце ўстановы. А фарміруюць пытанні для суразмоўнікаў непасрэдна ўдзельнікі гімназічнага медыяцэнтра, які сёння аб’ядноўвае каля 20 вучняў рознага ўзросту.
— Не заўсёды запісы такога фармату носяць прафілактычны характар. Сярод праслуханых найбольшую колькасць разоў, напрыклад, быў падкаст з сям’ёй педагогаў гімназіі Таццяны Валянцінаўны і Леаніда Віктаравіча Казак да Міжнароднага дня сям’і, — удакладняе суразмоўніца.
Дарэчы, школьныя медыйшчыкі праяўляюць актыўнасць не толькі ў рамках гімназічнай работы. Яны станавіліся ўдзельнікамі праграмы фармату “100 пытанняў даросламу” раённага тэлеканала з віцэ-прэзідэнтам АТ “Атамбудэкспарт” — дырэктарам праекта па будаўніцтве Беларускай АЭС Віталіем Паляніным. Аб дзяцінстве, вучобе, першых кроках у прафесію і будаўніцтве Беларускай АЭС цікавы суразмоўнік тады расказаў, адказваючы на пытанні не толькі журналістаў, але і гімназістаў.
Источник: https://nastgaz.by