8 февраля 11-классники Кореличчины будут сдавать репетиционный ЦЭ. Подробности — у Ирины Осташевич
05.02.20258 лютага для будучых выпускнікоў адбудзецца рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену. Яго мэта – максімальна адпрацаваць арганізацыйныя моманты: ад выбару навучэнцамі прадмета для рэпетыцыйнага ЦЭ, рэгістрацыі ў сістэме Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў да падвозу ў пункты правядзення экзамену, рассаджвання ў аўдыторыях, запаўнення бланкаў адказаў.
Для рабят РЦЭ – гэта і эмацыянальная падрыхтоўка, магчымасць праверыць свае веды ва ўмовах, максімальна набліжаных да іспыту. Навучэнцам трэба засяродзіцца на тым, каб паказаць вынікі навучання ў школе, а задача бацькоў — падтрымаць сваіх дзяцей.
Аб арганізацыі і правядзенні РЦЭ для навучэнцаў 11 класаў расказала начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч.
— Сёлета ў раёне 96 выпускнікоў прымуць удзел у рэпетыцыі ЦЭ. Усе яны ўжо вызначыліся з прадметамі, па якіх будуць здаваць цэнтралізаваны экзамен. Да 13 снежня ўсе навучэнцы прайшлі рэгістрацыю. Паводле яе дадзеных, выпускнікі школ раёна будуць здаваць РЦЭ па дзевяці прадметах (руская мова – 12 чалавек, беларуская мова – 18, матэматыка – 31, англійская мова – 6, грамадазнаўства – 5, хімія – 5, біялогія – 14, фізіка – 4, гісторыя Беларусі – 1).
Рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену пройдзе ў адпаведнасці з інструкцыяй аб правядзенні самога ЦЭ. Вызначаны пункт правядзення РЦЭ – гэта сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы. Створаны камісіі па падрыхтоўцы і правядзенні РЦЭ. Вызначаны 35 адказных педагогаў, якія будуць працаваць у сямі аўдыторыях, распрацаваны графікі падвозу навучэнцаў да пункта правядзення іспытаў. Калі навучэнец справіцца з заданнямі хутчэй, то на пункце правядзення экзаменаў прадугледжана асобнае памяшканне з асобным уваходам.
Экзаменацыйныя матэрыялы для правядзення рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену, як і ў будучым для самога экзамену, сфарміраваны Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў. Выпрабаванні 8 лютага пачнуцца адначасова па ўсёй краіне – у 11.00.
Источник: https://www.polymia.by